Ліхачоў і парушальнікаў на электрасамакатах у Мінску будуць выяўляць палявыя каманды
Дырэктар аднаго з шэрынгавых сэрвісаў распавёў, як у сталіцы будуць змагацца з парушальнікамі правілаў карыстання арэнднымі самакатамі.

У 2024 годзе ў Мінску выяўлена і заблакавана як мінімум 2400 парушальнікаў правілаў карыстання арэндавымі электрасамакатамі. Пра гэта распавёў дырэктар аднаго з шэрынгавых сэрвісаў Аляксандр Каляда.
Кампаніі працягваюць удасканальваць правілы бяспекі. Напрыклад, для абмежавання хуткасці электрасамакатаў у горадзе ўжо ўведзены так званыя «павольныя зоны». Гэта пешаходныя вуліцы і месцы масавага скаплення людзей.
Хуткасць да 15 км/г для сродкаў персанальнай мабільнасці абмежаваная ў межах цэнтральнай часткі горада і 1-га транспартнага кальца. Гэта вуліцы Мельнікайтэ, Сухая, Калектарная, Свярдлова, Ульянаўская, М. Багдановіча, Казлова, Старажоўская і праспект Незалежнасці.
Таксама абмежаванні дзейнічаюць у парку Перамогі, каля Камароўскага рынку, у парках імя Н. Грэкавай, Чалюскінцаў, побач з буйнымі гандлёвымі цэнтрамі і на некаторых іншых пляцоўках. Там самакаты альбо аўтаматычна зніжаюць хуткасць да 10—15 км/г, альбо спыняюцца, паведамляюць «Мінск-Навіны».
«Карыстальнікі не змогуць абысці гэтае абмежаванне. Акрамя таго, перад пачаткам паездкі яны выбіраюць адзін з трох хуткасных рэжымаў: «эка», «драйв» або «спорт». У апошнім максімальная хуткасць дасягае 25 км/г, у «драйве» — да 20 км/г, а «эка» дазваляе ехаць не хутчэй за 15 км/г», — распавёў Каляда.
Кантролем за выкананнем ПДР займаюцца супрацоўнікі міліцыі, а кікшэрынгавая кампанія са свайго боку фіксуе парушэнні правілаў карыстання сэрвісам і нагадвае пра бяспеку. Найбольш частыя прычыны блакіровак — перадача кіравання самакатам дзецям і паездкі ўдваіх на адным сродку персанальнай мабільнасці.
Паводле дзеючага заканадаўства, карыстацца самакатамі дазваляецца з 14 гадоў. Аднак кікшэрынгавыя сэрвісы абмяжоўваюць доступ да арэнды для непаўналетніх.
«Электрасамакаты даступныя толькі тым, каму споўнілася 18 гадоў. Калі ж дзіця ўсё ж скарысталася ім, значыць, кіраванне яму перадаў безадказны дарослы — і гэта падстава для блакіроўкі акаўнта. Паводле нашай статыстыкі, сярэдні ўзрост карыстальніка самаката — 27 гадоў», — паведаміў Каледа.
Парушальнікаў выяўляюць спецыяльныя палявыя каманды, якія сочаць за выкананнем правілаў. Акрамя таго, кампанія рэагуе на сігналы ДАІ і звычайных гараджан.
Для прадухілення выкарыстання аднаго самаката двума людзьмі шэрынгавыя кампаніі распрацавалі праграму «Антытандэм». Яна аналізуе больш за 50 параметраў руху: змены балансу, манеру кіравання, вібрацыі платформы і іншыя фізічныя паказчыкі. Штучны інтэлект апрацоўвае гэтыя дадзеныя ў рэальным часе. Калі выяўляецца два пасажыры на адным самакаце, ён аўтаматычна зніжае хуткасць.
Каментары