ІТ-холдынг, які прывозіў Тыля Швайгера і сышоў у прастой, абяцае заплаціць камандзе — знайшоўся «буйны інвестар»
ІТ-група Blockchain Sports Ecosystem, якая на мінулым тыдні сышла ў вымушаны прастой з-за фінансавых праблем, здаецца, знайшла сродкі, каб выйсці з крызісу. Пра гэта кампанія паведаміла ў лісце супрацоўнікам, піша Devby.io.

«У выніку працяглых перамоў з ключавымі партнёрамі мы дасягнулі дамоўленасцяў з буйным інвестарам, што забяспечыць нам доўгатэрміновае фінансаванне. Першы этап пачнецца ўжо ў панядзелак. Гэта важны крок да стабілізацыі нашага бізнесу і стварэння асновы для далейшага развіцця», — гаворыцца ў лісце.
Кампанія не раскрыла іншых падрабязнасцяў перамоў, у тым ліку не назвала імёны інвестараў. Але паабяцала ўжо з 1 красавіка пачаць пагашэнне запазычанасці «перад супрацоўнікамі і контрагентамі ва ўсіх аддзелах і падраздзяленнях».
Blockchain Sports Ecosystem не выплачвае зарплаты супрацоўнікам ужо 2—3 месяцы. З 25 сакавіка ІТ-група перайшла ў вымушаны прастой.
«Мы вымушаныя прыпыніць працу ў сувязі з неабходнасцю стабілізацыі сітуацыі з арэндай памяшканняў і фінансавымі пытаннямі, у тым ліку хуткай выплатай запазычанасці па заработнай плаце», — паведаміла кампанія супрацоўнікам.
Ці скасуе кампанія сваё рашэнне аб месячным прастоі пасля знаходжання доўгатэрміновага фінансавання? Невядома. «Пакуль чакаем навін, ніякіх падрабязнасцяў няма», — пракаментаваў сітуацыю адзін з супрацоўнікаў кампаніі. Паводле іншага, каманда «вельмі разлічвае» на пагашэнне запазычанасці па зарплаце.
ІТ-група Blockchain Sports Ecosystem аб’ядноўвае некалькі каманд/кампаній/юрыдычных асоб, у тым ліку рэзідэнта ПВТ X-Labs inc. У Беларусі яна вядомая каля паўтара года.
Штат налічвае як мінімум некалькі соцень чалавек. Супрацоўнікі называлі лічбы ад 800 да 1000 чалавек, а з улікам расійскага офіса — нават больш; на старонцы Blockchain Sports у LinkedIn пазначаны дыяпазон ад 1 тысячы да 5 тысяч чалавек.
Судзячы па сайце, ІТ-група мае штаб-кватэру ў Дубаі і тры асноўныя дамены — мотаспорт, дрыфт, футбол. У лістападзе 2024 года яна прывозіла ў Беларусь акцёра Тыля Швайгера.
З пачатку гэтага года ў Blockchain Sports Ecosystem узніклі праблемыз выплатай зарплат. Па словах супрацоўнікаў, гэта звязана з сыходам асноўнага інвестара. З-за адсутнасці грошай людзей нават не могуць звольніць: іх няма чым разлічыць.
Каментары