«Проста ў страўнік мышы заліваем дозу алкаголю». Навуковец — нясумна пра азэмпік, тлушч, алкаголь і змену генаў
Беларус Юрый Папоў стаіць на чале лабараторыі ў Гарвардскай медычнай школе, дзе даследуе фіброз пячонкі. Мы задалі навукоўцу актуальныя пытанні пра азэмпік і алкаголь, а таксама выслухалі гісторыі пра страшныя хваробы пячонкі і светлую будучыню генных мадыфікацый.

«У Амерыцы да 50% людзей маюць атлусценне пячонкі, і ва ўсім развітым свеце гэта сапраўдная эпідэмія»
Большая частка праблем с пячонкай сёння — тыя, што звязаныя з лішняй вагай, расказвае Юрый. Гаворка ідзе пра хваробу пад назвай «стэатоз пячонкі, звязаны з парушэннем абмену рэчываў», калі ў клетках пячонкі, гепатацытах, назапашваецца тлушч. У часткі людзей з такой хваробай могуць быць ускладненні — запаленне і фіброз пячонкі.
Сёння гэта вельмі актуальная праблема, кажа Папоў:
«У Амерыцы да 50% людзей маюць атлусценне ў пячонцы, і ва ўсім развітым свеце гэта сапраўдная эпідэмія. Мы ядзім ежу, якая сама па сабе нездаровая, той жа фастфуд.
Таксама ў апошні час шмат вытворцаў пачалі рабіць ежу больш каларыйнай і салодкай, бо людзям гэта падабаецца. У ЗША для гэтага дадаюць у ежу глюкозна-фруктозны сіроп, зроблены з кукурузы. Каб зрабіць піцу смачнейшай, у цеста могуць дадаваць сыр. Ды і мы самі часта пераядаем і праяўляем усё менш фізічнай актыўнасці».
Калі змяніць лад жыцця на больш здаровы, пячонка вам падзякуе. І гэта не проста словы — Юрый расказвае пра даследаванні людзей нават з высокай ступенню атлусцення і, адпаведна, цяжкім станам пячонкі. Калі гэтыя людзі скідвалі хаця б трохі вагі, стан іх пячонкі хутка паляпшаўся. Іншая рэч, што ўтрымаць такі поспех не надта проста.
А каб лягчэй было яго дамагчыся, людзі цяпер могуць прымяняць спецыяльныя лекі — GLP-1 аганісты, такія як азэмпік. Яны памяншаюць апетыт і праз гэта дапамагаюць схуднець. Юрый адзначае, што гэтыя лекі — вялікі навуковы прарыў і файны інструмент для выпадкаў, калі трэба лячыць моцнае атлусценне.
З іншага боку, цяпер яго выкарыстоўваюць і не ў такіх сур’ёзных выпадках, і з гэтым ёсць пытанні:
«Як і іншыя лекі, азэмпік мае свае пабочныя эфекты і можа выклікаць вялікія праблемы. Адна з іх — тое, што падчас яго выкарыстання вага сыходзіць і за кошт падскурнай тлушчавай клятчаткі, і за кошт мускульнай масы.
Калі чалавек атрымлівае азэмпік і не павялічвае колькасць фізічнай актыўнасці, ён страчвае абодва гэтыя кампаненты масы. І гэта ў доўгай перспектыве можа нават пагоршыць яго стан, таму што мускульную масу вельмі цяжка набраць, а яна вельмі каштоўная для нашага арганізма».
Навуковец тлумачыць, што чалавецтва прыдумала шмат цудоўных рэчаў супраць атлусцення, але вельмі цяжка зрабіць іх эфектыўнымі на працягу ўсяго чалавечага жыцця. Напрыклад, можна праз аперацыю паменшыць аб’ём страўніка, і чалавек пачне менш есці.

Пасля такой аперацыі людзі хутка скідваюць вагу, але калі звычкі не змяняюцца, усё гэта вяртаецца назад, а аперацыю другі раз не атрымаецца зрабіць. Таму ў ЗША да такіх аперацый дапускаюць толькі праз паўгода пасля яе прызначэння. За гэтыя паўгода трэба скінуць 10% вагі іншымі спосабамі, каб паказаць, што ты можаш змяніць свае звычкі і лад жыцця і што ты гатовы да гэтай працэдуры.
«Няма колькасці алкаголю, якая была б бяспечная для чалавека»
Фруктоза і высокавугляводная ежа — не адзіныя ворагі пячонкі. Вы ведаеце, без якога тыпу прадуктаў спіс такіх ворагаў будзе няпоўны:
«Алкаголь — рэчыва, шкоднае па дзвюх прычынах. Па-першае, ён выклікае сур’ёзнае паражэнне пячонкі (алкагольны гепатыт), хаця мы і не ведаем пакуль дакладна, як гэта адбываецца. Гэта сур'ёзная хвароба, якая можа хутка зрабіцца смяротнай і ад якой пакуль няма эфектыўнага лячэння, і ў апошнія гады яна маладзее.
Па-другое, у алкаголі шмат калорый, але яны пустыя, там няма карысных рэчываў і наша цела нічога не можа пабудаваць з алкаголю. Тым не менш па сваёй каларыйнасці ён амаль у два разы большы за цукар».
Што наконт бяспечнай дозы? Юрый згадвае састарэлае і дагэтуль папулярнае меркаванне, што келіх чырвонага віна на дзень паляпшае здароўе. Цікава, што, па даных навукоўца, гэтыя даныя калісьці прыйшлі з Францыі, і адпаведныя даследаванні былі звязаныя з французскімі вінаробамі.
У чырвоным віне насамрэч ёсць рэсвератрол — рэчыва, якому прыпісвалі шмат карысных уласцівасцяў і нават распрацавалі з ім біялагічна актыўныя дабаўкі. Але ж у выніку навукоўцы не змаглі даказаць, што рэсвератрол насамрэч хоць нечым карысны нават у дозах, значна вышэйшых за яго колькасць у віне.
Цяпер пра бяспечныя дозы гаворкі не ідзе:
«Некалькі гадоў таму пасля велізарных даследаванняў стала вядома, што няма колькасці алкаголю, якая была б бяспечная для чалавека. Гэтыя сучасныя глабальныя даследаванні выкананыя не на даных тысяч людзей, а на даных мільёнаў, і таму яны вельмі пераканаўчыя.
Цяпер мы дакладна ведаем, што алкаголь мае дозазалежную шкоду для здароўя, то-бок чым больш п’еш, тым большая будзе шкода».
Юрый перасцерагае ад таго, каб лічыць алкаголь абсалютным злом — гэта проста рэчыва, пра якое, калі яго спажываеш, трэба разумець, што яно мае вельмі канкрэтную рызыку.
Важна сачыць, каб алкаголю ў жыцці не стала празмерна шмат і каб ён не зрабіўся рэгулярнай з’явай для вас:
«Калі чалавек п’е алкаголь раз-два на месяц у сацыяльных абставінах і не да стану непрытомнасці, то шкода для яго здароўя будзе мінімальная. Але да алкаголю ўзнікае залежнасць. Сёння яе ў вас няма, а заўтра, калі з’явяцца негатыўныя абставіны і будзе больш складана супраціўляцца залежнасцям, гэтае імкненне да алкаголю можа ўзмацніцца».
«Амаль усе жывёлы, асабліва грызуны, адчуваюць агіду да алкаголю»
Навуковец асобна кажа пра binge drinking — сітуацыю, калі чалавек выпівае шмат алкаголю за кароткі час і праз гэта моцна п’янее. Гэта самы шкодны з падыходаў да піцця алкаголю, такая звычка хутка выклікае вялікія праблемы з пячонкай нават у маладых людзей.

Самае дрэннае, што можна зрабіць з алкаголем — выпіць яго шмат і вельмі хутка, упэўнены Юрый. У яго лабараторыі навукоўцы вывучаюць наступствы binge drinking:
«Спачатку мышы 10 дзён атрымліваюць дыету, якая змяшчае алкаголь. Гэта трохі падобна да заходняга падыходу да піцця, калі чалавек п’е рэгулярна, але адносна мала. А ў канцы эксперыменту мы робім binge drinking, калі проста ў страўнік мышы заліваем вялікую колькасць алкаголю і праз 9 гадзін аналізуем шкодны эфект на пячонку.
Цікава, што мадэляваць уплыў алкаголю на жывёлах вельмі цяжка, бо амаль усе жывёлы, асабліва грызуны, адчуваюць моцную агіду да алкаголю. Таму даводзіцца фактычна заліваць ім алкаголь у страўнік, бо сама мыш ніколі не вып’е шмат алкаголю».
Паводле слоў Юрыя, цяпер няма доказаў, што нейкі від алкаголю больш шкодны за іншыя. Справа хутчэй у тым, як мы п’ем. Калі гаворка пра больш дарагія напоі, іх шмат не вып’еш, таму што бюджэт не дазволіць, і таму шкода ад іх будзе меншая.
Калі гаворка пра слабаалкагольныя напоі, то ад іх цяжэй ап’янець, чым ад моцных напояў: у першым выпадку для гэтага трэба выпіць за кароткі час вельмі шмат, напрыклад, піва, і гэта складана, а вось ап’янець ад умоўнага віскі можна лягчэй. Таму, тлумачыць навуковец, моцныя алкагольныя напоі маюць больш патэнцыялу нашкодзіць здароўю.
«Ёсць некалькі відаў паразітаў, якія могуць жыць у чалавечай пячонцы, калі яны трапляюць у арганізм»
Цыроз і гепатыт — далёка не адзіныя хваробы пячонкі, з якімі сутыкаюцца спецыялісты. Мы спыталі ў Юрыя пра дзіўнае, што можа быць у гэтай сферы, і вось што ён адказаў:
«Хваробы пячонкі, якія больш за ўсё ўражваюць, звязаныя з паразітамі. Ёсць некалькі відаў паразітаў, якія могуць жыць у чалавечай пячонцы, калі яны трапляюць у арганізм.
Напрыклад, гэта шыстасома — яе няма ў Беларусі, але яна распаўсюджаная ў трапічным і субтрапічным клімаце, напрыклад, у Егіпце. У некалькіх афрыканскіх краінах насельніцтва можа мець такую хваробу».
Юрый расказвае пра іншую і вельмі загадкавую хваробу пячонкі — першасны склеразуючы халангіт. Гэта хвароба, праз якую жоўцевыя пратокі ў пячонцы запаляюцца, на іх з’яўляюцца рубцы, і пратокі звужаюцца. У выніку жоўць застойваецца ў пячонцы і выклікае яе пашкоджанне.

Першасны склеразуючы халангіт — адносна рэдкая хвароба, але вельмі несправядлівая, бо ў яе няма вядомых фактараў рызыкі. Захварэць на яе могуць людзі розных сацыяльных статусаў і з рознымі ладамі жыцця, да яе не існуе прафілактыкі. Усё праз тое, што мы не ведаем дакладна механізм яе ўзнікнення, расказвае Юрый:
«Узнікае сур'ёзнае пашкоджанне пячонкі, якое мы звычайна дыягнастуем, калі хвароба ўжо запушчаная і калі яна, хутчэй за ўсё, ужо існуе 10-20 гадоў. Гэтая хвароба няўмольна прагрэсуе і прыводзіць або да перасадкі пячонкі, або да сур’ёзных ускладненняў і нават смерці.
Гэта адна з рэдкіх хваробаў, ад якіх сёння не існуе лекаў, і яна выклікае шмат непрыемных сімптомаў накшталт свербу. Вельмі шмат людзей прысвячаюць багата часу і рэсурсаў, каб знайсці эфектыўныя лекі, і ёсць надзея, што хутка мы іх атрымаем. Апошнія 20 гадоў мы актыўна займаемся гэтай хваробай у маёй лабараторыі».
І гэтыя лекі — не адзінае адкрыццё, якога цяпер чакаюць у сферы, дзе працуе Юрый. Ён расказвае пра антыфіброзную тэрапію, якая спатрэбіцца пры шматлікіх хваробах пячонкі, бо многія з іх выклікаюць фіброз — рубцаванне пячоначнай тканкі, а фіброз вядзе да шматлікіх ускладненняў. Цяпер выпрабоўваецца шмат лекаў, і ў перспектыве некаторыя з іх дапамогуць запаволіць ці спыніць працэс фіброзу пячонкі.
«Цяпер можна зрабіць ген, якога не хапае, і ўвесці яго ў арганізм чалавека, і такое магчыма для шматлікіх хваробаў»
Што да медыцыны ў агульным, навуковец адзначае: цяпер у медыцыне і біятэхналогіях прагрэс такі хуткі, што часам не паспяваеш сачыць за навінамі. Адна з іх — тэхналогіі працы з РНК і ДНК, калі гэтыя рэчывы пасля мадыфікацыі дапамагаюць арганізму змагацца з хваробамі. Юрый кажа, што ў гэтых тэхналогій неверагодны патэнцыял:
«Мы ўсе гэта пабачылі падчас пандэміі кавіду. Дзве найлепшыя вакцыны ад яго — гэта вакцыны ад кампаній Pfizer і Moderna, і яны якраз зробленыя на базе рэвалюцыйнай мРНК-тэхналогіі. Яна дазволіла вельмі хутка абнавіць гэтыя вакцыны, калі адбылася мутацыя віруса, і шмат традыцыйных вакцын страцілі эфектыўнасць.
Так атрымалася, што за пандэмію мы паспрабавалі мРНК-вакцыны фактычна на мільярдах людзей, і таму быў зняты ўвесь скепсіс наконт бяспечнасці мРНК-лячэння. Цяпер мы ведаем, што яно бяспечнае для людзей, і гэта выклікала буйны рост даследаванняў гэтай тэхналогіі».
Іншы вялікі прарыў — тэхналогія рэдагавання генома CRISPR/Cas9, за якую ў 2020-м далі Нобелеўскую прэмію. З яе дапамогай можна нешта дадаваць у геном ці прыбіраць з яго, а таксама змяняць набор генаў у чалавека.

Юрый тлумачыць, што гэтая тэхналогія — рэвалюцыя ў медыцыне, таму што патэнцыйна можна будзе вельмі хутка і эфектыўна рабіць лекі, якія будуць пасаваць да канкрэтнага чалавека і яго хваробаў як пальчатка да рукі. Навуковец мяркуе, што цягам наступных 10 гадоў можна чакаць вялікі прагрэс у гэтай сферы медыцыны. Генная тэрапія ўжо сёння дапамагае шмат якім пацыентам з цяжкімі хваробамі.
Вось прыклад, як гэта працуе:
«Ёсць адносна простыя монагенетычныя хваробы, калі ў чалавека праз мутацыю не хапае нейкага гена. Для прыкладу, гэта фенілкетанурыя — праз адсутнасць гена арганізм не можа перапрацоўваць амінакіслату фенілаланін.
Раней у выпадку з гэтай хваробай людзі трымаліся радыкальнай дыеты, у якой не было гэтай амінакіслаты, і гэта было вельмі цяжка. А цяпер можна зрабіць ген, якога не хапае, і ўвесці яго ў арганізм чалавека».
Пакуль што гэта адны з саміх дарагіх лекаў, якія толькі існуюць на планеце. І каб фармкампаніі пачалі імі займацца, трэба, каб лічбы сышліся, тлумачыць Юрый. Таму ад некаторых хваробаў пакуль што няма лекаў толькі праз тое, што ствараць іх на сёння эканамічна немэтазгодна.
Але навуковец прадказвае, што ў бліжэйшыя гады такое лячэнне будзе рабіцца ўсё больш даступным. І калі ў чалавека ёсць нейкая спецыфічная мутацыя (або некалькі ў выпадку полігенетычных хваробаў), можна спадзявацца, што праз некалькі гадоў будзе вельмі проста стварыць для яго персанальныя лекі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
[Зрэдагавана]