Анкалітычная вірусная тэрапія — танны і эфектыўны спосаб лячэння раку
Даследаванні кітайскіх вучоных дэманструюць высокую эфектыўнасць выкарыстання анкалітычных вірусаў у барацьбе з ракавымі пухлінамі. Адна ін’екцыя коштам $140 здольная разбурыць пухліну, не пашкодзіўшы здаровых тканак, уключыць імунітэт і падоўжыць жыццё. Ці стане гэта лячэнне надзеяй для мільёнаў?

Рак застаецца адной з галоўных прычын смерці ва ўсім свеце. Апроч таго, хвароба з кожным годам атакуе ўсё больш маладых людзей.
Вучоныя распрацавалі шмат метадаў лячэння: хімія– і імунатэрапія, прамянёвая тэрапія, аператыўнае ўмяшанне, а ў апошняе дзесяцігоддзе — і перадавая CAR-T-тэрапія, пры якой у арганізм уводзяцца мадыфікаваныя Т-клеткі, што самі шукаюць і знішчаюць пухліну. Але ўсе гэтыя метады маюць сур’ёзныя абмежаванні.
Хіміятэрапія часта знішчае не толькі ракавыя, але і здаровыя клеткі, выклікаючы цяжкія пабочныя эфекты. Імунатэрапія і асабліва CAR-T-тэрапія паказваюць добрыя вынікі, але іх кошт — дзясяткі, а то і сотні тысяч даляраў. Акрамя таго, шматлікія пухліны з часам становяцца ўстойлівымі да лекаў, муціруюць і навучаюцца абыходзіць імунную абарону.
На гэтым фоне ўсё большую ўвагу прыцягвае іншы метад — тэрапія на аснове анкалітычных вірусаў. Гэта адносна танны, тэхналагічна прасцейшы і пры гэтым эфектыўны спосаб змагацца з пухлінамі, які аб'ядноўвае прыродную сілу вірусаў і інтэлект геннай інжынерыі. І менавіта Кітай цяпер лічыцца адным з лідараў у гэтай галіне.
Як адзначае South China Morning Post, у краіне цяпер праводзіцца каля 60 клінічных выпрабаванняў гэтага метаду, які мае патэнцыял радыкальна змяніць падыход да лячэння анкалагічных захворванняў.
Што такое анкалітычны вірус?
Гэтыя вірусы можна ўявіць сабе як схаваных забойцаў. Іх мадыфікуюць у лабараторыях такім чынам, каб яны пранікалі ў пухліны, размнажаліся ўнутры ракавых клетак і разбуралі іх знутры нібы мікраскапічныя гранаты.
Акрамя таго, вірусы могуць вызваляць адмысловыя бялкі. Яны дапамагаюць імуннай сістэме распазнаваць ракавыя клеткі. У выніку арганізм вучыцца змагацца з пухлінай самастойна і знішчае тыя клеткі, што засталіся.
Анкалітычныя вірусы асабліва эфектыўныя ў тых выпадках, калі пасля аперацыі ці хіміятэрапіі ў арганізме засталіся асобныя ракавыя клеткі, — яны дапамагаюць іх знішчыць. Яшчэ адна перавага — здольнасць дзейнічаць на пухліны, устойлівыя да звыклых метадаў лячэння, бо вірусы атакуюць клеткі наўпрост. Акрамя таго, такая тэрапія зніжае рызыку рэцыдыву, бо здольная знішчаць нават ракавыя ствалавыя клеткі, якія часта становяцца прычынай вяртання хваробы.
Даследаванні ў гэтай галіне вядуцца ўжо больш за сто гадоў, але сучасныя генетычныя тэхналогіі значна пашырылі магчымасці гэтага метаду. Пакуль што ва ўсім свеце толькі пяць анкалітычных тэрапій атрымалі дазвол на выкарыстанне — пераважна ў ЗША і Японіі. Аднак кітайскія навукоўцы хутка даганяюць, прапаноўваючы інавацыйныя і даступныя па цане рашэнні.
Абнадзейваючыя вынікі
У студзені 2025 года ў навуковым часопісе Cell быў апублікаваны артыкул пра 58-гадовую жанчыну з апошняй стадыяй раку шыйкі маткі, устойлівага да лячэння. Яна, як і іншыя 19 удзельніц выпрабавання, атрымала эксперыментальную тэрапію на аснове анкалітычнага віруса, пасля чаго яе метастазы цалкам зніклі. Жанчына пражыла больш за 36 месяцаў пасля лячэння.
Каманда вучоных з Медыцынскага ўніверсітэта Гуансі выкарыстала генетычна мадыфікаваны вірус, які «маскіраваў» ракавыя клеткі пад тканкі свінні. Гэта выклікала рэакцыю гіпервострага адрынання ў пухліне — рэакцыю, якая аналагічная імуннай пры няўдалай трансплантацыі органаў.
У гэтым невялікім выпрабаванні ў 90% пацыентаў з устойлівымі да лекаў формамі раку печані, яечнікаў і лёгкіх было адзначана памяншэнне або стабілізацыя росту пухліны.
Ва ўсходнім Кітаі іншая каманда распрацоўвае першы ў свеце анкалітычны вірус, які змяшчае чатыры імунастымулюючыя цытакіны — бялкі, што перадаюць сігналы паміж клеткамі. Гэты мадыфікаваны вірус, вядомы як VG161, распрацаваны вучонымі Чжэцзянскага ўніверсітэта.
Вынікі выпрабавання на 40 пацыентах з ракам печані былі апублікаваныя ў сакавіку 2025 года ў часопісе Nature. Паводле даследавання, VG161 затармазіў рост пухліны на 65%, а таксама ліквідаваў устойлівасць да імунатэрапіі. Пацыенты, усе на позняй стадыі хваробы, дзякуючы гэтай тэрапіі пражылі ў сярэднім 17,3 месяца замест звычайных 9,4. Пры гэтым пабочныя эфекты былі мінімальныя.
Акрамя таго, анкалітычная тэрапія, вядомая як OH2, распрацаваная кампаніяй Binhui Biotechnology паказала добрыя вынікі ў лячэнні меланомы.
Як паведамляецца, і OH2, і VG161 ужо дапушчаныя да першай фазы клінічных выпрабаванняў (выпрабаванне бяспекі). Каманда вучоных з Гуансі чакае дазволу на другую (выпрабаванне эфектыўнасці) і трэцюю (маштабная праверка перад рэгістрацыяй) фазы выпрабаванняў.
Акрамя эфектыўнасці, гэты падыход мае яшчэ адну істотную перавагу — нізкі кошт і патэнцыял да масавай вытворчасці. Для параўнання: адно лячэнне CAR-T-тэрапіяй у Кітаі каштуе каля $140 тысяч. Ін’екцыі анкалітычных вірусаў абыходзяцца ўсяго ў $140, што дазваляе ўкласціся ў менш як $4200 за гадавую праграму лячэння.
Безумоўна, гэты метад мае свае цяжкасці: гаворка ідзе пра жывыя вірусы (хоць большасць з іх выклікае толькі слабыя сімптомы накшталт грыпу), і ўводзіць іх трэба непасрэдна ў пухліну, прычым часта неаднаразова. Асабліва складана данесці іх да клетак крыві, як, напрыклад, пры лейкеміі.
Тым не менш эксперты адзначаюць значны прагрэс кітайскіх даследчыкаў у галіне сістэмнага распаўсюджвання вірусаў і актывацыі імуннай сістэмы. Яны называюць гэтую тэрапію «наступнай мяжой у анкалогіі».
Каментары