«Харчразвёрстка на банкаўскім узроўні». Лойка патлумачыла, як разумець першыя заявы Галоўчанкі на чале Нацбанка
«Дастаткова дзіўным і непрыемным было ўражанне ад таго, што ён адразу заняў агрэсіўную пазіцыю ў адносінах мінімальнай нязгоды».

Кіраўніком Нацбанка некалькі тыдняў назад быў прызначаны былы прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. У новым аналітычным выпуску ТОКу эканамічная аглядальніца Вольга Лойка падзялілася сваімі ўражаннямі ад першых публічных заяваў Галоўчанкі.
Яна парадавалася, што першае выступленне чыноўніка на сустрэчы з банкірамі было прадстаўлена не ў пераказе БелТА, а ў відэафармаце. Гэта дазваляе скласці больш поўнае ўяўленне пра тое, што чалавек збіраецца рабіць.
«Уражанне на самой справе дваістае», — заўважае Лойка і тлумачыць:
«Па-першае, ён вельмі смешна пераблытаў, у якой пяцігодцы жыве. «Інвестыцыі і інавацыі» — гэта не наступная пяцігодка. Наступная пяцігодка — гэта «пяцігодка якасці».
Дастаткова дзіўным і непрыемным было ўражанне ад таго, што ён адразу заняў агрэсіўную пазіцыю ў адносінах мінімальнай нязгоды.
Яму задалі пытанне, ці будзе змякчэнне грашова-крэдытнай палітыкі, ці будзе эмісія, павелічэнне крэдытавання дзяржсектара. Атрымалі адказ, што вось «асобныя інсінуацыі…» А калі гэта шчырая нязгода? А калі гэта «я проста спытаць?». Я магу ўжо сумленна спытаць, каб гэта не назвалі інсінуацыямі? Я спытала — вы адкажыце.
Усё ж такі прафесіяналы не баяцца пытанняў. Любых. Нават калі яны не вельмі падабаюцца».
На погляд Лойкі, амаль усё выступленне Галоўчанкі перад банкірамі было пацверджаннем версіі аб тым, што эмісія будзе.
Думаць так аналітыка прымусіла тое, што апагеем выступлення стала «ўвядзенне нейкага нарматыву, паказчыка для банкаў, які будзе паказваць удзел банка ў эканамічным жыцці краіны».
«Гэтага не было ніколі (…) Плюс, трэба разумець, наша банкаўская сістэма паспяхова прададзена расійскай банкаўскай сістэме. (…)
Вы спрабуеце банкі сілком прымусіць ўкласціся ў эканоміку краіны. І прыбытак свой яны павінны аддаць. І прыбытак мацярынскага банка.
Я не вельмі ўяўляю, хто будзе паведамляць расійскім банкірам, што ад гэтай пары іх прыбытак — гэта не іх прыбытак, а тое, што яны павінны накіраваць на фінансаванне беларускай эканомікі.
Гэта нейкая харчразвёрстка на банкаўскім узроўні. Як ён будзе гэта рэалізоўваць, я не ведаю. Гэта ж не нейкія варожыя банкі, якія спрабуюць свой прыбытак заціснуць».
Глядзіце цалкам:
Каментары