Мы будзем падтрымліваць вас столькі колькі трэба, казала Амерыка ўкраінцам. Зараз мы стаім за крок ад жахлівай здрады, піша Мікола Бугай.

Прызнаюся, што нават у лютым 2022 я не быў у такой трывозе. Тады прынамсі была пэўнасць, што мы, беларусы і Украіна, Цэнтральная Еўропа, Еўропа, калі браць шырэй, усё ж «пад абаронай НАТА і ЕС». Што нават калі Захад не ўмешваецца наўпрост і нават баіцца даваць Украіне зброю, дастатковую для перамогі, то НАТА, Захад у выніку сваім парасонам стрымаюць Расію на нейкай лініі, што іх ціск урэшце прывядзе да вяртання да міру ў рэгіёне.
А цяпер мы зусім нечакана апынуліся ў рэальнасці, дзе заўтра можа не стаць НАТА і ЕС.
Трамп хваліць Пуціна, абвінавачвае Зяленскага ў развязванні вайны. Наступны крок, і ён ужо бачны на гарызонце, — спыненне Вашынгтонам дапамогі Украіне.
Гаворка не пра Афганістан, дзе быў хаос і дзе за два дзясяцігоддзі Амерыка (пры дапамозе ўсіх саюзнікаў) нічога не сумела змяніць. Гаворка пра краіну, якая мужна вытрымала ўдар супердзяржавы, не развалілася і нармальна функцыянуе.
Пакіданне Украіны на расправу Расіі, калі яно здарыцца, нельга будзе назваць інакш як betrayal — здрада.
Што мы назіраем зараз?
Пуцін паставіў умовай перамір’я адыход Зяленскага. І Трамп, фактычна, падыгрывае яму.
А Зяленскі, дзякуючы чыёй асабістай мужнасці Украіна выстаяла, адмаўляецца сыходзіць, бо гэта прынізіла і дэмаралізавала б Украіну, паралізавала б супраціў і таму што для гэтага няма ніякіх ні праўных, ні палітычных падстаў.
Еўропа ў шоку: «Ах, як непрыгожа! Як так можна!» — але зацягвае з канкрэтнымі крокамі. Бо акурат такі момант, што ў Нямеччыне няма каму, выбары, а астатнім, меншым, страшна ўзяць на сябе адказнасць.
Нагадаю, што Масква абяцае «захаванне суверэнітэту і незалежнасці Украіны» — пры ўмове прызнання ёю новых межаў па лініі адмінграніц Херсонскай і Запарожскай абласцей і адводзе войскаў за гэтую лінію, абсалютна неабароненую ўмацаваннямі. Што, у сваю чаргу, азначала б поўную дэмаралізацыю ўкраінскага грамадства і выхад войскаў Расіі на правы бераг Дняпра. Што амаль напэўна азначае, што расіяне змогуць наступным крокам, неўзабаве, інсцэнізаваць просьбы Адэсы і Дняпра далучыцца да Расіі, каб канчаткова адрэзаць Украіну ад мора.
Альтэрнатыва для Украіны — працягнуць супраціў без дапамогі ЗША, з дапамогай толькі часткі еўрапейскіх краін. Гэта будзе цяжкая бітва. Драма ў тым, што ў Еўропы няма досыць сістэм супрацьпаветранай абароны, якія маглі б замяніць амерыканскія «Пэтрыаты», недастаткова сістэм сувязі, многа чаго недастаткова.
Чаму Трамп дзейнічае так? Усе гадаюць.
Сам Трамп тлумачыць свае дзеянні жаданнем спыніць вайну, праліццё крыві любым коштам — фактычна выходзіць коштам незалежнасці і цэласнасці Украіны, а можа і ўвогуле існавання гэтай дзяржавы.
Fiscal conservatives, прыхільнікі мінімізацыі дзяржаўных выдаткаў ЗША, проста супраць любой траты амерыканскіх грошай. Многія трампісты лічаць любых саюзнікаў абузай, на якіх Амерыка больш траціць, чым выйграе. Маўляў, хто хоча быць пад абаронай Амерыкі, хай плаціць за гэта — у гэтае рэчышча кладзецца і прапанаванае Кіеву пагадненне аб доступе да нетраў. Гэта кардынальна новы падыход: 80 апошніх гадоў замежнапалітычнай філасофіяй Амерыкі была апора на сетку саюзаў і свабодны гандаль.
Іншае тлумачэнне: што Трамп верыць, што зможа перацягнуць на свой бок Расію ў процістаянні з Кітаем.
Напрошваецца і цынічнае тлумачэнне: аддача Пуціну Украіны справакуе, што капіталы і людзі з Еўропы пацякуць у ЗША (бо куды ж яшчэ?), а краіны Еўропы кінуцца ў ногі да Трампа і пагодзяцца на кабальныя гандлёвыя ўмовы, каб ён абараніў хоць іх.
Якім бы ні было тлумачэнне, якім бы ні быў матыў, але Зяленскі, Украіна, украінцы, пры гэтым аказваюцца здраджаныя, а Расіі падораць перамогу, якой яна так і не здолела здабыць на полі бою.
Украіне абяцалі падтрымку as long as it takes, столькі, колькі трэба — няважна, Байдэн першы абяцаў, не Байдэн — прэзідэнт Амерыкі абяцаў, а сам Трамп ужо ў якасці прэзідэнта тое паўтараў, значыць, Амерыка абяцала і здрадзіла.
Якія б разлікі, цынічныя ці памылковыя, ні стаялі за гэтым, калі гэтая здрада здарыцца, гэта зменіць свет беспаваротна на доўгія гады. Сістэма адносін, якая ўзнікла пасля 1945 года, спыніць існаванне. Але можа быць, гэта ўсё тонкая гульня ці Амерыка яшчэ спыніцца за крок ад прорвы? Ніхто не ведае.
* * *
Калі вам важная праца, якую робяць журналісты «Нашай Нівы», падтрымайце нас, калі ласка, данатам праз «Патрэон» ці любую іншую платформу або праз рэдактараў і журналістаў, якіх вы ведаеце асабіста.
Збор праз Патрэон бяспечны. Ніхто не бачыць, на што вы ахвяруеце. Бачны толькі ваш плацеж на Патрэон, а мы атрымліваем пасля грошы ад гэтай платформы.
Каб пачаць падтрымліваць нас праз Patreon — пераходзьце па спасылцы.
Таксама вы можаце падтрымаць нас праз PayPal або праз Buy Me a Coffee.
Сярод іншага вы можаце зрабіць данат у крыптавалюце:
TMMGVZZ9BNxKmK1pT82Zd1trxvhQZeEwYe (USDT Tron)
Каментары
Калі. напрыклад, спадар Байдэн Стары ці падбідоньнікі нешта абяцамі спадару Зэ ці падзялёнкам - гэта канкрэтныя абяцанкі-цацанкі канкрэтных людзей канкрэтным людзям.
Во як