Многія робяць тое, што і Трамп. Толькі ціхенька і без экстраваганцыі
Закрыццё «Свабоды» ды USAID — гэта непазбежныя наступствы нападу Расіі на Украіну, піша Аляксей Быкаў. Краінам Захаду больш не да дапамогі бедным.

Проста фенаменальна, якая колькасць людзей (разумных, шчырых, сумленных, адукаваных) у нашыя складаныя часы паддаюцца эмоцыям, і замест халоднага цвярозага аналізу самі кідаюцца ў вір палітычных і культурных разборак іншай краіны.
Не так даўно стала вядома пра перафарматаванне амерыканскай знешняй дапамогі. Ад гэтага перафарматавання пацярпелі многія важныя і сумленныя ініцыятывы і людзі. Асаблівым ударам стала нявызначанасць вакол амерыканскіх службаў замежнага вяшчання («Радыё Свабода» і «Голас Амерыкі»). Шкада людзей, якія засталіся без сродкаў да існавання, у чужой краіне.
Ва ўсім гэтым вінавацяць Трампа.
Складваецца ўражанне, што ўвесь заходні дэмакратычны свет гарою стаіць за змагароў за дэмакратыю і барацьбітоў з расійскім імперыялізмам з Усходняй Еўропы, і толькі кепскі Трамп робіць усё наадварот, і таму абарваў фінансаванне.
Банальная праверка фактаў паказвае, што такая карціна свету не адпавядае рэальнасці.
Праўда заключаецца ў тым, што перафарматаванне і змяншэнне знешняй дапамогі заходнімі краінамі — трэнд, які пачаўся не ў Амерыцы, і пачаўся да прыхода Трампа да ўлады. І робяць гэта з аднолькавай інтэнсіўнасцю і левыя, і правыя ўрады, бо напад Расіі на Украіну змяніў свет так, што ён ніколі не стане ранейшы.
Вось толькі некалькі фактаў.
Нідэрланды, адзін з найбольшых донараў дапамогі і для беларускага незалежнага грамадства, скарацілі бюджэт замежнай дапамогі на 30%, перанакіраваўшы сродкі на праекты, якія «непасрэдна спрыяюць нідэрландскім інтарэсам».
Брытанія (а я нагадаю, у Брытаніі ўрад не Фараджа, нават не кансерватараў, а ўрад лейбарыстаў) скарачае бюджэт замежнай дапамогі амаль у 2 разы. Значная частка скарачэння прыходзіцца на службу замежнага вяшчання BBC. «Складанае і балючае рашэнне», — каментуе брытанскі прэм'ер, лейбарыст Стармер. Ашчаджаныя грошы пойдуць на абарону.
У планах перафарматаваць памер і прыярытэты замежнай дапамогі і ў новага ўрада ў Нямеччыне.
Швейцарыя адмовілася фінансаваць некалькі агенцтваў ААН ( у тым ліку такія крытычныя, як праграмма ААН па ВІЧ/СНІД).
Бельгія скараціла дапамогу на 25%, а Францыя скараціла свой бюджэт на 37%.
Проста на нашых вачах Еўропа пераглядае ўсю стратэгію знешняй дапамогі. І гэта не толькі скарачэнне, гэта перанос фокусу з грантавых праграм на праекты, арыентаваныя на інвестыцыі. Гэта змена прыярытэтаў з фокусам на бяспеку і канкурэнтаздольнасць эканомікі.
«Тое, што адбудзецца цяпер, проста адпавядае таму, чым стаў свет, і нам патрэбна новая архітэктура [знешняй дапамогі]», — каментуе Рэмі Рыу, кіраўнік Французскага Агенцтва Развіцця (Agence française de développement).
Змяняюцца фокусы ў замежнай дапамозе і па лініі ЕС. Летась італьянец Марыё Драгі выпусціў справаздачу пра канкурэнтаздольнасць (ці, дакладней, неканкурэнтаздольнасць ЕС), якая ўскалыхнула ўвесь еўрапейскі істэблішмэнт. Драгі, прафесіянал і тэхнакрат, падрабязна распісаў усе асноўныя праблемы еўрапейскай эканомікі і часткова бяспекі, і цяпер гранты па лініі ЕС размяркоўваюцца і выдаюцца з улікам рэкамендацый з той нашумелай справаздачы Драгі.
Толькі сляпы не пабачыць, што тое, што зараз адбываецца — глабальны трэнд, а не нейкі адзінкавы выбрык трампізму.
Але мы чамусьці не чуем праклёнаў у бок Стармера, у бок Макрона, у бок Драгі, хаця па сутнасці яны робяць усё тое, што робіць Трамп (толькі ціхенька, без экстравагантнай фанабэрыі).
Падабаецца вам гэта ці не падабаецца — свет змяніўся карэнна, прыярытэты краін змяніліся. Першая опцыя паводзінаў у такой сітуацыі — енчыць, звінавачваць Трампа, звужаць і прымітызаваць пытанне, уключацца ў амерыканскія ўнутрыпалітычныя разборкі. Наколькі гэта эфектыўна? Думаю, не вельмі. Другая опцыя — адаптаваць сваё жыццё, сваю дзейнасць, свае прыярытэты да гэтых змен. І тады, можа быць, гэтая хваля вас не змяце з ног і вы застанецеся жывым.
Каментары
Пачынаюць з імі гандлёвыя войны?
Спрабуюць абрабаваць Украіну, каторая сёння і забяспечвае бяспеку ЕС? Дапамагаюць Пуціну ўзаконіць расійскую акупацыю? Ціснуць на Украіну, каб тая сама прызнала капітуляцыю?
Спрабуюць прызначыць выпадковых і некампетнтных людзей на пасады адказныя за бяспеку?
Ствараюць "doge" з Маскамі на чале?
Уводзяць ненавуковыя ідэалагічныя патрабаванні да музеяў і установаў культуры?