У цэнтры Мінска за два мільёны даляраў прадаецца кватэра ў яшчэ не пабудаваным доме
На адной з пляцовак па гандлі нерухомасцю з’явілася цікавая аб’ява: за 2 мільёны даляраў прадаецца вялізная кватэра ў цэнтры горада. Але ёсць нюанс — дом яшчэ не пабудаваны.

Дакладней, каркас ужо ўзведзены, але работы працягваюцца, і завяршэнне будаўніцтва ўжо затрымліваецца больш чым на год, піша Blizko.by.
Гаворка ідзе пра жылую забудову «Маэстра», якую ўзводзяць ля плошчы Францішка Багушэвіча і аднайменнай станцыі метро. Прадугледжваецца, што гэта будуць два жылыя вышынныя дамы на агульным стылабаце. Згодна з пашпартам аб’екта, дамы павінны былі быць завершаны яшчэ ў снежні 2023 года, але работ наперадзе яшчэ шмат.

Кватэра, якая фігуруе ў аб’яве, будзе 5-пакаёвай, знаходзіцца на 18 паверсе, агульная плошча — 480 квадратных метраў, з іх жылой — 400 кв.м.
Санвузел раздзельны, столі — вышынёй 3 метры, ёсць лоджыя.
Важная заўвага: за такую цану кватэра прадаецца без аздаблення, таму разлічваць на хуткі заезд не выпадае.
У пераліку на квадратны метр атрымліваецца 4 166 даляраў.
Каментары
Хто апошні ў чарзе? Я за Вамі.