Меркаванні2424

Расія сёлета паспрабуе ўцягнуць Беларусь у вайну? Як успрымаць заяву Зяленскага

Днямі падчас размовы з журналістамі Уладзімір Зяленскі заявіў, што летам ці восенню 2025 года Расія будзе спрабаваць непасрэдна ўцягнуць Беларусь у вайну. «Наша Ніва» спытала ў аналітыка Аляксандра Фрыдмана, наколькі рэалістычны такі сцэнар.

Уладзімір Зяленскі. Фота: Pier Marco Tacca / Getty Images 

«Гэта, уласна, і ёсць аналіз таго, што адбываецца ў Беларусі»

Аляксандр Фрыдман заўважае: сцэнары, што на тэрыторыі Беларусі могуць быць размешчаныя расійскія войскі, напрыклад, для правакацый супраць Захаду, не новыя. Такая інфармацыя яшчэ летась публікавалася ў розных аналітычных выданнях. Акрамя таго, сам Лукашэнка дае падставы так меркаваць, калі робіць заявы адносна «Арэшніка» і расійскай ядзернай зброі.

«Гэта цалкам лагічны крок для расійскага боку»

«Наша Ніва»: У прамове Зяленскага прагучалі даволі кароткія тэрміны — што нібыта Беларусь можа быць уцягнутая ў вайну ўжо гэтай вясной, летам або восенню. Ці не падобна гэта проста на спробу прыцягнуць больш увагі да праблемы?

Аляксандр Фрыдман: Мне такія паводзіны Зяленскага падаюцца цалкам лагічнымі незалежна ад таго, ці адбудуцца нейкія дамоўленасці паміж расіянамі і амерыканцамі, ці не.

Калі дамоўленасці не будзе і стасункі яшчэ больш пагоршацца, то падняць стаўкі і выкарыстаць Беларусь — гэта цалкам лагічны крок для расійскага боку. Нагнятаць абстаноўку можна нават падчас перамоў, каб паказаць: калі мы зараз не дамовімся, то вайна распаўсюдзіцца на іншыя краіны.

Але нават калі і дамовяцца, ніякага грунтоўнага паляпшэння ў стасунках не адбудзецца. Яны застануцца вельмі напружанымі, і ў гэты момант Расія можа быць зацікаўленая ў тым, каб зацэментаваць свой кантроль над тэрыторыяй Беларусі і накіраваць туды свае войскі, каб Літва, Латвія і Польшча жылі з разуменнем, што на іх межах з Беларуссю стаяць расійскія вайскоўцы.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Міністэрства абароны РФ

«НН»: Але ці магчыма ажыццявіць такі сцэнар у агучаныя прэзідэнтам Украіны тэрміны?

АФ: Калі мы паглядзім на 2022 год, то вынікае, што падрыхтавацца да падобнай аперацыі можна даволі хутка. Пакуль ніякіх такіх радыкальных крокаў няма, але гэта не адмяняе таго, што Расія здольная на такое, а Лукашэнка не будзе супрацьстаяць.

Зяленскаму гэта і патрэбна. Ён жа таксама імкнецца ўзмацніць ціск на Захад. Маўляў, глядзіце, калі вы нас зараз кінеце і пойдзеце на нейкія сур’ёзныя кампрамісы за кошт Украіны, то вам гэта адгукнецца.

«НН»: То-бок Зяленскаму выгадна, каб гэта адбылося, ці проста выгадна казаць, што ёсць такая рызыка?

АФ: У цяперашніх умовах яму (Зяленскаму. — «НН») выгадна, каб нешта такое адбылося, бо гэта ўзмацніць падтрымку Украіны. Зяленскаму таксама трэба даказваць на будучыню, што, калі будуць ісці перамовы і будзе ўздымацца пытанне прысутнасці замежных вайскоўцаў, з боку Беларусі таксама можа ісці небяспека, таму мяжу з Беларуссю трэба будзе ахоўваць.

Бо нельга будзе казаць, што лінія фронту з РФ небяспечная, а на беларускім кірунку ўсё добра. Вось ён і імкнецца даказаць, што гэта не так, што Беларусь цалкам знаходзіцца пад расійскім кантролем і можа быць выкарыстана ёю ў сваіх мэтах.

«Расіяне не разлічваюць на працяглую вайну з НАТА»

«НН»: Армія РФ мае даволі сціплыя поспехі на фронце, ужо больш за паўгода яна не можа цалкам аднавіць кантроль над часткай Курскай вобласці. Але пры гэтым з Захаду часта гучыць, што нібыта РФ будзе гатовая праз 4—5 гадоў уступіць у прамы канфлікт з краінамі НАТА.

На які поспех можа разлічваць Расія ў выпадку нападу на адну з краін НАТА, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі і нават з выкарыстаннем яе арміі?

АФ: Я мяркую, што з самага пачатку ў Расіі іншы разлік.

Яны не збіраюцца весці нейкую канвенцыйную вайну з НАТА. Яны разлічваюць на тое, што будзе капітуляцыя, што ўлада хутка пасыплецца і ніхто не будзе змагацца. Гэтак жа яны разлічвалі ў выпадку з Украінай.

Што датычыцца Эстоніі, Латвіі і Літвы, то гэта хутчэй менавіта тое, пра што сцвярджае ў сваіх публікацыях дарадца Пуціна Сяргей Караганаў: маўляў, мы можам такое зрабіць, таму нас трэба ўспрымаць усур’ёз. Каб яны там, на Захадзе, пабачылі: альбо яны з намі дамовяцца і будуць улічваць нашы інтарэсы, альбо мы будзем пагражаць ім ядзернай вайной і знішчэннем.

Расіяне не разлічваюць на працяглую вайну з НАТА, бо гэта будзе самагубствам. У выпадку з краінамі Балтыі яны разлічваюць на бліцкрыг.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images

Такім чынам, яны могуць паспрабаваць згуляць ва-банк. Напрыклад, ты захапіў Эстонію, а пасля кажаш: так, вы моцныя і можаце мяне адсюль выкінуць, але ж вы павінны разумець, што калі вы паспрабуеце гэта зрабіць, я ўжыву ядзерную зброю.

Напэўна, такі ў іх разлік: у пэўны момант у НАТА паглядзяць і падумаюць, а ці варта нам рызыкаваць ядзернай вайной, напрыклад, дзеля Эстоніі? Таму, у выпадку чаго, галоўным аргументам Расіі застанецца ядзерная зброя.

У РФ гатовыя гуляць у рызыкоўныя гульні, а вось на Захадзе такой гатоўнасці няма. Тым больш што бліжэйшым часам Захад не будзе выглядаць маналітным.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары24

  • Ляснік з Лельчыцаў
    07.02.2025
    Ня веру ў такі сцэнар тупа з-за таго, што лука, як вельмі баязлівая істота, разумее, што тады прыляцець можа куды заўгодна. Ён нідзе не схаваецца.
    З боку рф, для іх рб гэта ціхая гавань, месца дзе заводы, якія працуюць на рас впк, не бомбяцца і выконваюць замовы. Я ўжо не кажу пра павальныя антываенныя настроі ў нас. Сістэма дасць такую трэшчыну, што ініцыятары такой затэі вельмі пашкадуюць, што ўцягнулі рб.
    Вось вам маё экспертнае меркаванне.
  • Армия Крайова
    07.02.2025
    Юнгвальд, это что за страна такая "Бiлоруссiя"?
  • Ян
    07.02.2025
    Армия Крайова, гэта тая краіна, што пад поўным кантролем Лукашэнка-пуціна.

Цяпер чытаюць

Вылецела ў невядомым кірунку спікерка КР Анжаліка Мельнікава30

Вылецела ў невядомым кірунку спікерка КР Анжаліка Мельнікава

Усе навіны →
Усе навіны

Магутны землятрус у М'янме. Паніка ў Бангкоку2

У міліцыі назвалі памер хабару, які ўзяў намеснік дырэктара Беларускай чыгункі6

Мінчукі размятаюць свежы бярозавік1

Пуцін прапанаваў увесці знешняе кіраванне ва Украіне для правядзення выбараў і паабяцаў дабіць УСУ20

У міліцыі расказалі, як знайшлі забойцу двух чалавек у Рагачоўскім раёне1

305 рублёў за цукарніцу, 456 за заварнік: цэны ў анлайн-краме Свята-Елісавецінскага манастыра шакуюць19

Аперацыя па пошуку салдатаў ЗША, што праваліліся ў балота ў Літве, доўжылася ўсю ноч2

Гэты маленькі звярок можа раскрыць сакрэт барацьбы са старэннем6

«Рыхтавацца да найгоршага»: Макрон заявіў, што ў Парыжы абмяркоўвалі планы падтрымкі Украіны без ЗША2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вылецела ў невядомым кірунку спікерка КР Анжаліка Мельнікава30

Вылецела ў невядомым кірунку спікерка КР Анжаліка Мельнікава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць