Кіно11

«Яблычны воцат» — серыял на рэальных падзеях пра інстаграмную махлярку маштабаў, у якія цяжка паверыць

Днямі Netflix выпусціў патэнцыйны хіт — серыял «Яблычны воцат» (Apple Cider Vinegar) пра былую інстаграм-зорку Бэль Гібсан, заснаваны на рэальнай гісторыі. Бэль стала вядомай праз барацьбу з ракам мозгу, вось толькі гэтай хваробы ў яе насамрэч не было.

Фота: кадр з трэйлера

«Яблычны воцат» ужо параўноўваюць з іншым хітом Netflix, але ад 2022 года — серыялам «Прыдумляючы Ганну» (Inventing Anna). Гэта была гісторыя махляркі Ганны Сарокінай, якая падманула вышэйшы свет Нью-Ёрка і прымусіла багацеяў паверыць, што яна — нямецкая спадкаеміца з доступам да вялікіх грошай.

Цяперашняя прэм’ера пра маладую і зорную махлярку таксама заснавана на рэальнай гісторыі. У 2013-м аўстралійка Бэль Гібсан запусціла мабільны дадатак з парадамі па харчаванні і альтэрнатыўнай медыцыне. Дзяўчына сцвярджала, што дзякуючы ім перамагла рак мозга — і гэта ў стадыі, калі ёй быццам бы заставалася жыць «шэсць тыдняў, максімум чатыры месяцы».

Серыял расказвае гісторыю Бэль ажно ў некалькіх паралельных лініях. Першая з іх — зараджэнне феномена Бэль, якая пачала гуртаваць вакол сябе людзей праз свой аптымізм. Нам таксама паказваюць былую сяброўку Бэль, якая дапамагае яе выкрываць, і саму Бэль праз некалькі гадоў, калі яна спрабуе даць інтэрв'ю і апраўдаць сябе.

Такі стыль аповеду паказвае, як штогод у паводзінах Бэль паўтараліся адны і тыя ж схемы паталагічнай хлусні і маніпуляцый. Яна робіць гэта, бо не можа даць рады таму паталагічнаму імкненню падабацца, якое зрабілася фірмовым атрыбутам эры сацсетак. У серыяле надзяляюць увагу таму, каб патлумачыць матывы дзяўчыны, нават калі здаецца, што не варта слухаць голас такой хлуслівай гераіні.

Але ж застаецца пытанне, міма якога не прайсці: якім чалавекам трэба быць, каб схлусіць, што ў цябе рак мозга? І не проста схлусіць — Бэль пабудавала на сваёй гісторыі маленькую велнэс-імперыю. Акрамя мабільнага дадатку, дзяўчына выпусціла кнігу з рэцэптамі і ладзіла натхняльныя лекцыі.

Фота: кадр з трэйлера

Нягледзячы на мудрагелістае перапляценне ліній часу, у Netflix атрымаўся файны серыял для запойнага прагляду. У дадатак да смелай пабудовы сюжэту, акцёры перыядычна ламаюць чацвёртую сцяну і звяртаюцца да гледачоў. Асобную ўвагу надаюць словам пра тое, што серыял заснаваны на праўдзівай гісторыі, якая насамрэч заснаваная на хлусні.

«Яблычны воцат» мог бы атрымацца хвосткай сатырай на свет інстаграмных селебрыці, але замест гэтага серыял імкнецца расказваць пра фанатаў альтэрнатыўнай медыцыны — і робіць гэта далікатна і без асуджэння. Цяперашні серыял Netflix атрымаўся даследаваннем чалавечай прыроды, і не толькі балючага жадання падабацца, але і таго, што матывуе людзей браць на ўзбраенне сумнеўныя і часам відавочна шарлатанскія ідэі.

Здаецца, складана зразумець дзяўчыну, якая сыходзіць ад цэлага кансіліуму дактароў, каб лячыць свой рак альтэрнатыўнымі сродкамі, нават калі больш радыкальныя сродкі практычна гарантуюць ёй выжыванне. І не менш складана зразумець, як дарослыя людзі спрабуюць лячыць рак амялой — раслінай-паразітам, якая, нібыта рак, «у выніку забівае свайго носьбіта», а падобнае, лічаць псеўдалекары, забівае падобнае.

Але ў «Яблычным воцату» паказваюць, што ёсць і другі бок. Так, ампутацыя рукі, пашкоджанай ракам, можа, і дала б дзяўчыне 90% шанс на выжыванне, але важна зразумець і яе — як сказаў адзін з дактароў, «я не прыгожая маладая жанчына, і гэта не мая рука». Серыял падказвае: магчыма, імкненне да сумнеўных медычных метадаў — гэта не проста жаданне атрымаць іншую перспектыву, але і рэакцыя чалавека, да якога не змаглі дагрукацца дактары.

Гэты па-майстэрску зроблены праект выглядае папярэджаннем, і гаворка не толькі пра адэптаў нетрадыцыйнай медыцыны ды фанатаў інстаграмных гуру. «Яблычны воцат» паказвае, што можа быць, калі страціць пачуццё меры ва ўцёках ад рэальнасці. Як і ў выпадку з героямі серыяла, рэальнасць нагоніць тады, калі гэтага менш за ўсё чакаеш, і будзе балюча.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • .
    10.02.2025
    спасибо нн что рекомендуете хорошие вещи

Цяпер чытаюць

Вылецела ў невядомым кірунку спікерка КР Анжаліка Мельнікава30

Вылецела ў невядомым кірунку спікерка КР Анжаліка Мельнікава

Усе навіны →
Усе навіны

У міліцыі назвалі памер хабару, які ўзяў намеснік дырэктара Беларускай чыгункі6

Мінчукі размятаюць свежы бярозавік1

Пуцін прапанаваў увесці знешняе кіраванне ва Украіне для правядзення выбараў і паабяцаў дабіць УСУ20

У міліцыі расказалі, як знайшлі забойцу двух чалавек у Рагачоўскім раёне1

305 рублёў за цукарніцу, 456 за заварнік: цэны ў анлайн-краме Свята-Елісавецінскага манастыра шакуюць19

Аперацыя па пошуку салдатаў ЗША, што праваліліся ў балота ў Літве, доўжылася ўсю ноч2

Гэты маленькі звярок можа раскрыць сакрэт барацьбы са старэннем6

«Рыхтавацца да найгоршага»: Макрон заявіў, што ў Парыжы абмяркоўвалі планы падтрымкі Украіны без ЗША2

Беларусы выкупілі пад Мінскам дзевяць участкаў, каб жыць цеснай кампаніяй. Адно месца яшчэ вакантнае18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вылецела ў невядомым кірунку спікерка КР Анжаліка Мельнікава30

Вылецела ў невядомым кірунку спікерка КР Анжаліка Мельнікава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць