Хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы займаюць лідзіруючае месца ў структуры захваральнасці і смяротнасці ў Беларусі. На іх пакутуе каля 30 % дарослага насельніцтва, прычым большасць з іх (60-65 %) маюць ішэмічную хваробу сэрца (ІХС). Інфаркт міякарда — самая цяжкая і распаўсюджаная форма вострай ІХС. Пры гэтым, як адзначаюць спецыялісты, яго можна паспрабаваць папярэдзіць і звесці рызыкі да мінімуму. Якія меры дазволяць захаваць здароўе сэрца і пазбегнуць інфаркту, расказала доктар-гігіеніст аддзела грамадскага здароўя Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аліна Мядзведзь.

Фактары рызыкі
Інфаркт міякарда — гэта вострае захворванне, абумоўленае гібеллю ўчастка сардэчнай мышцы ў сувязі з вострым парушэннем кровазвароту ў ім.
Сярод фактараў развіцця інфаркту міякарда — атэрасклероз, цукровы дыябет, атлусценне, артэрыяльная гіпертанія, узроставыя змяненні, шкодныя звычкі і, вядома, стрэс. Сваю ролю адыгрывае і спадчыннасць: выпадкі ішэмічнай хваробы сэрца ў сям’і — яшчэ адна прычына развіцця інфаркту, таму варта аддаць увагу дыягностыцы сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Як дапамагчы?
Калі вы западозрылі інфаркт, у тэрміновым парадку трэба выклікаць хуткую дапамогу па тэлефоне 103. Пасля забяспечыць паступленне свежага паветра, адкрыўшы фортачкі ці акно. Дапамагчы хвораму прыняць паўсядзячае або ляжачае становішча, расшпіліць каўнер і рэмень, развязаць пояс.
Адразу варта прыняць 250 мг аспірыну (разжаваць, праглынуць) і 0,5 мг нітрагліцэрыну (пакласці пад язык). Калі боль не праходзіць, праз пяць хвілін другі раз прыняць нітрагліцэрын. Калі праз 10 хвілін пасля другой дозы боль захоўваецца, трэба ў трэці раз прыняць нітрагліцэрын.
Што катэгарычна забараняецца?
Найперш ні ў якім разе нельга ўставаць, хадзіць, курыць і прымаць ежу да прыезду ўрача.
Нельга прымаць аспірын пры яго непераноснасці (алергічнай рэакцыі), а таксама пры відавочным абвастрэнні язвавай хваробы страўніка.
Пры нізкім ціску, рэзкай слабасці, галавакружэнні, вострым парушэнні зроку, маўлення і каардынацыі рухаў забаронены нітрагліцэрын.
Характэрныя прыкметы інфаркту
- Моцны боль за грудзінай, які здушвае. Ён узнікае раптоўна і значна ўзмацняецца.
- Болі або непрыемнае адчуванне ў адной або абедзвюх руках, плячах, шыі, спіне або сківіцы.
- Абцяжаранае дыханне.
- Парушэнне рытму сэрца, тахікардыя.
- Слабасць, павышаная патлівасць, млоснасць.
- Галаўны боль, галавакружэнне і страта прытомнасці.
Прафілактыка
Сярод мер, якія дазволяць захаваць здаровае сэрца, — кантроль масы цела і артэрыяльнага ціску, фізічная актыўнасць, рацыянальнае харчаванне, адмова ад шкодных звычак, своечасовая дыспансерызацыя ці медыцынскі агляд.
Каментары