«Нечым трэба заўсёды ахвяраваць. Мне прыйшлося ахвяраваць сям'ёй»: сын Іны Афанасьевай пра павароты лёсу
Іван Стральцоў, сын народнай артысткі Беларусі Іны Афанасьевай, расказаў «Нашай Ніве» пра тое, як склалася яго жыццё ў 2020 годзе і пасля яго.

Раней Іван працаваў акцёрам у Мінску ў тэатры імя Максіма Горкага. Ён выехаў з Беларусі ў Латвію ў самым пачатку 2020 года — за сем месяцаў да чарговых выбараў і крывавага жніўня. Адразу сцвярджае, што не праз палітыку, але хутка выпраўляе сам сябе і кажа, што без палітыкі ўсё ж не абышлося. Бо, па-першае, ён ніколі не падтрымліваў Лукашэнку. А па-другое, хацеў усё ж працаваць у краіне, дзе акцёры не загнаныя ў рамкі.
— Я разумеў, што мне не хапае развіцця. Я хацеў чагосьці большага — пабачыць, як тэатр можа працаваць без абмежаванняў, як можна сапраўды выказвацца. У Мінску нас увесь час заганялі ў рамкі. Мы, напрыклад, павінны былі пытацца, ці можам выкарыстоўваць песню «Пагоня» ў спектаклі «Пясняр».

З цяперашнім міністрам Русланам Чарнецкім Іван шэсць гадоў сядзеў у адной грымёрцы.
— Мы размаўлялі, але як калегі. Сябрамі, тым больш блізкімі, ніколі не былі. Руслану заўсёды ўсё падабалася, ён знаходзіў ва ўсёй гэтай сістэме плюсы. Ведаў, з кім сябраваць, як сябраваць і як размаўляць.
Майстэрства падхалімства, рабалепства і ліслівасці ў яго было развіта заўсёды лепш, чым акцёрскае.
Іван кажа, што ў нейкі момант зразумеў, што не можа больш ва ўсім гэтым варыцца.
— Мяне ўжо пачалі клікаць на нейкія праўладныя канцэрты, на адным з іх я нават быў вядучым.
Разумееце, мне гэта настолькі не падабалася, так было сорамна ўнутры… Увесь гэты савок, які дагэтуль існуе ў Беларусі. Ва ўладзе сядзяць старыя людзі — і гэта не толькі пра Лукашэнку, — якія пусцілі карані і жывуць толькі тым саўком. Яны мараць вярнуць гэта ўсё, нейкую маладосць сваю згубленую. Агідна ад пачуцця, што ты затрымаўся недзе ў часе і няма ніякага руху наперад. Я не хацеў у гэтым удзельнічаць, я не хацеў у гэтым жыць.
Таму я вырашыў з'ехаць.
Акцёр неяк сумна пасміхаецца:
— Яны ж самі казалі: калі не падабаецца — едзьце. Ну вось, мне не падабалася, я паехаў.

Цяпер Іван выступае ў Рыжскім рускім тэатры імя Міхаіла Чэхава. Сям'я не падтрымала яго рашэння з'ехаць. З жонкай ён развёўся, яна разам з дачкой засталася ў Беларусі.
— Нечым трэба заўсёды ахвяраваць. На жаль, праз маю пазіцыю прыйшлося ахвяраваць сям'ёй.
Акцёр прызнаецца: першапачаткова ён не планаваў, што паедзе ў адзін канец. У жніўні 2020 года Іван прыехаў у Беларусь на дзень нараджэння дачкі, а таксама каб узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах.
— Увечары 9 жніўня я сказаў жонцы — мы тады яшчэ былі ў шлюбе, — што пайду пратэставаць. Яна доўга мяне ўпрошвала не рабіць гэтага. Я быў каля Стэлы, калі пачаўся разгон… Наступныя дні, 10 і 11 жніўня, я таксама выходзіў пратэставаць. Быў на Пушкінскай, калі там забілі Тарайкоўскага…

Апошні раз Іван быў у Беларусі ў лістападзе 2020 года. Вяртацца на радзіму, пакуль там Лукашэнка чарговы раз выбірае сам сябе, акцёр не плануе. У сацсетках ён шчыра выказваецца супраць вайны, а таксама іранізуе з чарговай інаўгурацыі.
На пытанне, ці спрабавалі неяк улады звярнуцца да яго, Іван адказвае:
— Не. Імаверна, справа ў тым, што я не такі медыйны, як Макс Корж ці Ганна Шаркунова. Але я ведаю, што на мяне завялі крымінальную справу… Яны ж цяпер як робяць? Яны не заводзяць справу афіцыйна. Збіраюць папачку і чакаюць, пакуль чалавек прыедзе ў краіну. Як толькі ён заязджае, справа адразу заводзіцца. Паступіла інфармацыя, што на мяне такая папачка ёсць.
Іван распавядае, што шмат яго сяброў звольнілі — нават у гэтым годзе.
— З майго былога тэатра таксама звольнілі дастаткова вялікую колькасць людзей. Я цудоўна разумею, што адбываецца там — усе баяцца.
І ніхто не можа выказваць сваю пазіцыю, таму што апошнія пяць гадоў рэжым траціў рэсурсы не на тое, каб краіна развівалася, а на рэпрэсіі. Замест таго, каб ствараць, напрыклад, штучны інтэлект, машыны ці нешта іншае, яны шукаюць людзей, якія выходзілі ці нейкім чынам выказваліся супраць Лукашэнкі.
Усе «дасягненні» Беларусі, якія я бачу за апошнія пяць гадоў — гэта арышты, арышты, арышты. І яны гэтым ганарацца, бо больш няма чым!
Знаёмыя Івана, якія падзялялі яго пазіцыю, таксама з’ехалі з краіны — а кагосьці нават выгналі.
— У мяне, напрыклад, быў аднакурснік — грамадзянін Украіны. Ён усё жыццё жыў у Беларусі. І ў выніку пасля таго, як ён выйшаў на пратэст супраць вайны ва Украіне, яго проста выгналі з краіны. Здаецца, забаранілі ўезд у Беларусь на 15 гадоў.
Па словах Івана, у Рызе яму жывецца выдатна. Як і ўсюды, бываюць свае нюансы, але, галоўнае, ёсць свабода — у тым ліку, свабода творчасці.
— Я ехаў у Рыгу для таго, каб вывучаць прафесію, каб разумець, што можа адбывацца ў тэатры, як ён можа развівацца, як можна працаваць з добрымі рэжысёрамі. Тэатр Міхаіла Чэхава для мяне проста ідэальны тэатр у плане таго, што тут робяць, як выразна выказваюць сваю пазіцыю. Тут цудоўныя рэжысёры і ніхто не баіцца памыліцца.

Расповеды прапаганды пра тое, як у Латвіі цяжка жыць, асабліва рускамоўным, выклікаюць у Івана здзіўленне:
— У нас рэпертуарны тэатр, кожны дзень выходзяць спектаклі. За тыдзень паказваем па 12 спектакляў, і практычна заўсёды поўная зала. Мы працуем, нас ніхто не закрыў, і таму беларускія прапагандысты сваё меркаванне могуць засунуць куды-небудзь далёка.
Паміж беларускім і латвійскім тэатрамі Іван бачыць прорву:
— У беларускім тэатры была выбудавана вертыкальная сістэма ўлады, такая ж, як і ў краіне. Наверсе «крэпкі хазяйственнік», які раздае каманды ўнізе, і ніхто нікога не чуе. Ніколі. Людзі проста баяцца, што іх звольняць. У латвійскім тэатры таксама пабудавана вертыкаль, але яна абсалютна адэкватная. Ты ведаеш, што можаш звярнуцца па дапамогу да любога чалавека. За тыя пяць гадоў, што я ў Рызе, дырэктарка тэатра Дана Б'ёрк мне дапамагала тысячы разоў.
Падабаецца Івану і тое, што ў Латвіі тэатр развіваецца. А класіка тут — гэта не тое, што напісалі 200 гадоў таму, 200 гадоў таму пачалі граць і па гэты дзень граюць тыпова. Класічныя творы не ўспрымаюцца як нейкі музейны рарытэт, да якога нельга дакранацца. Калі рэжысёры бяруцца ставіць класіку, яны паказваюць сваё бачанне свету, выказваюць сваё меркаванне.
— У Беларусі тэатры не бяруць сучасныя п’есы, не дазваляюць перакладаць класіку на сучасны лад. Мне вельмі шкада, што так адбываецца. У Мінску вялікая колькасць таленавітых людзей, неймаверна таленавітых. Але яны не могуць раскрыць свой патэнцыял. Саўковыя традыцыі і ў творчасці, і ў кіраванні тармозяць усё. У Еўропе людзі ўсё ж ідуць наперад і глядзяць у будучыню, а не арыентуюцца на мінулае.
Іна Афанасьева, народная артыстка Беларусі і маці Івана, пацярпела праз палітычную пазіцыю сына: ужо 5 гадоў ёй не даюць выступаць.
— Чалавеку, які ўсё жыццё быў на сцэне, узялі і забаранілі выступаць! Але ж я ведаю, што яе да гэтага часу чакаюць слухачы. Я сам бачыў каментары ў інстаграме, што людзі пішуць, што чакаюць яе канцэрт, чакаюць, калі яе зноў пакажуць па тэлевізары… Вядома, адбылося гэта ў тым ліку і праз мяне. Але маё меркаванне і мае дзеянні — толькі мае. Я адказваю за свае словы. Усё, што я раблю, ніяк не тычыцца маёй мамы, дзіцяці, былой жонкі.
Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны
Спявачка Іна Афанасьева ледзь ачомалася пасля таго, як яе зваліў з ног нейкі вірус. І тое не да канца
Макс Корж і Лэдзі Гага. У Беларусі значна пашырылі «чорны спіс» музыкаў
Лукашэнка забараніў міністру культуры прымаць на працу нават самых таленавітых дзеячаў, калі тыя выступалі супраць рэжыму. І гэта не ўсё
Каментары
журау́лі на Палесьсе ляцяць
Вось што памятаю: маленькае кафэ. Століка два-тры. За адным сядзіць мой аднагодка, якому гадоў 25. Чытае мясцовую газету і пье кофе з маленькай чашкі.
У Мінску такога тады я не бачыў.
У Нью Ёрку да СВО часам хадзіў на спектаклі маскоўскага тэатру імя Вахтангава. Любил Чулпан Хаматову. Был на ее творческих встречах два раза. У меня есть фото и мои фото на её стр в фб. Но как бы между делом на встречах она произносила пару слов о политике. Где артистка и где политика. И Оказалась она в Латвии. На здоровье.
Іван Стральцоў: “Увесь гэты савок, які дагэтуль існуе ў Беларусі.”
Як я зразумеў, Іван мо і нарадзіўся ў СССР, а мо і ў РБ. Малады ісчо, але пра савок шмат ведае і разумея. І вось што я падумаў: гэты штамп, маўляў, у сённяшняй РБ той савецкі савок няправільны. Я хоць ня быў дома 22 гады, а думаю, што там усё ж нешта іншае, а не савок. Нейкі свой лу-мікс, але не савок. Бо на Беларусі ж не толькі былыя саўкі жывуць. Падумаю. Можа прыдумаю назву.
Ну а Івану жадаю стаць народным артыстам Латвіі. Грамадзянінам гэтай дэмакратыі ці наўрад ён стане. Нават калі радзіму ненавідзець будзе як народная артыстка Расіі. Чытай Іван латышскую газету ў маленькім рыжскім кафэ і забывай пра маці-радзіму. Бо ўсё што ты зрабіў і робіш і кажаш маці-радзімы не кранаецца.