У Беларусь экстрадавалі кілера банды Марозава. Цяпер яго расстраляюць? А вось і не
27 сакавіка стала вядома, што ў Беларусь экстрадавалі Віктара Рэцкага — паводле МУС, ён быў штатным кілерам банды Марозава. Што цяпер можа чакаць мужчыну? «Наша Ніва» запыталася пра гэта ў вядомай беларускай юрысткі, якая ананімна пракаментавала сітуацыю.

МУС паведамляе, што Рэцкі быў у бандзе з 1992 года. Ён адказны за некалькі забойстваў і іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. У 2005-м мужчыну абвясцілі ў міждзяржаўны вышук, а потым і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпала. У гэты час Рэцкі жыў па падробленых дакументах у Расіі і Казахстане, адзін з яго пашпартоў быў на імя Сашы Белага — героя знакамітага серыяла «Брыгада» пра крымінальныя 90-я.
Што чакае Рэцкага ў Беларусі? Артыкул 139 Крымінальнага кодэксу Беларусі, які апісвае пакаранні за забойства, прадугледжвае і такі прысуд, як расстрэл.
Але юрыстка, з якой мы пагутарылі, кажа, што Рэцкага не могуць расстраляць.
Рэч у тым, што і Беларусь, і Казахстан, адкуль экстрадавалі мужчыну, з’яўляюцца ўдзельнікамі Кішынёўскай канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах. Згодна з ёй, бакі, абавязаныя на ўмовах канвенцыі выдаваць адно аднаму асобаў, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі, для прыцягнення да крымінальнай адказнасці або выканання прысуду.
Але ж у гэтай канвенцыі ёсць артыкул 81, які датычыць смяротнага пакарання. Паводле яго, калі чалавека выдаюць па канвенцыі, там, куды яго экстрадуюць, яго не могуць пакараць смерцю, калі такое пакаранне адсутнічае ў краіне, якая выдае чалавека.
У Казахстане смяротнае пакаранне адсутнічае, таму Рэцкі не можа быць асуджаны на расстрэл у Беларусі. На колькі ж яго пасадзяць?
Шмат залежыць ад таго, калі ён здзяйсняў забойствы. Да 1997 года ў беларускім Крымінальным кодэксе не было такой меры пакарання, як пажыццёвае зняволенне. Закон не мае зваротнай сілы, і таму за злачынствы, здзейсненыя да таго часу, Рэцкаму нельга прызначыць пажыццёвае зняволенне.
Ці можа гаворка ісці пра 25 гадоў? Таксама незразумела. Гэта норма з'явілася ў заканадаўстве яшчэ пазней.
Цалкам магчыма, што кілер марозаўцаў атрымае 15 гадоў.
Так адбылося з яго «калегай» па бандзе Сяргеем Дзербянёвым. Яго знайшлі ў 2019-м у расійскім Уладзівастоку праз 15 гадоў пошукаў. Дзербянёву далі 15 гадоў зняволення — максімальны магчымы тэрмін пры яго абставінах.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары