«Я ехала ад вайны і бамбёжак»: Яўгенія Чарняўская пра пераезд на Кіпр
Яўгенія Чарняўская, дачка стваральніка Tut.by Юрыя Зісера, шчыра распавяла «Нашай Ніве» пра тое, што яе шакавала ў Лімасоле, як пачала гадаваць дачку самастойна і як вучылася звяртацца па дапамогу.

Як гэта — чарговы раз пачынаць жыццё на новым месцы з чыстага аркуша?
Яўгенія кажа, што кожны яе пераезд — гэта зусім розныя гісторыі. Бо вельмі адрозніваліся ўмовы і ўнутраны стан.
Каля дзесяці гадоў таму яна пераязджала ў Ізраіль асэнсавана. Рыхтавалася загадзя, вучыла мову і прыкладна разумела, што яе чакае. Плюс у той час несла адказнасць толькі за сябе.
Другі часовы пераезд — у Італію — адбыўся ўжо з пяцігадовай дачкой. Тады Яўгенія адправілася ва Фларэнцыю, каб вучыцца майстэрству керамікі. Яна адзначае, што наладзіць побыт з не вельмі вялікім дзіцём у турыстычным горадзе — той яшчэ квэст. Безумоўна, усё навокал незвычайна прыгожае, але ж паспрабуй ты хаця б знайсці зручны дзіцячы садочак. Але жанчына добра разумела, навошта праходзіць праз усе складанасці — яна ішла за сваёй марай.
А вось пераезд на Кіпр быў зусім іншай гісторыяй.
— Я вырашыла пераехаць з Ізраіля на Кіпр не таму, што нечакана палюбіла гэтае месца. На Кіпр я ехала не куды, а адкуль. Я ехала ад вайны, ад бамбёжак. Абрала месца, якое найбліжэйшае да Ізраіля, каб быць бліжэй да Алісінага бацькі, які застаўся жыць у той краіне. Я сама не хацела губляць кантакт з Ізраілем. Планавала ўвесь час лятаць туды — з Кіпра штодзень 13 самалётаў.

Яўгенія кажа, што імкнулася зберагчы сябе ад моцнага культурнага шоку, таму для эміграцыі выбрала месца, падобнае да Ізраіля па шматлікіх фактарах. Пачынаючы ад клімату і заканчваючы ўзроўнем сэрвісу.
— У мяне проста не было сіл на засваенне нейкай новай багатай культуры — напрыклад, Італіі, Іспаніі, Францыі ці нават Польшчы. На Кіпры ўсё даволі зразумела. Плюс тут былі сябры, якія пераехалі з Беларусі.
Кіпр нярэдка шакуе тых, хто пераязджае з постсавецкай прасторы. Дзікая спякота ўлетку. Холад у кватэры ўзімку, бо яна не абаграваецца — таму дома бывае халадней, чым на вуліцы. Дрэнныя рамонты. Дарагая праца рабочых (напрыклад, электрыкаў ці сантэхнікаў). Расслаблены і марудны сэрвіс…
Яўгенію ж пасля доўга жыцця ў Ізраілі ўсім гэтым здзівіць было складана.
— У мяне быў дастаткова нізкі ўзровень чаканняў. Бо ў Ізраілі няма ўсяго таго, пра што гавораць, напрыклад, масквічы, якія пакутуюць тут. Тыпу, ох, няма дзіцячых пляцовак з бэбісітарам. Манікюр нельга зрабіць уначы і ўсё такое. Я б нават сказала, што Кіпр выйграе па сэрвісе ў параўнанні з Ізраілем.

Але ўсё ж знайшлося тое, што ўсё ж шакавала Яўгенію. Нават праз тры месяцы яна не можа прывыкнуць да выродлівасці Лімасола. Жанчына адзначае, што гэта самы зручны горад на Кіпры — цэнтр бізнэсу, гандлю, івэнтаў… Але ж ён падаецца такім пачварным, што ажно кроў з вачэй льецца.
— Няма ніякага архітэктурнага ансамбля, абсалютна ўсё бязглуздае, будынкі натыканыя як крывыя зубы. Побач могуць быць шматпавярховік у выглядзе ветразя і халупы, дзе жывуць дастаўшчыкі Wolt. Шыкоўны цэнтр продажу Porsche або Maserati, а побач з ім раздзяўбаны асфальт. Звалка насупраць рэстарана, дзе за амлет на сняданак плацяць па 20 еўра.
Складана для Яўгеніі і тое, што Лімасол — гэта горад не для шпацыру, а для перамяшчэння на машыне. Яна кажа, што гуляць можна толькі ўздоўж набярэжнай. У цэлым больш пешых зон няма.
— І парк тут толькі адзін — муніцыпальны. Але яго цалкам можна прайсці хвіліны за чатыры, з аднаго боку ў другі. У Ізраілі таксама было складана з месцамі для шпацыру, але там усё неяк кампенсаваў вайб: кафэшкі, галерэі, вулічны варушняк. Праз усю гэтую непрыгожасць горада шпацырую я цяпер выключна на бегавой дарожцы ў спартзале.

Скардзіцца жанчына і на праблемы з грамадскім транспартам. Яна кажа, што ў горадзе ўсе карыстаюцца фактычна толькі адным маршрутам аўтобусу, які ідзе ўздоўж набярэжнай. І каб трапіць кудысьці, трэба спачатку дайсці да набярэжнай, праехаць, а потым вярнуцца назад і ісці, куды табе трэба.
— Да гэтага я не прывыкла, гэта вельмі некамфортна. Але ж тут пытанне, што трэба, ехаць або шашачкі. Для мяне галоўным было сябе і дачку дастаць з небяспечнага месца. У Ізраілі я баялася бамбёжак, дрэнна спала і пакутавала ад панічных атак. Я ўвесь час баялася тэрактаў, баялася адправіць дзіця ў школу. У параўнанні з усім гэтым непрыгожая архітэктура і шпацыр па бегавой дарожцы — дробязь жыцця. Вядома, пытанні бяспекі пераважваюць.
Раней у інтэрв’ю «Нашай Ніве» Яўгенія расказвала, што пачала вырабляць люксавую кераміку і адкрыла анлайн-краму. На Кіпры яна спрабуе працягваць займацца ўлюблёнай справай, але складанасцяў больш чым дастаткова.

Апошнія два месяцы яна спрабавала знайсці сабе зручнае месца працы ў Лімасоле, але нічога з таго не выйшла. Усе студыі, дзе могуць працаваць керамісты, Яўгеніі не пасавалі.
— Большасць студый цесненькія і міленькія, але з вельмі нізкімі вытворчымі магутнасцямі. Там мяне гатовы прымаць толькі два разы на тыдзень на пару гадзін. Я прывыкла да такога варыянту, калі ты плаціш фіксаваную суму за месяц, а далей усё ўключана і ты прыходзіш у свае гадзіны. Такое я тут знайшла толькі ў адным месцы ў старым горадзе. І людзі там цудоўныя, але ж такі здаравенны ангар, дзе тхне цвіллю і няма нармальнага асвятлення.
Яўгенія сябе і сяк, і так намаўляла, каб задаволіцца тым, што ёсць, але не дала рады. Скончылася тым, што яна ездзіла ў Пафас, дзе знайшла сапраўды класную вялікую студыю з добрымі магутнасцямі, вельмі ветлівым персаналам, уражваючай колькасцю розных матэрыялаў.

Але ж калі ездзіць працаваць у той горад, на дарогу штодзень будзе ісці дзве гадзіны. Варыянт жыць у Пафасе таксама прывабным не выглядае.
— У Пафасе дык зусім нудота. Там няма івэнтаў, дрэна развіты кавярні… Гэта такі крыху вясковы горад. У асноўным там жывуць састарэлыя брытанцы. Выходзіш на вуліцу і адчуваеш, быццам табе не 37, а 73, а то і 93. І гэта мяне, вядома, прыгнятае. Але мне бракуе магчымасці рэалізавацца, працаваць. Я ўжо гатовая пакуль ездзіць, а потым, можа, і пераехаць. Проста гэта ўсё ўскладняецца тым, што ёсць дзіця, якое змагла ўжо ўладкаваць у школу. Пераводзіць дачку пры канцы навучальнага года, з улікам таго, што і так быў пераезд, не вельмі добрая ідэя.
Знаёмыя раяць Яўгеніі адкрыць сваю ўласную студыю ў Лімасоле.
— Калі б я ведала, што мы на Кіпры надоўга, гэта б мела сэнс. Пры лімасольскіх цэнах на хобі гэта было б выгадна. Нават групавы занятак па кераміцы, дзе дзеці нічога незвычайнага не робяць, каштуе 25 еўра за гадзіну. Сын маёй сяброўкі ходзіць на плаванне — 50 еўра за гадзіну. Калі ты на Кіпры і не ведаеш грэчаскай, то будзь гатовы вось да такіх цэн. Але ж мне трэба зразумець, што я гатовая паўгода займацца дакументамі, афармленнем, рамонтам, прывозам тэхнікі, пошукам персаналу.

Складанасць яшчэ і ў тым, што на Кіпры Яўгенія адна з дзіцём. Таму мужчынскай падтрымкі бракуе:
— Звычайна ў керамістак ёсць муж з балгаркай, малатком, сякерай. Для іх усё прасцей. А мне трэба будзе шукаць нейкага мужчыну, які будзе павольна як-небудзь крыва-коса ўсё рабіць. І не зразумела, колькі часу на гэта спатрэбіцца.
Дарэчы, адшукаць школу для дачкі таксама было задачай з зорачкай. Нягледзячы на тое, што тут, улічваючы вялікую колькасць мігрантаў пасля 2020, а асабліва 2022 года, прыватных школ хапае.
Спачатку Яўгенія думала пра так званую брытанскую школу — такія школы працуюць у розных месцах свету па аднолькавай праграме. Гэта зручна для бацькоў, якія часта пераязджаюць, а іх дзецям прыходзіцца вучыцца ў розных краінах.
— Я спачатку вельмі ўзрадавалася, але ў «брыціша» ёсць зваротны бок. Усё вельмі строгае, ёсць вялікі фокус на дысцыпліне. Я ж гадую Алісу ў супрацьлеглых каштоўнасцях. У Ізраілі галоўнай каштоўнасцю лічыцца свабода, у тым ліку свабода выбару. Там дачка вучылася ў дэмакратычнай школе. У ёй нават у 6 гадоў дазваляюць вучням выбіраць прадметы, якія яны абавязваюцца вывучаць да канца года. То-бок у першы месяц можна паспрабаваць усё, а потым вырашыць, што больш падабаецца. Вядома, ёсць абавязковыя ўрокі кшталту матэматыкі, але шмат што ў сваім раскладзе можна абраць самастойна.
Плюс у дэмакратычных школах дзяцей не прымушаюць заставацца на занятках, калі яны дрэнна сябе адчуваюць ці стомлены, ці нават калі ім проста сумна.
— Ты можаш выйсці ў спецыяльны пакой, дзе ёсць педагог, шмат усялякіх крэслаў-мяшкоў і матрацаў. І пакачацца, паразмаўляць з іншымі дзецьмі, ці заплюшчыць вочы і адпачыць. Вядома, мабільнікі ці планшэты туды забаронена браць. Але хатняе заданне, напрыклад, можна рабіць. У дэмакратычных школах лічаць, што дзіця лепш разумее, што яму патрэбна цяпер і добра само сябе рэгулюе.

Яўгенія ўпэўнена: прымус на такой доўгай дыстанцыі, як 11—12 гадоў навучання — непрацоўны механізм. Таму вырашыла на Кіпры аддаць дачку ў прыватную школу на вальдорфаўскае аддзяленне.
Вальдорфаўская сістэма таксама адрозніваецца вольным падыходам, свабодай выбару, свабодай самавыражэння.
— Настаўнікі там усе выглядаюць вельмі смешна. У дзяцей ёсць свой сад, дзе яны апрацоўваюць зямлю. Шмат увагі надаецца актыўнасцям.
Карацей, у гэтай школе Яўгеніі падабалася ўсё, акрамя таго, колькі часу патрабавалася на дарогу туды і назад. Зранку паўтары гадзіны ішло на тое, каб адвезці дачку ў школу і вярнуцца дамоў, а потым яшчэ паўтары гадзіны ўвечары. Пасля Ізраілю, дзе да школы было тры хвіліны пешшу, такая сітуацыя не магла парадаваць.
— Большасць прыватных школ знаходзіцца за горадам. Такая ж сітуацыя з гурткамі. Калі ў цябе дзіця і ты хочаш, каб яно не вар'яцела ад нуды, неяк развівалася, табе трэба бясконца катаць яго на машыне. Мамы тут жартуюць, што яны ператварыліся ў аўтамам. Таму развіта такая паслуга як аўтанянькі. Мая сяброўка плаціць 500 еўра на месяц за тое, што яе дзіця адвозяць і прывозяць з школы на машыне. І гэта не лімузін нейкі, а звычайнае таксі.

У выніку Яўгеніі параілі яўрэйскую школу ў самым цэнтры Лімасола. У фэйсбуку яна пісала, што там іх прынялі як родных. Адразу прыгатавалі торт у гонар прыезду Алісы, выслухалі. Іўрыт і руская мова, на якіх размаўлялі дзеці і многія настаўнікі, дапамаглі дзяўчынцы інтэгравацца лепш у вучобу, якая ўся на англійскай. Усё гэта было бальзамам на змучаныя пераездам душы.
Але з’явіўся і рэлігійны аспект. Спачатку дачка папрасіла Яўгенію набыць доўгую спадніцу. Маці адказала «можаш насіць свае звычайныя спадніцы, і кароткія, і доўгія, шорты і штаны». Потым Аліса стала ўдакладняць, што можна есці…
Яўгенія прызнаецца, што рэлігійнасць у школе яе не напружвае і яна больш з цікавасцю назірае за развіццём падзей. Але ж у той самы час разумее, што не плануе, каб Аліса вучылася ў гэтай школе шмат гадоў. І лічыць яе нейкім прамежкавым варыянтам.
— З другога боку, я імкнуся захаваць дачцэ рускую мову і іўрыт, бо спадзяюся, што мы вернемся ў Ізраіль. Таму я рада, што ў школе ёй ёсць з кім размаўляць на гэтых мовах. Пры гэтым трэба яшчэ зрабіць так, каб яна вывучыла англійскую.
Яўгенія кажа, што большая частка яе вольнага часу сыходзіць на тое, каб заставацца на плыву.
— Спачатку я была ў жаху ад горада, ад таго, што няма школы, таму дачка ўвесь час са мной. Бо ў Ізраілі ў нас з яе татам было сумеснае бацькоўства, дзякуючы якому я мела дастаткова ўласнай прасторы.
Жанчына прызнаецца, што ў чарговай міграцыі яе накрыла хваляй адзіноты ад разумення: зноў трэба разбірацца са ўсім самастойна. Падняліся зноў на паверхню ўсе цяжкія сітуацыі, з якімі сутыкалася Яўгенія.
— Я ўспомніла, як было цяжка, калі закруцілася сітуацыя з Тутбаем, і я павінна была прымаць усе рашэнні. Як я адчувала сябе безабароннай перад людзьмі, якія затрымалі маю маму. Успомніла, як страціла тату і адчувала ўсю бездапаможнасць перад смерцю.
Каб дапамагчы сабе, Яўгенія працуе з коўчам.
— Коўч дапамагае мне знайсці рытуалы, які палягчаюць жыццё. Яна таксама звяртае ўвагу на тое, дзе канкрэтна мне патрэбна дапамога: «Вось тут табе патрэбна няня, тут прыбіральшчыца. А пра гэта ты падумаеш праз паўгода». Яна нават кватэру дапамагала шукаць, вызначыўшы разам са мной рэлевантныя крытэрыі.
Ёсць у Яўгеніі і псіхолаг. Яна ў тэрапіі шмат гадоў — з таго часу, як яе тата Юрый Зісер пачаў хварэць. Але сёлета яна адкрыла для сябе палявую тэрапію, пра якую раней не чула. Цяпер займаецца з псіхолагам, які працуе ў гэтым кірунку. Кажа, што спецыяліст вельмі дапамагае.

— Вядома, дапамагаюць і сябры. Тут ёсць людзі на Кіпры цудоўныя, шмат беларусаў. Мы прыехалі за тры дні да Новага года. Нас да сябе паклікалі святкаваць людзі, якіх я ведала дзве гадзіны. Яны былі вельмі рады нас бачыць, падарылі дачцэ падарункі.
Яўгенія прызнаецца, што вучылася звяртацца па дапамогу.
— У нейкі момант, калі я была ўжо зусім перанапружаная, я проста прымусіла сабе скласці спіс таго, што мне трэба. «Хачу, каб са мной папілі каву на моры і пагутарылі там аб модзе», «Хачу, каб два разы на тыдзень было схадзіць да каго ў госці з дачкой, каб з Алісай пагулялі, а я крыху адпачыла», «Хачу, каб нехта схадзіў са мной паглядзець дзве фінальныя кватэры, бо я не магу вызначыцца»… І вось я разаслала гэты спіс знаёмым і людзям, якія былі хоць неяк звязаныя з Кіпрам. Нехта праігнараваў, нехта проста сэрца даслаў, а нехта адказаў: «Я магу дапамагчы вось з гэтым і гэтым пунктам».
Яўгенія нават змагла пакінуць на тыдзень дачку сябрам і паехаць у адпачынак. Кажа, усё гэта вельмі дапамагло прыйсці ў сябе.
Юлія Чарняўская: Іншы раз яны проста такімі нараджаюцца
Юлія Чарняўская прэзентавала кнігу паэзіі, напісаную пад хатнім арыштам. Яна прысвяціла яе мужу — Юрыю Зісеру
Яўгенія Чарняўская, дачка заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера, занялася вырабам люксавай керамікі
Дзевяць фігурантаў «справы Tut.by» памілаваў Лукашэнка
Каментары
Если бы не папа, ни единой причины попасть в поле чьих-то интересов у нее не было. Тчк.
[Зрэдагавана]