11 песень-заклёнаў — у Анастасіі Рыдлеўскай выйшаў новы альбом на трох мовах
Snake Charmer (Заклінальніца змей) — трэці поўнафарматны альбом беларускай мастачкі і музыкі Анастасіі Рыдлеўскай. 11 песень-заклёнаў, пры дапамозе якіх яна праходзіць шлях прыняцця сябе і складанасцяў навакольнага свету.

Альбом гучыць на трох мовах — беларускай, англійскай і французскай.
Яго атмасфера вагаецца ад бхангра-падобнай маніфестацыі Dance On My Own, якая ўжо стала народным хітом спявачкі, да вязкіх, нуарных Petit Oiseau, Kachaju і Isolde; ад летуценных Limerence і Collarbones да эстраднай Scorpio Moon. Завяршае альбом жыватворная калыханка Home, здольная абагрэць і падтрымаць зраненую душу стомленага самурая ці амазонкі.
«Гэты альбом — спроба пазбавіцца ад комплексаў, страхаў, болю і траўмаў, якія я назапасіла за жыццё, — распавядае Анастасія. — Яны нібы халодныя змеі прыліпалі да цела і хаваліся ўнутры. У альбоме я шчыра расказваю пра страх быць сабой, жаданне быць зручнай, падабацца ўсім, жыць ціха і акуратна, каб не патрывожыць гэтых змей. Але я зразумела: яны ўсё роўна ўкусяць, а жыццё пройдзе.
Гэты альбом — не пра барацьбу з імі, а пра іншы шлях. Пра тое, як праз музыку, каханне, прыняцце сваёй сэксуальнасці і сапраўдных жаданняў можна паступова прыручыць сваіх унутраных змей. Пра смеласць быць сабой, нават калі гэтая версія няёмкая для іншых. І тады змеі, якіх ты баялася, якіх баяліся іншыя, становяцца тваімі сябрамі. Бо калі ты разумееш, навошта яны тут, яны перастаюць быць атрутнымі».
На песню Petit Oiseau у артысткі нядаўна таксама выйшаў кліп.
12 красавіка Настасся прэзентуе свой альбом у Гданьску на фестывалі Sea You Music Showcase, а 20 красавіка ў Варшаве адбудзецца яе сольны канцэрт.
Анастасія Рыдлеўская пачала запісваць уласную музыку ў 2023 годзе. За кароткі час яна выпусціла два альбомы — When I Can’t Speak (2023) і Mugwort (2023). Яе творчасць вылучае ўнікальнае спалучэнне беларускіх паганскіх каранёў, наватарскай электронікі і шматслойных мелодый.
Апроч музычнай дзейнасці, Анастасія з'яўляецца вядомай візуальнай мастачкай, якая ўдзельнічала ў персанальных і групавых выставах у Польшчы, Германіі, Францыі, Іспаніі, Літве і Швейцарыі.
Каментары