Вячорка: Ні прызначэнне Дзікавіцкага, ні прызначэнне Коўшык з намі не ўзгаднялася
Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў інтэрв’ю былых журналістаў «Белсата» Ігара Кулея і Сяргея Падсасоннага. Па іх словах, Офіс Ціханоўскай за спінамі журналістаў вырашаў з польскімі палітыкамі, хто будзе кіраваць тэлеканалам, і зрабіў недастаткова, каб адстаяць інтарэсы «Белсата».

Вячорка кажа, што ўвесь гэты час яны каардынаваліся з Ігарам Кулеем і Аляксеем Дзікавіцкім (як з менеджарамі «Белсата») у справе абароны канала, перадавалі іх просьбы палітыкам.
«Нам было важна захаванне «Белсата» як брэнду і захаванне каманды. І «Белсат» быў захаваны. Гэтыя пункты мы адстойвалі», — піша Франак.
У самым пачатку крызісу Офіс Ціханоўскай сапраўды з дапамогай арганізацый беларускай медыйнай супольнасці падрыхтаваў спіс медыяменеджараў з 15 чалавек — тых, хто мог бы кіраваць каналам. У яго ўваходзілі рэдактары вялікіх беларускіх выданняў, а таксама прадстаўнікі «Белсата», у тым ліку Дзікавіцкі і Кулей, заўважае Вячорка.
У інтэрв'ю Кулея і Падсасоннага казалася, што Ціханоўская не стала падпісваць калектыўны ліст у абарону канала. Вячорка адказвае на гэта:
«Была спрэчная ініцыятыва з калектыўным лістом — і па часе, і па змесце, і па тым, як ён быў арганізаваны і напісаны. Мы трымалі дыстанцыю, бо якраз гэта выглядала б як умяшальніцтва нібыта мы ім нешта дыктуем».
«Трэба разумець, што «Белсат» юрыдычна — гэта частка Польскага грамадскага тэлебачання. У іх дзейнічаюць унутраныя правілы і распарадкі. Рэформа «Белсата» была часткай агульнай рэформы TVP», — піша дарадца Ціханоўскай.
Ён дадае, што ні прызначэнне Дзікавіцкага, ні прызначэнне Коўшык з імі не ўзгаднялася.
«У інтэрв’ю Ігар распавядае чуткі, маўляў, усё таму, што Офісу не падабалася, што «Белсат» быў занадта незалежны. Але «Белсат» заўсёды быў вельмі прыязны і пазітыўна асвятляў працу Офісу. І Ігар, і Сяргей, і Аляксей, і ўвесь «Белсат» былі вельмі прыязнымі да нашай працы. Таму логіка незразумелая. А што задавалі нязручныя пытанні — гэта нармальна і ўсе іх задаюць. Гэта праца журналістаў», — даводзіць сваю пазіцыю Вячорка.
Ён дадае, што Ціханоўская не хацела адпускаць Аліну Коўшык з Аб'яднанага пераходнага кабінета (дзе яна была прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні), бо яна закрывала ключавы напрамак працы там.
Каментары
А нічога, што СМІ такімі чынам становіцца залежным ад офіса?
З інтэрв'ю рэдакцыі reform:
Ігар Кулей: Усе рэагавалі па-рознаму. Было вельмі шмат гарачых галоваў, якія казалі, што трэба страйкаваць, выходзіць пад МЗС, спыняць працу… Для дзейнай польскай улады іміджава гэта б выглядала не вельмі добра, бо палякі ў цэлым сімпатызуюць беларусам, якія змагаюцца з Лукашэнкам, і чорная застаўка замест эфіра «Белсата» мала каму б спадабалася. Ні Скорскі, ні Туск на гэтым палітычных балаў бы не набралі. Мы пачалі перамовы, спрабуючы паўплываць на тых, хто прымае рашэнні, а гэта тры групы — улады TVP, Cікорскі і МЗС і польскі ўрад.
Сам не пайшоў на дзеянні, а ад офісу патрабаваў.
Але ў выніку дзеянні офісу Ціханоўскай аказаліся найбольш дальнабачны для інтарэсаў Беларусі. Захавалі Белсат. І адносіны з польскімі ўладамі. А менавіта Сікорскі на Мюнхенскай канферэнцыі прадставіў Ціханоўскую Кіту Келагу - перамоўшчыку Трампа па Украіне.