Кулей і Падсасонны расказалі сваю праўду пра сітуацыю на «Белсаце»
Былыя супрацоўнікі «Белсата» Ігар Кулей і Сяргей Падсасонны распавялі выданню Reform.news пра прычыны свайго сыходу з тэлеканала, канфлікт інтарэсаў і падзеі, якія папярэднічалі іх звальненню.

Прыводзім некаторыя цытаты.
Ігар Кулей: Ключавая прычына [сітуацыі з «Белсатам»] — гэта змена ўлады ў Польшчы. Перш за ўсё, памянялася ўлада на польскім тэлебачанні TVP. Розніца паміж намі ў тым, што TVP фінансуецца з польскага бюджэту, а «Белсат» і ўсё замежнае вяшчанне публічнага польскага тэлебачання, у якое таксама ўваходзіць «Белсат», фінансуецца Міністэрствам замежных справаў. Калі на пасаду кіраўніка МЗС прыйшоў Радаслаў Сікорскі, ён у першую чаргу разабраўся з усімі прыярытэтнымі справамі, а потым заняўся «Белсатам».
Ігар Кулей: Гэта была вельмі дзіўная сітуацыя, калі польскі МЗС размаўляў з офісам Ціханоўскай пра «Белсат», а з намі — белсатаўцамі — пра «Белсат» не размаўлялі. У выніку, у Офісе ведалі пра планы адносна «Белсата», яны ведалі, што будзе адбывацца, якія будуць кадравыя змены. А на «Белсаце» ніхто гэтага ўсяго не ведаў. Постфактум, некаторую інфармацыю мы ад іх атрымалі, але гэта была нашая ўласная ініцыятыва, калі мы сазвоньваліся з імі і спрабавалі хаця б нешта даведацца. І ў сітуацыі калі, як ім было сказана, Рамашэўскую не ўратаваць, Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў для МСЗ спіс кандыдатаў на новага дырэктара «Белсата».
Сяргей Падсасонны (пра інтэрв'ю з Алінай Коўшык): Пасля, калі мы размаўлялі аб гэтым з Алінай, мы таксама пыталіся, якія былі парушаныя стандарты. Нічога канкрэтнага яна не сказала. Гэта былі вартыя смеху прэтэнзіі. Мой тон — я лічу, што гэта вельмі спрэчная і суб’ектыўная пратэнзія. Потым — «тыканне» — (мы знаёмыя 17 год і ў жыцці на ты), нібыта пытанне пра здраду шкодзіла рэпутацыі канала…
Ігар Кулей: Нягледзячы на тое, што ў лютым-сакавіку мы атрымалі ад Офіса Ціханоўскай інфармацыю, што пасля звальнення Рамашэўскай яе намеснік — Аляксей Дзікавіцкі не разглядаецца на пасаду кіраўніка «Белсата», мы з групай рэдактароў і менеджараў былі вельмі рашуча настроеныя, каб парушыць гэты план. Бо мы разумелі, што гэта быў адзіны чалавек, які мог супакоіць фірму ў гэты крызісны момант і стабілізаваць працу нашага вялікага і вельмі разнастайнага калектыва. Любы іншы чалавек, асабліва з па-за «Белсата», у гэты момант прывёў бы да канфліктаў і паралізацыі працы. Нават нейкі іншы чалавек з канала, у тым ліку я сам — бо я ведаю, што таксама быў у спісе кандыдатаў, які Офіс Ціханоўскай падаў у МЗС.
У выніку, ці то спрацавала нашая актыўнасць, ці нешта іншае, але Дзікавіцкі быў прызначаны выконваючым абавязкі дырэктара «Белсат». І сапраўды здолеў не дапусціць развалу калектыву. Хоць мы ведалі, што наперадзе цяжкія часы, нешта трэба будзе скарачаць, бо ў 2023-м годзе наш бюджэт быў 70 мільёнаў злотых, і мы разлічвалі, што гэты бюджэт захаваецца. Але аказалася, што ў нас будзе 40 мільёнаў на «Белсат» і 14 — на расейскамоўную частку «Вот так», то бок 54 замест 70. Сітуацыя ўскладнялася тым, што ў першыя паўгода, калі мы жылі ў вакууме камунікацыі з польскім менеджментам, «Белсат» працягваў выдаткоўваць грошы з разліку, што мы маем паўтарэнне бюджэту з 2023 года. Ніхто ж не казаў пра скарачэнні, якія плануюцца. Пры гэтым мы яшчэ са жніўня 2023 года жылі ў рэжыме эканоміі. Закрылі некалькі накірункаў працы, ашчаджалі на здымках і адмянілі свае ўнутраныя матывацыйныя праекты. Нават некаторыя вельмі істотныя выезды на здымкі мусілі быць падвойна абгрунтаванымі.
Прызначэнне Аляксея пасля звальнення Рамашэўскай вярнула хоць нейкую яснасць у тое, як нам працаваць далей. Але не на доўга. Бо неўзабаве пачаўся крызіс у самім TVP, выкліканы ветам прэзідэнта Анджэя Дуды, накладзеным на фінансаванне публічнага тэлебачання, як вынік польскага міжпартыйнага канфлікту.
У выніку карэспандэнцкая сетка «Белсата» амаль паўгады не атрымлівала заробак. Уяві сабе, у якім стане знаходзіцца чалавек, які паўгады не атрымлівае заробак. Самая горшае — што не атрымлівала заробкаў нашая украінская сетка карэспандэнтаў — людзі, якія былі на вайне, пад абстрэламі. Моцная сетка развалілася. Цудам удалося захаваць толькі частку, і тое толькі дзякуючы абсалютнаму даверу паміж імі і некаторымі калегамі з «Белсата». Кожны месяц яны чулі: «Даражэнькія, нашыя, каханыя, яшчэ адзін месяц…». Мінаў месяц і нічога… І так зноў і зноў.
Сяргей Падсасонны: Ва ўсёй гэтай гісторыі мяне як філолага і лінгвіста ўвесь час абражаў менавіта гэты наваяз — было 18 гадзін вяшчання, стала 6 — гэта нязменны фармат і павелічэнне эфірнага часу. Было 70 мільёнаў злотых, потым 54, а зараз на 2025 год стала 40, падзеленых на 3 — па 13 на рускую, беларускую і ўкраінскую рэдакцыі — гэта нязменнае фінансаванне.
Ігар Кулей: У выніку (сённяшняе кіраўніцтва МЗС і сённяшняе кіраўніцтва TVP — Reform.news) перайгралі ўсіх: і Офіс Ціханоўскай, і саму Коўшык. Калі яна прыйшла на канал, яна была перакананая, што беларуская рэдакцыя застанецца са сваім папярэднім бюджэтам — яна гэта казала калектыву. І МЗС, і сам Бранятоўскі 100 разоў абяцалі, што бюджэт «Белсата» не будзе скарочаны. Быў толькі адзін нюанс: у адрозненні ад нас, польскі бок пад «Белсатам» разумеў усё, што паўстане на месцы былога «Белсата». А гэта тры незалежныя рэдакцыі — рускамоўная, украінская і беларуская. Былы бюджэт «Белсата» падзялілі па роўну паміж усімі трыма. Было 54 мільёны, засталося 18, а ў рэальнасці яшчэ менш, ёсць нюансы, якія давялося б доўга тлумачыць. З гэтай сумай рабіць нешта вельмі якасна новае ў сценах перагружанага бюракратыяй польскага тэлебачання будзе неверагодна складана.
Другая хітрасць — статус Коўшык. Па дакументах «Белсат» раздрабілі на 2 асобныя беларускія часткі з двума асобнымі кіраўнікамі. Крок налева, крок направа і Аліне, ці кожнаму іншаму кіраўніку на яе месцы, могуць нагадаць, што згодна з рэгламентам пасады галоўнага рэдактара не існуе.
Ну і трэці момант, які я чую ўжо пасля майго звальнення. Новы трохмоўны канал усё ж назавуць не «Белсатам». Зверху будзе лагатып з іншай назвай. А лога «Белсат» будзе высвечвацца пад агульным брэндам толькі ў часе, калі эфір будзе на беларускай мове.
Вялікае інтэрв'ю цалкам можна прачытаць на Reform.news.
Каментары
Во як, дык яны сапраўды лічаць яе прэзідэнт-электам, а не проста дэкларуюць гэта. Няма словаў