Трамп заявіў пра зрыў пагаднення з Украінай па рэдказямельных металах
Прэзідэнт ЗША абвінаваціў Украіну ў зрыве пагаднення па рэдказямельных металах, якое, на думку амерыканскай адміністрацыі, дазволіла б вярнуць выдаткаваныя на падтрымку Кіева сродкі, піша Бі-бі-сі.

«У нас была дамова па рэдказямельных металах і іншых, але яны парушылі гэтую дамову два дні таму», — сказаў Трамп на інвестыцыйным форуме ў Маямі.
У сваім выступе Трамп працягнуў крытыку ў адрас Уладзіміра Зяленскага і заявіў, што ЗША выдаткавалі 350 мільярдаў даляраў на дапамогу Кіеву, але, у адрозненне ад еўрапейскіх краін, нічога не атрымалі наўзамен.
«У той час як ЗША нічога не атрымліваюць наўзамен, яны [Еўропа] вяртаюць свае грошы», — сказаў ён.
На пачатку лютага Трамп заяўляў, што хоча атрымаць доступ да ўкраінскіх карысных выкапняў у абмен на дапамогу Кіеву. Паводле яго, украінская «тэрыторыя мае велізарную каштоўнасць з пункту гледжання рэдказямельных металаў».
«Я хачу, каб нашы грошы былі ў бяспецы, таму што мы трацім сотні мільярдаў даляраў», — казаў Трамп.
На мінулым тыдні падчас візіту ў Кіеў міністра фінансаў ЗША Скота Бесента ўкраінскаму боку быў прадстаўлены праект пагаднення аб партнёрстве, які прадугледжвае інвестыцыі ў карысныя выкапні. Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўлады збіраюцца яго вывучыць.
СМІ паведамлялі, што на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Зяленскі адмовіўся падпісаць дакумент, згодна з якім ЗША атрымалі б 50% уласнасці на карысныя выкапні.
Пазней Уладзімір Зяленскі заявіў, што дакумент пакуль не гатовы да падпісання. «Я не даў згоду на падпісанне пагаднення, таму што яно яшчэ не гатова», — сказаў ён на мінулых выходных.
Як паведамляе Reuters у эксклюзіўным матэрыяле са спасылкай на крыніцы, Белы дом можа паспрабаваць заключыць з Украінай спрошчаную здзелку і пазней абмеркаваць падрабязныя ўмовы пагаднення.
Агенцтва таксама адзначае, што на мінулым тыдні Уладзімір Зяленскі адхіліў прапанову ЗША, паводле якой Вашынгтон атрымаў бы 50% крытычна важных мінеральных рэсурсаў Украіны, у тым ліку графіт, уран, тытан і літый.
Літый з'яўляецца ключавым кампанентам у вытворчасці акумулятараў для электрамабіляў, піша Reuters.
З візітам у Кіеве знаходзіцца спецпасланнік Трампа па Украіне Кіт Келаг, з якім Зяленскі плануе сустрэцца ў чацвер.
Адказваючы на пытанне, ці будуць амерыканскія чыноўнікі працягваць дамагацца заключэння здзелкі, адзін з дарадцаў Трампа на ўмовах ананімнасці сказаў Reuters: «Безумоўна, нам трэба вярнуць гэтага хлопца да рэальнасці».
Падрабязнасці абмеркавання магчымай здзелкі, у тым ліку інфармацыя пра тое, хто ў амерыканскай адміністрацыі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы праекта пагаднення, застаюцца невядомымі.
Джэй Дзі Вэнс пагражае Зяленскаму за кепскія словы пра Трампа
Стармер патэлефанаваў Зяленскаму і сказаў, што праводзіць выбары падчас вайны неразумна. Пры Чэрчылю — не праводзілі
Трамп назваў Зяленскага «дыктатарам без выбараў» і «сярэднім па паспяховасці комікам»
«Гэта немагчыма». Зяленскі адказаў Трампу на магчымасць правядзення зараз выбараў
Еўрапейскія спецслужбы баяцца вываду амерыканскіх войскаў з краін ЕС
Каментары