Герояў прапагандысцкага фільма пра эмігрантаў з ананімных акаўнтаў зазываюць вярнуцца ў Беларусь
Як стала вядома «Нашай Ніве», герояў фільма пра жыццё эмігрантаў «Чужое неба», якое прапагандысты знялі падманам, актыўна заклікаюць вярнуцца дадому.
Частцы герояў напісалі з новага акаўнта, падпісанага Ірынай, якая сцвярджала, што рэпрэзентуе безназоўную жаночую праваабарончую арганізацыю, якая нібыта працуе ў Мінску.

Бабруйскаму актывісту Уладзіміру Лазараву пісалі з таго ж тэлеграм-акаўнта, з якога раней развялі на здымку відэа, а таксама на натхнёны водгук пра фільм, які ён нават не бачыў.

Героі, з якімі мы звязаліся, сцвярджаюць, што адразу ж заблакавалі аўтараў прапановы, якой не збіраюцца карыстацца.
Аўтары акаўнтаў, з якіх рассылаюцца прапановы на вяртанне, праігнаравалі матэрыялы пра сваю актыўнасць, змешчаныя ў «Нашай Ніве».
Пры гэтым 22 сакавіка блогер-зваршчык Раман Пратасевіч у сваім тэлеграме сцвярджаў, што двое герояў кіно нібыта плануюць вярнуцца ў Беларусь: «Адпаведныя працэсы ўжо запушчаныя. Хто гэта, я казаць не буду, каб людзі заставаліся ў бяспецы».
Каментары