Польшча ўвяла санкцыі супраць яшчэ адной кампаніі, якая пастаўляе беларускія ўгнаенні
4 сакавіка Польшча ўвяла санкцыі супраць беларускага прадпрыемства «МетаТрэйдынгПрам», якое займаецца пастаўкамі карбаміду (мачавіны) у Польшчу. Гэта вынікае з санкцыйнага спісу Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, піша «Радыё Свабода».

Кампанія «МетаТрэйдынгПрам» пачала сваю дзейнасць у красавіку 2024 года, вынікае з яе сайта. У рэгістрацыйных звестках у якасці віду дзейнасці кампаніі быў пазначаны аптовы гандаль. Як паведамляецца на сайце кампаніі, у жніўні 2024 года яна пачала вытворчасць угнаенняў, у лістападзе 2024 года кампанія дадала «вытворчасць угнаенняў» у рэгістрацыйныя звесткі.
З кастрычніка 2024 года кампанія выступае экспарцёрам у Польшчу з Беларусі карбаміду прамысловага прызначэння.
У санкцыйным спісе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы адзначаецца, што прамысловая вытворчасць вышэйзгаданай прадукцыі характэрная для «вельмі буйных прамысловых прадпрыемстваў», бо ўстаноўкі для іх вытворчасці з'яўляюцца «складанай буйнамаштабнай хімічнай сістэмай», займаюць вялікія плошчы «ў некалькі гектараў», а самі «павінны адпавядаць строгім стандартам бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя».
«Стварэнне спецыялізаваных вытворчых установак з'яўляецца працаёмкай і затратнай працэдурай, а рэзка перамясціць або арганізаваць вытворчасць гэтай прадукцыі немагчыма», — гаворыцца ў паведамленні.
З гэтага ведамства зрабіла выснову, што сапраўдны вытворца ўгнаенняў — прадпрыемства «Гродна Азот», якое з'яўляецца ключавым пастаўшчыком азотных угнаенняў у рэгіёне.
Кампанія «МетаТрэйдынгПрам», на думку ведамства, выступае толькі пасярэднікам пры рэалізацыі карбаміду, вырабленага на прадпрыемстве «Гродна Азот», якое з 2 снежня 2021 года ўключанае ў санкцыйны спіс Еўрасаюза, гаворыцца ў абгрунтаванні санкцый супраць «МетаТрэйдынгПрам».
Кампанію чакае замарожванне ўсіх сродкаў і эканамічных рэсурсаў, забарона на наданне любых сродкаў ці эканамічных рэсурсаў і выключэнне з працэдуры польскіх дзяржаўных закупак ці конкурсных працэдур.
Раней Польшча таксама ўвяла санкцыі супраць зарэгістраваных у Беларусі кампаній «НФТ», «ТэхнаспецтрэйндынгЭкспарт» і «Тэхнаспецтрэйндынг», а таксама супраць кампаній LLC World Chem Trading Co. (зарэгістраваная ў Дубаі) і зарэгістраванай на Кіпры Rostumel Holding Limited. Усе гэтыя кампаніі таксама займаліся экспартам у Польшчу мачавіны і нітрату амонію ў водным або аміячным растворы, але самі іх не выраблялі.
Стаў вядомы памер мыта, якое Еўракамісія прапануе ўвесці на сельгаспрадукцыю і азотныя ўгнаенні з Беларусі і Расіі
Работнікам «Гродна Азот» пагражаюць звальненнямі за смартфоны на працы
«Гродна Азот» пастаўляў свае ўгнаенні ва Украіну як нібыта туркменскія
«Гродна Азот» расказаў, як змяніў стратэгію продажаў з-за санкцый
Каментары