Спікерка КР Анжаліка Мельнікава таемна вылецела ў Лондан — і прапала
Мельнікава лічылася чалавекам Паўла Латушкі на чале Каардынацыйнай рады.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», Анжаліка Мельнікава сама пакінула тэрыторыю Польшчы на самалёце. Яна вылецела з тэрыторыі Еўрасаюза ў Велікабрытанію, пасля чаго яе след згубіўся.
Пра свае планы спікерка КР не папярэдзіла нікога з сяброў.
У польскія праваахоўныя органы сябры падалі заяву аб знікненні Мельнікавай.
«Інфармую, што з 25 сакавіка адсутнічае сувязь са спікеркай Каардынацыйнай рады Беларусі Анжалікай Мельнікавай. Па наяўнай інфармацыі яна не знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы.
Мы спадзяемся на лепшае, але разумеем, што першыя асобы дэмакратычных сіл Беларусі з'яўляюцца прыярытэтнымі цэлямі спецслужбаў рэжымаў у Беларусі і Расіі.
Мной афіцыйна пададзеная заява ў праваахоўныя органы Польшчы аб знікненні спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Па просьбе праваахоўных органаў дадзеная інфармацыя не разгалошвалася.
Мы будзем інфармаваць аб развіцці сітуацыі па ўзгадненні з праваахоўнымі органамі Польшчы», — напісаў Латушка.
Разам з Анжалікай Мельнікавай зніклі і яе дзеці, дочкі 6 і 12 гадоў. Спікерка КР жыла разам з імі ў Варшаве. Дзе цяпер дзеці, таксама невядома.
Былы муж Анжалікі Мельнікавай знаходзіцца не ў Польшчы.
Паводле папярэдняй інфармацыі, Анжаліка Мельнікава можа знаходзіцца нават не на тэрыторыі Еўрасаюза, паведаміў сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў.
Сакратарыят КР заяўляе, што Мельнікава доўгі час не выходзіла на сувязь, а цяпер яе месцазнаходжанне дакладна невядома. КР просіць паведаміць у сакратарыят інфармацыю пра апошні кантакт са спікеркай КР і характар гэтага кантакту.
Анжаліка Мельнікава нарадзілася ў Нясвіжы. Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Да 2018 года была намесніцай генеральнага дырэктара «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», пасля сышла ў дэкрэтны адпачынак. У 2020 яе двойчы затрымлівалі на пратэстах, у выніку сям'я з'ехала з Беларусі.
Акрамя спікерства ў КР Мельнікава працуе з Паўлам Латушкам у Народным антыкрызісным упраўленні.
Апошняе паведамленне, якое атрымалі ад спікеркі Анжалікі Мельнікавай дэлегаты Каардынацыйнай рады, было прысвечана яе цяжкаму стану здароўя. Паколькі ўсе думалі, што яна хварэе, то ніхто жанчыну асабліва і не шукаў.
«У мяне ўскладненне пасля кавіду, і сёння пацвердзілася запаленне лёгкіх. Цяпер я на ўколах і антыбіётыках.
Калі ўзнікне нешта сапраўды важнае і тэрміновае, я заўсёды буду на сувязі і змагу ўдзельнічаць у неадкладных нарадах / званках праз Zoom. Але прашу паставіцца з разуменнем — я буду на бальнічным бліжэйшыя два тыдні», — напісала ў сваім апошнім паведамленні ў чаце Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава.
Як выявілася, праз нейкі час Мельнікава вылецела з Еўрасаюза, не папярэдзіўшы нікога.
Мельнікава лічылася «чалавекам Латушкі» на чале Каардынацыйнай рады.
«Пазваніў міністр: Анжаліка, куды ты лезеш?» Былая топ «Кока-Колы» расказвае, як стала спікеркай Каардынацыйнай рады
Хто стане новым спікерам Каардынацыйнай рады? Імя фаварыта ўжо вядомае
«Колькі палітвязняў вызваліў Машэнскі?!» Пятрухін біўся супраць усёй Каардынацыйнай рады, але перамогу так і не здабыў
Былая віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Вольга Павук стала настаўніцай у літоўскай школе
Каментары