Падрыў «Паўночнага патоку»: сталі вядомыя кулісы дзёрзкай дыверсіі, роля Залужнага і Польшчы
Расследаванне нямецкіх журналістаў раскрыла, як украінская дыверсійная група здзейсніла адну з самых дзёрзкіх аперацый у гісторыі, якая з заходніх спецслужб мела інфармацыю пра дыверсію загадзя і якое дачыненне мела Варшава.

26 верасня 2022 года сейсмографы зафіксавалі моцны выбух паблізу вострава Борнгальм. Неўзабаве кампанія Nord Stream AG заўважыла рэзкае падзенне ціску ў трубах, а баявы самалёт зняў на відэа велізарныя бурбалкі на паверхні мора. Хутка стала вядома, што тры з чатырох газаправодаў сур’ёзна пашкоджаныя.
Гэта была адна з самых маштабных дыверсій у сучаснай еўрапейскай гісторыі. Доўгі час заставалася незразумелым, хто стаіць за выбухамі і як наогул магла адбыцца такая аперацыя.
Нямецкаму часопісу «Шпігель» удалося ўстанавіць асобных членаў дыверсійнай групы і паразмаўляць з блізкімі да іх людзьмі ва Украіне. У чарговым выпуску падкаста Firewall журналісты расказалі падрабязнасці.
Паводле расследавання журналістаў, ідэя падрыву газаправода абмяркоўвалася ўдзельнікамі адной са спецыяльных украінскіх структур разведкі яшчэ пяць гадоў таму.
Пасля нападу Расіі на Украіну ў лютым 2022 года і на фоне еўрапейскіх санкцый, якія не закраналі нямецкіх выплат за расійскі газ, гэтая старая ідэя ўзгадалася ізноў. Для дыверсантаў Nord Stream стаў сімвалам залежнасці Еўропы і слабасці Германіі.
Маленькая група разведчыкаў вырашыла дзейнічаць самастойна.
Мозгам аперацыі журналісты называюць былога палкоўніка СБУ і ГУР Украіны, а таксама былога камандзіра адной з вайсковых часцей Сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Украіны Рамана Чарвінскага. Менавіта група, што сфармавалася вакол яго, распрацавала план падрыву Nord Stream.
Сам Чарвінскі гаварыць пра гэта публічна адмаўляецца. Але журналістам «Шпігель» удалося сустрэцца з ім.
«Вынікі гэтай аперацыі — гэта не толькі перамога для Украіны. Гэта таксама шанец для Германіі. Нарэшце вас больш не будуць шантажаваць. Для мяне гэта акт вызвалення», — сказаў Раман Чарвінскі падчас кароткай сустрэчы з журналістамі.

Планы і падрыхтоўка аперацыі
Група Чарвінскага не толькі мела ідэю, але і знайшла спонсара. Ім стаў прадпрымальнік, звязаны з украінскімі спецслужбамі. Ён пагадзіўся фінансаваць аперацыю. Агульны бюджэт дыверсіі склаў да 300 000 долараў ЗША. Асноўная частка — ад неназванага бізнэсмена. Але і некаторыя ўдзельнікі таксама патрацілі грошы са сваіх ашчаджэнняў.
Праз некалькі тыдняў пасля нападу Расіі пачалася канкрэтная праца над планам, вывучаліся маршруты трубаправода, глыбіня і таўшчыня сталёвых сценак.
Доўгі час групе не ўдавалася знайсці спецыяліста-падрыўніка. Вялікая колькасць людзей, да якіх звярталіся, адмаўляла. Нарэшце пагадзіўся пенсіянер-падрыўнік, які страціў сына на вайне. У матэрыяле яго называюць проста Дзед.
Трэніроўкі і выпрабаванні выбухоўкі праводзіліся на возеры на ўскраіне Кіева. Дзед перарабіў балон акваланга ў самаробную бомбу і зарадзіў яе выбуховым рэчывам актагенам — магутным матэрыялам, прыдатным для падводных аперацый. У канцы вясны 2022 года адбылося першае выпрабаванне гэтай выбухоўкі ў глыбіні возера.
Група праводзіла выпрабаванні, каб даведацца, як найлепшым чынам размясціць выбухоўку на трубаправодзе: дзе і пад якім вуглом яе мацаваць, з якой адлегласці, каб нанесці максімальную шкоду.
Для гэтага яны шукалі слабыя месцы ў канструкцыі трубаправода. У інтэрнэце можна знайсці даволі падрабязныя тэхнічныя звесткі: Nord Stream складаецца з 12-метровых сталёвых труб, пакрытых бетонам. Але на стыках — там, дзе трубы злучаюцца — замест бетону выкарыстоўваецца толькі цвёрдая пена. Украінцы хацелі прабіць менавіта гэтыя месцы, зрабіўшы малую дзірку, праз якую пад ціскам вырвецца газ. Ён і павінен быў разарваць трубу знутры.
Прыблізна за паўгода да выбуху пачаліся пошукі людзей, здольных ныраць на глыбіню каля 80 метраў. Шукалі не проста глыбакаводных нырцоў, а тых, хто псіхалагічна вытрымае стрэс, гатовы рызыкаваць жыццём і працаваць у камандзе.
Але ў самой Украіне толькі адзінкі здольныя ныраць на такую глыбіню. Большасць сертыфікатаў дайвераў (у тым ліку ў заходніх турыстаў) даюць дазвол на апусканне да 30 метраў. А ныранне глыбей за 40 метраў патрабуе зусім іншага абсталявання, складанейшага і даражэйшага.
Каманда Чарвінскага звярнулася да дваццаці магчымых кандыдатаў. Гэта былі не вайскоўцы, а цывільныя людзі з досведам у падводным плаванні — сярод іх, напрыклад, сістэмны адміністратар і тэхнік па кандыцыянерах. Усе 20 пагадзіліся.
Але абралі чатырох мужчын і адну жанчыну, якая прадстаўлялася як Дар'я. Яна мела не толькі стратэгічную функцыю: з жанчынай на борце група выглядала як пара, як аматарская турыстычная каманда — менш падазрона, чым кампанія з пяці мужчын.
Дар'я — прафесійны нырэц і, паводле сведак, самая адчайная з усіх. Яна нырала ў такіх умовах, пры якіх мужчыны адмаўляліся. Адзін з суразмоўцаў журналістаў заўважыў: «З усіх на борце самыя моцныя яйцы былі ў яе».
На працягу некалькіх тыдняў група трэніравалася ў затопленым кар’еры, дзе можна было ныраць да 100 метраў. Удзельнікі групы вучыліся мацаваць муляж бомбы да троса, апускаць яго на дно, працавалі ў абаграваных гідракасцюмах.
Але інструктары часам падкладалі разраджаныя батарэі — каб у глыбіні касцюм не абаграваўся. Гэта было часткай псіхалагічнага выпрабавання.
Ці быў загад?
У красавіку 2022 года, калі падрыхтоўка зайшла ўжо далёка, група Чарвінскага вырашыла ўзгадніць план з кіраўніцтвам. Яны звярнуліся да Валерыя Залужнага, тагачаснага галоўнакамандуючага УСУ.
Яму перадалі кароткі план на паўтары старонкі. Залужны не адказаў журналістам на запыт, аднак, як сцвярджаецца, гэта ён даў зялёнае святло, і аперацыя атрымала ход. Адзінае, пра што нібыта спытаўся Залужны, — ці ведае пра гэта прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. На што атрымаў адмоўны адказ. Галоўнакамандуючы вырашыў прэзідэнту пра справы дыверсійнай групы не паведамляць.
Але таямніца доўга не пратрымалася. Незадоўга пасля гэтага заходняя разведка атрымлівае звесткі пра яе падрыхтоўку. У чэрвені 2022 года ў службу знешняй разведкі Германіі (BND) прыходзіць сакрэтнае, зашыфраванае паведамленне — дэпеша з вайсковай разведкі Нідэрландаў. Яна паведамляе, што на тэрыторыі Украіны рыхтуецца напад на газаправод Nord Stream.
Папярэджанні атрымлівае не толькі Берлін. Інфармацыя ідзе таксама ў ЗША. ЦРУ, у сваю чаргу, перадае сігнал трывогі нямецкаму боку. Паводле крыніц, ЦРУ звяртаецца і ў Офіс прэзідэнта Украіны.
З гэтага моманту, адзначаюць журналісты, Зяленскі ўжо, відаць, ведае пра план. Паводле ўсіх наяўных даных, ён асабіста не аддаваў загад падрываць Nord Stream. Але цяпер можна сцвярджаць, што ён прынамсі быў у курсе — і не перашкодзіў.

Ці ўспрыняў ён гэта сур’ёзна, ці хацеў спыніць аперацыю — невядома. Але з гэтага моманту яго можна лічыць палітычна адказным — хаця б часткова.
Паводле сведчанняў, якія журналісты атрымалі падчас свайго расследавання, вайсковае кіраўніцтва Украіны ўсё ж выказала пэўную занепакоенасць планамі групы Чарвінскага. Але гэта была не катэгарычная забарона, а хутчэй асцярожная рэкамендацыя — нешта кшталту: «Можа, лепей пакуль не трэба…»
І, як расказалі журналістам, гэта было сказана «з падміргваннем».
А што Берлін?
Дзякуючы нідэрландскім калегам, замежная разведка Германіі (BND) атрымала канкрэтную інфармацыю пра колькасць удзельнікаў групы, падробленыя дакументы, спецыяльнае абсталяванне.
Іншымі словамі, сцэнар будучага выбуху быў вядомы спецслужбам за тры месяцы да яго здзяйснення — у падрабязнасцях надзвычайнай ступені. Такое ў разведцы здараецца рэдка.
Гэта, натуральна, праблема для Украіны. Але праблема… так і не стала праблемай. У Берліне папярэджанне хутка «паклалі ў шуфляду», палічыўшы яго недастатковым.
У паведамленні нідэрландцаў згадвалася, што напад мусіць адбыцца падчас вялікіх вучэнняў НАТА BALT OPS, якія праходзілі ў Балтыйскім моры з 5 па 17 чэрвеня 2022 года. Калі тэлеграма дайшла да Берліна — вучэнні ўжо скончыліся, і нічога не адбылося. Таму нямецкія ўлады вырашылі, што інфармацыя несур'ёзная.
Журналісты «Шпігеля» ацэньваюць гэта як небяспечную халатнасць. Яны прызнаюць: разведкі атрымліваюць мноства сігналаў, але такі дакладны і спецыфічны — вялікая рэдкасць. І ў гэтым выпадку Германія «праспала» — у прамым сэнсе.
Аднак, як адзначаюць журналісты, нават калі б была палітычная воля, тэхнічна прадухіліць дыверсію было амаль немагчыма. Бо немагчыма ахоўваць больш за 1000 кіламетраў труб пад вадой.
Пачатак аперацыі
У сярэдзіне жніўня першымі выязджаюць падводніца Дар'я і вайсковец з псеўданімам Рубік. Яны накіроўваюцца ў Польшчу на фургоне, запоўненым абсталяваннем для падводнага плавання і балонамі з выбухоўкай, замаскаванымі пад звычайныя балоны са сціснутым паветрам. У кожным з іх 20—35 кілаграмаў выбухоўкі.
Дар'я адыгрывае ключавую ролю. Па легендзе яна мае школу падводнага плавання і вывозіць яе з зоны баявых дзеянняў ва Украіне ў Польшчу. Усё выглядае даволі пераканаўча.
Рубік і Даша накіроўваюцца ў закінуты будынак каля маленькага польскага гарадка. Туды паступова прыязджаюць і астатнія ўдзельнікі аперацыі: іншыя нырцы, капітан, памочнік.
Усе праходзяць праверку: здаюць тэлефоны, выкладваюць рэчы з сумак, павінны нават распрануцца, каб пераканацца, што не носяць GPS-трэкераў. Для сувязі з Кіевам камандзір аперацыі меў 16 тэлефонаў і стос папярэдне аплачаных SIM-картаў. Пасля кожнага званка ён мяняў апарат.
Але адна праблема заставалася: яшчэ не былі гатовыя падробленыя дакументы. Ім патрэбны былі фальшывыя балгарскія і румынскія пашпарты, каб перасекчы мяжу з Германіяй. А яшчэ — фальшывы капітанскі сертыфікат, патрэбны для арэнды яхты.
Гэтае чаканне цягнулася і вымотвала псіхалагічна. Але, нарэшце, дакументы прыходзяць — і першы экіпаж едзе ў Германію.
6 верасня 2022 года ў порце Варнэмюндэ пад Ростакам каманда арандуе яхту «Андрамеда» на падроблены румынскі пашпарт. Частка дыверсійнай групы адпраўляецца на яхце ў Балтыйскае мора. Першы прыпынак — порт Вік (Wiek) на востраве Руген, дзе на борт загружаецца абсталяванне і далучаюцца астатнія члены экіпажа.
Ключавая памылка
Але падчас пад’езду адбываецца памылка, якая пазней стане ключавой для нямецкага следства.
8 верасня 2022 года ў паселішчы Ліцаў (Lizow) на востраве Руген радар фіксуе перавышэнне хуткасці аўтамабілем — белым фургонам з украінскімі нумарамі. На здымку — чалавек, які пазней будзе апазнаны як Уладзімір С.
Ён ехаў з кіроўцам — адным з тых, хто прапануе прыватныя паслугі дастаўкі або падвозу для ўкраінцаў па Еўропе. Уладзімір С. дабіраецца да порта, каб далучыцца да экіпажа «Андрамеды».
Менавіта гэтае фота з радара пазней дапамагае ідэнтыфікаваць яго і звязаць з аперацыяй. Хто ён? Майстар па кандыцыянерах, бацька траіх дзяцей, інструктар па падводным плаванні. Ён паспеў уцячы ад нямецкіх уладаў літаральна за крок да арышту.
Падрыў
З порта Вік яхта выходзіць у адкрытае мора і накіроўваецца ў воды каля вострава Борнгальм, дзе на глыбіні 80 метраў праходзяць трубы. Спачатку яны з дапамогай магутнага лакатара шукаюць трубаправод, затым — калі яго знаходзяць — кідаюць у ваду трос з грузам, які апускаецца на дно побач з трубой.
Па гэтым тросе нырцы арыентуюцца ў мутнай вадзе. Яны спускаюцца з задняй платформы яхты, з цяжкай амуніцыяй, у хваляванні. Потым — спускаюць і балоны з выбухоўкай, прымацаваныя карабінамі да тросаў. І ўкладваюць іх на стыкі труб, бо менавіта там канструкцыя найбольш уразлівая.
Аднак адбываецца адна памылка: адна з труб была падарваная двойчы, а на другую выбухоўка ўвогуле не была прымацавана. Усяго Nord Stream 1 і 2 складаюцца з чатырох труб. З іх дыверсанты пашкодзілі тры — і адну з іх два разы. Мабыць, у нейкі момант заблыталіся.
Падняцца з глыбіні 80 метраў — не проста. На гэта патрабуецца каля 40 хвілін з улікам дэкампрэсіі. Усяго адзін нырок на дзень. А ўвесь экіпаж пакутуе ад марской хваробы.
Выбухоўка была абсталяваная таймерам, які быў пастаўлены на 26 верасня. Значыць, да таго часу група павінна была паспець вярнуцца ва Украіну.
23 верасня «Андрамеда» зноў заходзіць у порт на востраве Руген. Яны разгружаюцца. У гэты ж дзень турысты выпадкова фатаграфуюць порт — на здымку відаць чырвоны фургон каля яхты. Пазней гэта таксама стане ключавой зачэпкай для следчых.
Тым жа вечарам група вяртае яхту ў порт Варнэмюндэ.
Якую ролю адыграла Польшча
Пасля выбухаў прайшло некалькі месяцаў, пакуль следчыя выйшлі на яхту «Андрамеда». У выніку яе агляду былі знойдзеныя сляды выбуховых рэчываў — актагену і гексагену — практычна на ўсім караблі.
Аднак спатрэбілася амаль два гады, каб ідэнтыфікаваць аднаго з удзельнікаў — Уладзіміра С., таго самага, чыя машына трапіла пад фотакамеру на Ругене.
Пасля выбуху ён спакойна ездзіў па Еўропе. У маі 2024 года мужчына вяртаўся з Капенгагена і на нейкі час заехаў у Германію, каб наведаць сваякоў. Неўзабаве пасля яго ад’езду Федэральны суд Германіі выдаў ордар на арышт. 21 чэрвеня нямецкія ўлады звярнуліся да Польшчы, дзе ён жыў.
Але арыштаваць Уладзіміра не ўдалося. Паводле інфармацыі журналістаў, польскія спецслужбы папярэдзілі яго, і з дапамогай украінскай амбасады ён паспеў вярнуцца ва Украіну да затрымання.
Цяпер Уладзімір С. у міжнародным вышуку, але ўзяць яго пад варту ў найбліжэйшы час малаімаверна. Яго вінавацяць у дзеяннях, якія могуць разбурыць або падарваць асновы дзяржаўнага ладу, замацаваныя ў Канстытуцыі краіны — адной з найбольш сур’ёзных катэгорый злачынстваў супраць дзяржавы.
Аднак у самой Украіне ўсё ўспрымаецца інакш. Там гэта бачаць як акт абароны, як удар па вайсковай інфраструктуры ворага — акт, зразумелы і неабходны.
Некаторыя ўдзельнікі дыверсійнай групы самі хацелі растлумачыць свае матывы. Менавіта таму яны пагадзіліся сустрэцца з журналістамі «Шпігеля» ў Кіеве. Яны хацелі, каб іх дзеянні не ўспрымаліся як тэрарызм, а як ваенная аперацыя супраць ворага.
«Гэта не было скіравана супраць Германіі, — сказалі яны, — мы хацелі не нашкодзіць, а вызваліць яе ад залежнасці ад Расіі. Так, метады жорсткія і незаконныя, але гэта — вайна».
З іх пункту гледжання Nord Stream быў легітымнай ваеннай цэллю, бо фінансаваў агрэсара. Ці адпавядае гэта міжнароднаму праву — пытанне спрэчнае. Але сам факт, што пашкоджаныя трубы працягваюць уплываць на адносіны ў Еўропе, кажа сам за сябе.
Каментары