Грамадства11

Колькі медыкаў не хапае ў Беларусі і як гэтыя лічбы хаваюць

У Міністэрстве аховы здароўя працягваюць лічыць недахоп медыкаў сур'ёзнай праблемай. Ва ўнутранай справаздачы за 2024 год, якую з дапамогай Belpol атрымалася здабыць выданню «Люстэрка», міністэрства называе рэальную колькасць вакансій і выхваляецца тым, як навучылася маніпуляваць лічбамі. А яшчэ пазначае шляхі вырашэння праблемы, у тым ліку з дапамогай увядзення новых абмежаванняў.

Фота ілюстрацыйнае

Якая сітуацыя з медыкамі цяпер

Усяго ў Беларусі па выніках 2024 года 47 717 дактароў-спецыялістаў (гэта на 0,46% больш, чым на год раней), і 111 153 сярэдніх медыцынскіх работнікаў (-0,94% за год). З агульнай колькасці медыцынскіх работнікаў 11 628 (7,3%) — гэта маладыя спецыялісты.

Такія лічбы ведамства не хавала, міністр аховы здароўя згадваў іх на выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя 28 лютага 2025 года.

А вось факт, які вырашылі не агучваць — гэта колькасць медработнікаў-пенсіянераў. Дактароў пенсійнага ўзросту — 18,0% (8588 дактароў-спецыялістаў), сярэдніх медыцынскіх работнікаў — 14,5% (16 084 чалавекі).

Год таму чыноўнікі дакладвалі, што прынялі спецыяльныя меры, каб павялічыць колькасць пенсіянераў, якія працягваюць працаваць. Напрыклад, збіраліся вызваліць іх ад праходжання атэстацыі на пацвярджэнне кваліфікацыйнай катэгорыі і дазволіць ставіць індывідуальны графік працы і адпачынкаў.

У выніку за 2024 год пенсіянераў у медыцыне стала яшчэ больш: дактароў-спецыялістаў — на 8,0%, а сярэдніх медработнікаў — на 3,4%.

Колькі медыкаў не хапае

«Кадравае забеспячэнне галіны аховы здароўя з'яўляецца адной з «болевых кропак» і патрабуе пастаяннага маніторынгу і прыняцця як аператыўных мер, так і мер, накіраваных на доўгатэрміновую перспектыву», — прызнаюць аўтары непублічнага дакумента.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя на канец 2024 года, вакансій столькі:

  • дактары-спецыялісты — 4069 (-9,3% за год);
  • санітаркі — 2702 (+42%);
  • сярэднія медыцынскія работнікі — 3943 (-2,6%);
  • «іншы персанал» — 4069 (+18%).

Аўтары справаздачы пішуць, што лепш за ўсё забяспечаныя медыцынскімі кадрамі Брэсцкая і Гродзенская вобласці. У іх «укамплектаванасць па фізічных асобах» складае 83,2% і 91,6% адпаведна. Самы нізкі ўзровень укамплектаванасці — у Віцебскай і Мінскай абласцях, гэта 72,4% і 71,5%.

Майстэрства схаваных вакансій

СМІ на падставе даных агульнарэспубліканскага банка вакансій шмат разоў пісалі пра недахоп у краіне медыкаў. У выніку лічбамі на гэтай пляцоўцы сталі маніпуляваць.

«Улады знайшлі спосаб хаваць гэтыя вакансіі. З-за гэтага мы не можам арыентавацца на банк вакансій як на паказчык недахопу персаналу», — расказвае Лідзія Тарасенка, каардынатарка фонду медыцынскай салідарнасці ByMedSol.

Цікава, што Міністэрства аховы здароўя патлумачыла ў гадавой справаздачы, як менавіта ўдалося «падкруціць» гэтую статыстыку.

Цяпер наймальнікі могуць не паведамляць органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пра «вакантныя» няпоўныя (0,25, 0,5, 0,75) штатныя пасады, занятыя работнікамі на ўмовах большага па працягласці працоўнага часу па асноўнай стаўцы. Чыноўнікі мяркуюць, што такім чынам «упарадкавалі падыходы да фармавання вакансій».

У выніку ў агульнарэспубліканскім банку адлюстроўваецца менш пазіцый, чым ёсць насамрэч. Да прыкладу, на момант публікацыі незакрытымі заставаліся «ўсяго» 2708 вакансій дактароў-спецыялістаў, на якія шукаюць 3636 чалавек (хоць паводле звестак таго ж Міністэрства аховы здароўя, на пачатак года іх было больш за чатыры тысячы).

Барацьба за супрацоўнікаў з прыватнымі медцэнтрамі

З атрыманага «Люстэркам» дакумента таксама вынікае, што прыватныя медцэнтры чакаюць новыя абмежаванні па персанале. Аўтары пішуць, што «прапрацаванае пытанне карэкціроўкі» закона «Аб ліцэнзаванні».

Міністэрства аховы здароўя анансуе дзве змены:

  • абмежаваць магчымасць працы ў прыватных арганізацыях для медыцынскіх работнікаў, якія маюць другую кваліфікацыйную катэгорыю;
  • зрабіць больш строгімі патрабаванні да стажу працы: сем гадоў у дзяржаўнай арганізацыі, тры з якіх непасрэдна папярэднічаюць дню падачы заявы аб выдачы ліцэнзіі.

«Прыняцце гэтай нормы можа перашкаджаць адтоку [з дзяржарганізацый] парадку 1200 дактароў-спецыялістаў і 22 700 сярэдніх медработнікаў, якія маюць на сёння другую кваліфікацыйную катэгорыю», — падлічылі аўтары дакумента.

Згодна з планам, падрыхтаваць законапраект збіраюцца ў кастрычніку 2025 года, а ўнесці ў Палату прадстаўнікоў — у сакавіку 2026-га.

Як утрымліваюць маладых спецыялістаў

Чыноўнікі імкнуцца вырашыць праблему і з дапамогай маладых спецыялістаў, у прыватнасці, сочаць за тым, каб дактары, якія прыехалі па размеркаванні, пасля адпрацоўкі не выязджалі, а працягвалі працаваць там жа сама.

Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя публічна агучваў, што «ўзровень замацоўваемасці» па краіне ў 2024 годзе склаў 78,4% па дактарах-спецыялістах і 79,9% па сярэдніх медыцынскіх работніках (гэта больш за запланаванае).

У закрытай справаздачы пералічаныя меры, якія для гэтага прымаюць:

  • становіцца больш бюджэтных і менш платных месцаў у медыцынскіх універсітэтах: у 2025 годзе плануюць дадаць яшчэ 424 бюджэтныя месцы і скараціць 420 платных;
  • расце доля мэтавага набору ў медыцынскія ВНУ: у 2024 годзе яна дасягнула 70%, а ў 2025-м гэты паказчык хочуць павялічыць да 80%;
  • пераразмеркавацца вельмі складана: «нарматыўна ўрэгуляваныя пытанні ўзмацнення строгасці падыходаў да замацавання маладых спецыялістаў па месцы адпрацоўкі», пішуць аўтары дакумента. У 2024 годзе 40 маладым спецыялістам ведамства забараніла памяняць месца размеркавання, нават нягледзячы на згоду ВНУ.

Яшчэ мясцовыя ўлады дапамагаюць знайсці жыллё маладым спецыялістам і работнікам, якія заключылі кантракт на 5 гадоў.

«Паводле аператыўных звестак, у 2024 годзе медыцынскім работнікам выдзеленыя 462 арэндныя кватэры, 1130 пакояў і 608 месцаў у інтэрнаце», — пішуць аўтары дакумента.

Таксама маладым спецыялістам дазволілі займаць сумежныя пасады пасля павышэння кваліфікацыі па скарочаных праграмах.

Каментары1

  • Пытанне
    01.04.2025
    Нядаўна гартаў Банк вакансій. У Маладзечанскую ЦРБ было старонкі 2 вакансій (штук 50). Патрэбны ўсе - ад прыбіральшчыцы да дактароў. Хто ведае, куды ўсе падзеліся і што там зараз робіцца?

Цяпер чытаюць

У Шакуціна забралі гаротны даўгабуд «Шантэр Хіл» каля Драздоў

У Шакуціна забралі гаротны даўгабуд «Шантэр Хіл» каля Драздоў

Усе навіны →
Усе навіны

Усе мабільныя аператары запусцілі базавы тарыф. У каго самы танны?5

ІТ-холдынг, які прывозіў Тыля Швайгера і сышоў у прастой, абяцае заплаціць камандзе — знайшоўся «буйны інвестар»

Трамп пракаментаваў трагедыю з амерыканскімі вайскоўцамі на палігоне ў Літве8

«Байсол» эвакуяваў Вольгу Бондараву96

Мінінфарм унёс у спіс забароненай літаратуры кнігу, якая ўвайшла ў топ-100 найлепшых твораў XXI стагоддзя10

Учора ў Заслаўі здарыўся моцны пажар

«Гэтая праца стамляе мяне». Маск намякае на выхад з адміністрацыі Трампа9

Анкалітычная вірусная тэрапія — танны і эфектыўны спосаб лячэння раку1

Скарына перад навучаннем у Італіі адвучыўся ў Іспаніі, пасябраваў з Калумбам і нават наведаў Новы свет20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Шакуціна забралі гаротны даўгабуд «Шантэр Хіл» каля Драздоў

У Шакуціна забралі гаротны даўгабуд «Шантэр Хіл» каля Драздоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць