У старым жылфондзе прадаюць тройку па $4200 за квадрат. Чаму так дорага?
У знакамітай «генеральскай» сталінцы каля парку Чалюскінцаў, з вокнаў якой адкрываецца від на ажыўлены праспект, прадаецца незвычайная кватэра, піша Onliner.by.

Жыллё плошчай 95 «квадратаў» змясціла не толькі тры жылыя пакоі, але і два балконы, а таксама лоджыю на супрацьлеглым баку дома. Кошт квадратнага метра тут нятанны: кватэру перапланавалі і «апранулі» ў сучасны інтэр’ер, які выклікае лёгкую зайздрасць. Цяпер шыкоўная трохпакаёвая кватэра з гісторыяй шукае новага ўладальніка, гатовага заплаціць за яе па $4200 за «квадрат».
У 40-х гадах гэтую сталінку, якой сёння надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, будавалі для асаблівай катэгорыі мінчан. Адсюль — шырокія віды з вокнаў, удалыя планіроўкі і нават ліфты, што ёсць далёка не ва ўсіх дамах на праспекце.

Сама кватэра размешчана на пятым паверсе. Яе агульная плошча — 95 «квадратаў», з якіх амаль 60 — жылыя.

Сучасныя ўладальнікі падышлі да рамонту з усёй адказнасцю: поўнасцю заменены электрыка і сантэхніка, зрабілі новую сцяжку падлогі, усталявалі новыя міжпакаёвыя перагародкі з гукаізаляцыяй.
Акрамя гэтага, у кватэры правялі ўдалую перапланіроўку: тут прасторная гасцёўня, вылучаная кухня з вокнамі на праспект, два санвузлы і дзве спальні.

Вокны тут прэміум-класа: шклопакеты Rehau 70 мм з фурнітурай Schüco. Падваконнікі — з кварцавага каменя, на вокнах шторы, якія поўнасцю блакуюць святло.

У кухні зрабілі акцэнт на сінім колеры: каменная стальніца, якая пераходзіць у падваконнік.
Тэхніка не з бюджэтных: халадзільнік Liebherr, пасудамыйная машына Bosch, газавы варачны цэнтр + духавы шаф і выцяжка Smeg.

У гасцёўні на 24 «квадраты» ёсць выхад на незашклёную лоджыю. Прасторны пакой змясціў канапу і вялікі абедзенны стол.

У двух санвузлах можна выбраць, што больш пасуе: ванна ў адным або душавая кабіна ў другім.

Уладальнікі гатовыя расстацца з гэтай раскошай (разам з мэбляй) за $399 тысяч па курсе.
Каментары