Гендырэктара Ryanair патролілі ў рэстаране: у ягоны рахунак уключылі даплату за прастору для ног
Кіраўнік вядомага лоўкоста, які бярэ з пасажыраў дадатковую плату практычна за ўсё, атрымаў у рэстаране вельмі незвычайны рахунак.

Ірландскі рэстаран патроліў Майкла О’Ліры — генеральнага дырэктара бюджэтнай авіякампаніі Ryanair. Да яго рахунку дадалі дадатковыя зборы, парадзіруючы шматлікія даплаты, якія яго авіякампанія часта спаганяе з кліентаў, піша New York Post.
О'Ліры наведаў рэстаран Luvida ў мястэчку Наван у мінулую пятніцу. У канцы вечара яму прынеслі рахунак з дадатковымі зборамі на суму ў 37,85 еўра. Яны ўключалі плату за «дадатковую прастору для ног» (7,95 еўра), «прыярытэтнае размяшчэнне» (9,95 еўра) і «браняванне месца ў зоне цішыні» (19,95 еўра).
Паеў О'Ліры на 142 еўра, не лічачы даплатаў — ён замовіў бутэльку піна-гры, крэветкі ў кляры, тост з грыбамі і сібас на агульную суму 142,30 еўра.
«Дзякуй Майклу О’Ліры за тое, што выбраў наш рэстаран сёння ўвечары! Было прыемна вас у нас прымаць.
Спадзяемся, вы не супраць, што мы дадалі да вашага рахунку дадатковыя зборы за павялічаную прастору для ног, прыярытэтнае размяшчэнне ў кабінцы і браняванне ў ціхай зоне», — пажартаваў рэстаран у сацсетках, апублікаваўшы незвычайны чэк.

Як аказалася, О’Ліры ўсё ж не прыйшлося даплачваць за вячэру. Менеджар рэстарана Марыка Хацяновіч расказала, што ў выніку гэтыя грошы з генеральнага дырэктара Ryanair не спаганялі.
«Мы збіраліся, але ў апошні момант спалохаліся», — прызналася яна, дадаўшы, што наступным разам абысціся без аплаты не атрымаецца.
О’Ліры, выглядае, ацаніў жарт: пасля вячэры ён сфатаграфаваўся з Хацяновіч.
Менеджарка таксама падкрэсліла, што, незалежна ад жарту з даплатамі, госць пакінуў шчодрыя чаявыя.
«Ён сапраўды пакінуў добрыя чаявыя. Хтосьці напісаў злы каментар, што, маўляў, ён, напэўна, нічога не пакінуў, але гэта няпраўда», — адзначыла Хацяновіч.
Кампанія Ryanair вядомая сваёй палітыкай дадатковых збораў. Нядаўна авіякампанія абвясціла, што будзе штрафаваць пасажыраў за спазненне на рэгістрацыю,
Ryanair будзе штрафаваць пасажыраў, што спазніліся на рэгістрацыю
Кот прабраўся ў самалёт, напалохана там сядзеў і не даваў сябе злавіць. Рэйс затрымалі на двое сутак
Wizz Air адмовіў беларусцы з польскім праязным дакументам у пасадцы на рэйс на Кіпр
Ryanair цалкам адмаўляецца ад папяровых пасадачных талонаў
Каментары