Пад Варшавай паліцыя затрымала 30-гадовага грамадзяніна Беларусі на крадзенай машыне і з вялікім запасам наркатычных сродкаў, піша «Радыё Свабода».

Паводле інфармацыі паліцыі, мужчына кіраваў аўтамабілем Mercedes, скрадзеным у Іспаніі. Яго затрымалі, калі ён выходзіў з гэтай машыны. Пры затрыманні мужчына спрабаваў уцячы і аказаў супраціўленне.
Падчас праверкі выяўлена, што дакументы на аўтамабіль былі падробленыя — машына была аформлена ў Польшчы, але VIN-нумар сведчыў, што яе скралі ў Іспаніі ў лістападзе 2024 года.
Пры вобшуку ў кватэры затрыманага і ў іншым аўтамабілі, які яму належаў, паліцыя выявіла агулам 92 кілаграмы наркатычных рэчываў. У прыватнасці, у горадзе Зомбкі пад Варшавай у адным з Mercedes знайшлі больш за 53,5 кг марыхуаны, амаль 15,5 кг амфетаміну і каля 2,7 кг таблетак МДМА.
У кватэры, дзе жыў мужчына, знайшлі больш за 20 кг гашышу. Акрамя таго, у машыне, на якой ён перасоўваўся, былі знойдзеныя зброя і грашовыя сродкі ў еўра і злотых.
Суд прыняў рашэнне аб змяшчэнні беларуса пад варту. Яму выстаўленыя абвінавачванні па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Паліцыя таксама праводзіць праверку, як мужчыну ўдалося зарэгістраваць у Польшчы аўтамабіль, які быў скрадзены ў Іспаніі.
Каментары