У Ізраілі зноў тэракт: мужчына з пісталетам і нажом напаў на мінакоў, адзін чалавек загінуў, яшчэ 10 параненыя
Напад адбыўся ў горадзе Беэр-Шэва за 100 кіламетраў ад Тэль-Авіва.

Напад пачаўся каля рэстарана «Макдональдс» у будынку аўтобуснай станцыі ў Беэр-Шэве. Мужчына, узброены нажом, параніў двух чалавек, уключаючы ахоўнікаў.
Праз некаторы час каля кафэ «Нееман» ён адкрыў агонь з агнястрэльнай зброі і параніў 3-4 чалавек. Затым рушыў да трэцяга месца, і там смяротна параніў дзяўчыну ва ўзросце каля 20 гадоў. Там нападніка ліквідавала, імаверна, баец памежнай службы, якая знаходзілася непадалёк, піша detaly.co.il.
У паліцыі асцерагаліся, што перад нападам тэрарыст мог пакінуць дзесьці ў будынку аўтастанцыі яшчэ і выбуховае прыстасаванне. Паліцыянты праверылі краму за крамай і знялі з відэакамер назірання запісы, каб выключыць такую рызыку. Пазней гэта асцярога была знятая.
На месцы знаходзяцца шматлікія сілы паліцыі. Паліцыя разглядае магчымасць таго, што ў тэрарыста быў саўдзельнік, які дагэтуль знаходзіцца ў раёне аўтастанцыі ў Беэр-Шэве.
Паліцыя высветліла, што нападнік быў бедуінам, грамадзянінам Ізраіля з крымінальным мінулым. Ёсць паведамленні, што ён у момант нападу быў у керамічнай бронекамізэльцы, што можа паказваць на прадуманую арганізацыю тэракту, магчыма — не адным чалавекам.
1 кастрычніка ў Яфе, гістарычным цэнтры Тэль-Авіва, тэрарысты звязаныя з ХАМАС, адкрылі агонь па людзях. Загінулі 7 чалавек, яшчэ 16 — параненыя. Тэрарысты былі забітыя. Пры нападзе пацярпеў і 27-гадовы беларус.
Каментары