На World Press Photo перамог фатограф-ваенкар ТАСС, які здымаў захоп Марыупаля. А вось што абурыла грузінаў
Фатограф расійскага дзяржаўнага агенцтва Міхаіл Цярэшчанка заняў прызавое месца з працай пад назвай «Пратэсты ў Грузіі».

Фатограф расійскага дзяржаўнага агенцтва ТАСС Міхаіл Цярэшчанка стаў адным з пераможцаў конкурсу World Press Photo ў намінацыі «Серыя здымкаў». Арганізатары адзначылі яго працу «Пратэсты ў Грузіі»: Цярэшчанка здымаў акцыі ў Тбілісі супраць прыпынення еўраінтэграцыі.
Перамога Цярэшчанкі выклікала абурэнне сярод грузінскіх фотажурналістаў. Яны апублікавалі ў сацсетках зварот з крытыкай арганізатараў конкурсу, піша «Медуза».
«Узнагароджанне фатографа, які падтрымлівае пазіцыю Крамля, за асвятленне антырасійскіх пратэстаў — не толькі глыбока супярэчлівае, але і з'яўляецца прамой знявагай для тых, хто рызыкуе сваім жыццём, выступаючы супраць умяшання Расіі ў суверэнітэт і будучыню Грузіі», — гаворыцца ў заяве.
Фотажурналісты нагадалі, што агенцтва ТАСС адыгрывала ключавую ролю ў прапагандзе вайны 2008 года і актыўна прадстаўляла Грузію ў якасці дзяржавы-агрэсара.
«Як грамадзяне Грузіі, краіны, 20% тэрыторыі якой акупавана Расіяй, мы маем непасрэдны досвед вайны, вымушанага перамяшчэння і падрыву нашага суверэнітэту. Пратэстоўцы на ўзнагароджанай серыі выступаюць супраць сіл, якія ТАСС паслядоўна абараняе. Расказваць іх гісторыю праз агенцтва, якое саўдзельнічае ў іх уціску, — гэта не толькі супярэчліва, гэта здрада асноватворным прынцыпам журналістыкі», — падкрэслілі грузінскія журналісты.
Цярэшчанка ўваходзіць у прэзідэнцкі пул, а ТАСС таксама называе яго ваенным карэспандэнтам. У інтэрв’ю з нагоды перамогі ў конкурсе ён расказаў, што ў 2022 годзе здымаў захоп Марыупаля расійскімі войскамі — і называе гэта «вызваленнем».
«Гэта была актыўная фаза вызвалення горада-мільённіка, ваенныя прасоўваліся, і мы, журналісты, разам з імі», — распавёў Цярэшчанка.
Нагадаем, у катэгорыі «Доўгатэрміновы праект» у гэтым годзе на World Press Photo перамагла беларуска Таццяна Чыпсанава. Яна распавядае пра народ нгаі таху, які жыве ў прыродаахоўным рэгіёне Тэ Урэвера ў Новай Зеландыі.
Конкурс World Press Photo ладзіць незалежная арганізацыя са штаб-кватэрай у Амстэрдаме.
Каментары