Трамп загадаў Вэнсу прыбраць «неналежную ідэалогію» з музеяў і заапарка
Прэзідэнт ЗША заявіў, што дэмакраты распачалі маштабную спробу перапісаць гісторыю краіны. Цяпер ён збіраецца гэта выправіць.

Дональд Трамп распарадзіўся правесці рэформу Смітсанаўскага інстытута — найбуйнейшага сховішча музейных каштоўнасцяў у свеце.
Прэзідэнт ЗША заявіў, што мае намер «выдаліць неналежную, антыамерыканскую ідэалогію, якая расколвае грамадства», з найбуйнейшага ў свеце комплексу музеяў, адукацыйных і даследчых устаноў, піша The Guardian.
На думку Трампа, за апошняе дзесяцігоддзе была зробленая «мэтанакіраваная і маштабная» спроба перапісаць гісторыю ЗША, замяніўшы «аб'ектыўныя факты скажоным наратывам, прадыктаваным ідэалогіяй, а не праўдай».
«У межах гэтай рэвізіі гісторыя нашай дзяржавы, якая не мае аналагаў для прасоўвання свабоды, правоў асобы і чалавечага шчасця, прадстаўляецца як першапачаткова расісцкая, сэксісцкая, прыгнятальная або ў цэлым невыпраўляльная», — заявіў Трамп.
Указ даручае віцэ-прэзідэнту Джэй Дзі Вэнсу «выдаліць неналежную ідэалогію» з музеяў, адукацыйных і даследчых цэнтраў Смітсанаўскага інстытута, а таксама з Нацыянальнага заапарка.
Акрамя таго, Вэнсу прадпісана прасачыць за тым, каб Музей гісторыі амерыканскіх жанчын «не прызнаваў мужчын жанчынамі ні ў якім аспекце».
Ва ўказе Трамп спасылаецца на выставу ў Амерыканскім мастацкім музеі пад назвай «Форма ўлады: гісторыі пра расу і амерыканскую скульптуру».
Па словах Трампа, на выставе сцвярджаецца, што «ЗША выкарыстоўвалі расу для стварэння і падтрымання сістэм улады, прывілеяў і пазбаўлення правоў».
Ён дадаў, што экспазіцыя «прасоўвае пункт гледжання, згодна з якім раса — не біялагічная рэальнасць, а сацыяльны канструкт». Трамп абурыўся тым, што на выставе выкарыстоўваецца фраза: «Раса — гэта чалавечае вынаходніцтва».
Трамп таксама, відаць, прапанаваў вярнуць канфедэратыўныя назвы і помнікі, многія з якіх былі дэмантаваныя за апошнія гады, на іх ранейшыя месцы ў парках і мемарыялах.
«Указ таксама даручае міністру ўнутраных спраў аднавіць федэральныя паркі, помнікі, мемарыялы, статуі, таблічкі і падобныя аб'екты, якія былі неправамерна дэмантаваныя або змененыя за апошнія пяць гадоў з мэтай навязаць фальшывую рэвізію гісторыі або прынізіць пэўныя гістарычныя асобы і падзеі», — заявіў Трамп.
Смітсанаўскі інстытут быў заснаваны на сродкі Джэймса Смітсана, брытанскага вучонага, які завяшчаў сваё багацце ЗША для стварэння «ў Вашынгтоне ўстановы пад назвай Смітсанаўскі інстытут з мэтай павелічэння і распаўсюджвання ведаў». Ён аб'ядноўвае 21 музей, больш за 150 іх філіялаў па ўсёй краіне, 21 бібліятэку, а таксама 14 адукацыйных і даследчых цэнтраў.
Каментары
A, z inšaha boku, i chren z im, budzie navuka amerykancam, niachaj užo ciapier trenirujucca hryzci lokci, bo za vybar treba placic`, heta akcijoma ...
Всё списано с фашистских, нацистских, коммунистических систем и их методов борьбы с вышеперечисленным.
Пусть лапидарно-гениальный звонит дроздовскому небожителю, тот всё по полкам разложит и опытом борьбы поделится.