Эксперт пра знікненне амерыканскіх вайскоўцаў у Літве: Ёсць тры версіі
Афіцэр запасу і эксперт у сферы абароны Дарус Антанайціс у інтэрв’ю тэлеканалу LNK распавёў пра асаблівасці палігона і магчымыя прычыны трагедыі, піша Delfi.lt.

«Падбродскі палігон — гэта цэнтральны палігон літоўскай арміі, самы вялікі, тут праводзіцца больш за ўсё вучэнняў. Гэта вялікая тэрыторыя, падзеленая на меншыя ўчасткі, дзе праходзяць трэніроўкі. Асноўнае поле — для стральбы, больш за 10 гектараў адкрытай мясцовасці, дзе можна страляць з рознай зброі. Вакол шмат лясоў, узгоркаў, ёсць балоты, рэчкі, азёрцы. Мясцовасць вельмі разнастайная. Ёсць нават зона для «бою ў горадзе» — збудаваны невялікі населены пункт», — расказаў Антанайціс.
«Заўсёды можна выбраць адпаведны ўчастак для вучэнняў. Тое месца, дзе знікла бронемашына — балота», — падкрэсліў ён.
Размова ідзе пра гусенічную браняваную рамонтна-эвакуацыйную машыну, прызначаную для эвакуацыі цяжкай тэхнікі з поля бою. Машына пабудавана на базе старога танка M60, з якога знялі вежу і ўсталявалі лябёдку ды іншае абсталяванне. У кузаве, які таксама браняваны, могуць змясціцца 3—4 чалавекі.
Антанайціс адзначыў, што дакладна не ведае, што адбылося, але прапанаваў тры магчымыя версіі:
- Вайскоўцы патанулі разам з машынай.
- Яны выбраліся з машыны, але патанулі з-за бронекамізэлек, ботаў і, магчыма, зброі.
- Напалоханыя вайскоўцы дабраліся да берага і цяпер хаваюцца.
Таксама эксперт падкрэсліў, што рух на палігоне адбываецца па строга ўстаноўленых правілах:
«Нельга проста так з’язджаць з дарогі — гэта і правілы аховы прыроды, і тэхнічныя патрабаванні. Не ўсе дарогі вытрымліваюць такую цяжкую тэхніку. Наўрад ці іх мэтай было заехаць у балота. Ніхто не мог аддаць загад ехаць проста туды».
Ён адзначыў, што ў такіх выпадках заўсёды важная папярэдняя разведка мясцовасці:
«Мы ўжо бачылі з кароткіх відэа з Украіны, што тэхніка часам грузне. Гэта значыць, што не была праведзена разведка, не ацанілі ўмовы, паслалі тэхніку туды, дзе яна не праедзе. А гэта недапушчальна — нельга пасылаць салдат туды, дзе яны не толькі не праедуць, але і могуць загінуць».
На заканчэнне Антанайціс адзначыў, што гэтай гісторыяй «відавочна скарыстаецца расійская прапаганда».
Каментары