У Беларусі на сённяшні дзень у лістах чакання на эндапратэзаванне знаходзяцца 19 797 пацыентаў. Пра гэта паведамілі на рэспубліканскай нарадзе па выніках працы траўматолага-артапедычнай службы краіны за 2024 год і задачах на гэты год, заўважыла «Люстэрка» ў выданні «Медыцынскі веснік».

Галоўны пазаштатны траўматолаг-артапед Міністэрства аховы здароўя Міхаіл Герасіменка адзначыў, што на 23 мая 2023 года ў чарзе на замену суставаў знаходзіліся 29 862 чалавекі, але «праводзіцца актыўная работа па скарачэнні колькасці пацыентаў у лістах чакання і тэрмінаў чакання (на сёння яны не перавышаюць 12 месяцаў)».
Таксама, паводле ягоных слоў, напрыканцы 2024 года ў бальніцах і клініках працавалі 750 дактароў-траўматолагаў-артапедаў, з іх 111 — аказвалі дапамогу дзецям. Укамплектаванасць кадрамі склала 71,2%, кваліфікацыйныя катэгорыі мелі 79,1% спецыялістаў. Аператыўнай тэхнікай эндапратэзавання тазасцегнавых і каленных суставаў валодаюць 246 урачоў, тады як у маі 2022 года такіх было толькі 170.
Міхаіл Герасіменка дадаў, што эндапратэзаванне буйных суставаў, якое адносіцца да сацыяльна значных аперацый у Беларусі, праводзіцца ў 46 клініках. А сярод задач на 2025 год — скарот чакання на эндапратэзаванне тазасцегнавага сустава да 6 месяцаў, каленнага — да 12 месяцаў. Для іншых планавых аперацый прадугледжваецца чаканне да аднаго месяца.
У Беларусі ўжо не першы год застаецца нявырашанай праблема з чэргамі на замену суставаў. Раней, у маі 2023 года, Аляксандр Лукашэнка патрабаваў да канца таго года праапераваць усіх, хто на той момант стаяў у чарзе на эндапратэзаванне буйных суставаў.
Каментары
гэта як? жэстачайшэ? непрацаздольным ставяць айчынныя. працаздольным нямецкія. але іх 3 гады чакаць. лукашэнка хацеў усім цяп-ляп паставіць айчынныя? а хто будзе працаваць?