Сын Пяткевіч вярнуўся з ЗША, займаецца кансультацыямі па крыптавалюце. І заадно падпрацоўвае стажорам у БДУ
Філіп Пяткевіч, сын ад першага шлюбу самай уплывовай жанчыны Беларусі, вучыўся ў Штатах, але спрабуе прабіць сабе дарогу ў Беларусі.

Філіпу Пяткевічу 27 гадоў. Ён сын першай намесніцы кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч і былога кіраўніка Нацыянальных спартыўных латарэй Уладзіслава Пяткевіча. Можна смела казаць, што хлопец — прадстаўнік беларускай залатой моладзі, яго жыццё пачыналася пры выдатных стартавых даных — багатыя і ўплывовыя бацькі, зайздросныя месцы вучобы.
Філіп скончыў элітны Ліцэй БДУ, бакалаўра атрымаў на юрыдычным факультэце БДУ (з адзнакай), а магістра права (таксама з адзнакай) — у хоць і не самым прэстыжным, але ўсё ж нью-ёркскім Fordham University, куды хлопец разам з мамай перабраўся да другога па ліку свайго айчыма — дыпламата Валянціна Рыбакова.
Наталля Пяткевіч праз шэсць гадоў жыцця ў Штатах вярнулася ў Мінск, ва ўладу. А як тым часам складваецца лёс сына-вундэркінда? Ці ўдалося яму зачапіцца ў Штатах?
Філіпу па родзе прафесіі трэба быць публічным і падкрэсліваць сваю кампетэнтнасць — гэта аснова выжывання юрыста. Хлопец гэтым і займаецца. Па мностве публікацый у інтэрнэце можна адсачыць траекторыю яго лёсу.
Пасля заканчэння магістратуры ў Нью-Ёрку, са жніўня 2019 па красавік 2020-га Філіп, мяркуючы па ягонай старонцы ў Linkedin, працаваў стажорам (associate attorney) у адной з юрыдычных практык Нью-Ёрка.

Пасля гэтага хлопец развітаўся са Штатамі.
Са жніўня 2020 па чэрвень 2022 месцам працы Філіпа Пяткевіча пазначана літоўская юрыдычная кампанія Sorainen, актыўная ў краінах Балтыі і Беларусі. Філіп пакінуў адзнаку, што працаваў on-site — на месцы, на пасадзе — associate. Іншымі словамі, зноў быў памочнікам у дарослых.
Верагодна, гэты час ён правёў у Мінску. Таму што ў перыяд 2021-2022 года праходзіў курсы павышэння кваліфікацыі пры беларускім Міністэрстве фінансаў адразу па трох праграмах: «Карпаратыўнае кіраванне. Выпуск і размяшчэнне каштоўных папер», «Прафесійная і біржавая дзейнасць па каштоўных паперах у Рэспубліцы Беларусь» і «Падатковае кансультаванне арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асобаў».
З лета 2022 хлопец зноў змяніў работу і пайшоў у найм да рускіх юрыстаў у кампанію трэцяга эшалону «Buzko Krasnov». З'яўляецца Філіп партнёрам або наёмным работнікам — няясна.

Сваёй спецыялізацыяй хлопец выбраў цьмяную сферу крыптавалют і блакчэйну.
Паводле апісання, Філіп прапануе кліентам кансультацыі па рэгістрацыі кампаній у ЗША, ААЭ і іншых юрысдыкцыях. А таксама кансультацыі па адпаведнасці іх дзейнасці мясцоваму заканадаўству.
Сфера кампетэнцый маладога юрыста максімальна шырокая: бяспека, венчурныя фонды і стартапы, фінтэх, карпаратыўнае права, зліццё і паглынанне бізнэсу, транзакцыі.
На старонцы хлопца пазначана, што ён працуе з Нью-Ёрка, але гэта наўрад ці можа быць праўдай — адначасова Філіп выкладае на юрыдычным факультэце БДУ.
Выкладчыкам-стажорам ён стаў у 2024 годзе. Курсы Пяткевіча — «Прававое рэгуляванне лічбавых тэхналогій у гаспадарчай дзейнасці» і «Арганізацыйна-прававыя асновы лічбавай эканомікі».

У хлопца ёсць невялікі тэлеграм-канал, куды ён піша свае развагі на фінансавыя тэмы альбо перапрацаваныя чужыя ідэі: як інвеставаць, якая будзе сітуацыя на рынках, як рашэнні палітыкаў уплываюць на эканоміку, што цікавага ў крыптавалюце.
Часам сярод гэтага прабіваецца і асабістае. Вось як ён апісаў вынікі 2024 года: «У мяне быў год актыўны: наведаў дзясятак краін, стаў кіраўніком практыкі крыпты і перасабраў склад юрыстаў у ёй, пачаў выкладаць ва ўніверы».
А што ж Штаты? Выглядае, што нічога.
У інтэрнэце можна знайсці два працэсы, у якіх удзельнічаў Філіп.
У абодвух ён разам з іншымі юрыстамі прадстаўляў рускамоўных заяўнікаў, адзін з якіх хацеў, каб Binance размарозіў ягоны крыптакашалёк, а другі спадзяваўся вярнуць грошы, якія аддаў махлярам са скам-праекта CryptoKG. Вынікі разгляду невядомыя.
«Як бы я ні любіў сваю прафесію, трэба прызнасць, што юрысты ў інавацыйных сферах (крыпта, ШІ, біятэх і кібернетыка) выступаюць у ролі баласту, які стрымлівае развіццё», — зрабіў неяк прызнанне Філіп у сваім тэлеграм-канале, магчыма, у момант прафесійнай роспачы.
Каментары