Досвед Масквы. Што абвешчаная рэнавацыя можа прынесці гарадам Беларусі
Беларускія ўлады абвясцілі пра намер увесці праграму рэнавацыі па прыкладзе Расіі. Заяўляецца, што «хрушчоўкі» вычарпалі свой тэрмін эксплуатацыі, а рэнавацыя павінна вырашыць жыллёвыя праблемы. Разабраліся, як праходзіла рэнавацыя ў Расіі і якія плюсы і мінусы гэта можа мець для Беларусі.

«Хрушчоўкі»: жытло на 25 гадоў ці бессмяротная панэлька?
Першае пакаленне тыпавых панэльных дамоў, якія масава ўзводзіліся ў 1955—1963 гадах, вядомае пад назвай «хрушчоўкі», утворанай ад прозвішча тагачаснага кіраўніка савецкай дзяржавы Мікіты Хрушчова. Пачатак гэтага перыяду адзначыўся знакамітай пастановай «Аб ліквідацыі празмернасцяў у праектаванні і будаўніцтве», які пахаваў савецкую неакласіку. На змену «сталінкам» прыйшлі таннейшыя і больш хуткія ва ўзвядзенні праекты індустрыяльнага будаўніцтва. Гэта была аскетычная функцыяналісцкая архітэктура, з маленькімі кватэрамі і нязручнымі планіроўкамі, але менавіта «хрушчоўкі» дазволілі вырашыць найвастрэйшую праблему з жытлом у СССР, які перажываў хуткую ўрбанізацыю.

Памеры пакояў былі наступнымі: 6 м2 — кухня, пакоі па 16 м2 і 11 м2. Дагэтуль у такіх кватэрах можна сустрэць адразу тры пакаленні: бабуля, дзядуля, дачка, сын і ўнук. Назваць такія ўмовы камфортнымі цяжка. Але ў параўнанні з драўлянымі баракамі і камуналкамі, адкуль людзі перасяляліся, гэта было на ўзровень вышэйшае жытло.
Інтэрнэт завалены згадкамі пра тое, што тэрмін эксплуатацыі «хрушчовак» быў разлічаны на 40—50 гадоў, а ў некаторых серый не перавышаў 25 гадоў, то-бок усе яны быццам бы ўжо адпрацавалі сваё.
У цяперашніх беларускіх нормах усе праекты масавага будаўніцтва маюць тэрмін эксплуатацыі 50 гадоў, а гэта значыць, што сёння і большасць больш якасных і камфортных «брэжневак» канца 1960-х — 1970-х гг. перасягнулі гэты рубеж. І толькі манументальным і ўнікальным збудавання, як Нацыянальная бібліятэка, адмераны тэрмін 100 гадоў.
Трэба разумець, што праектны тэрмін эксплуатацыі — гэта ўмоўны час, у якім будынак мусіць абслугоўвацца без неабходнасці капітальнага рамонту. Тое, што будынак патрабуе капітальнага рамонту, зусім не значыць, што ён развальваецца і мусіць быць знесены.
Пасля правядзення капітальнага рамонту тэрмін эксплуатацыі працягваецца, і такі цыкл можа паўтарацца так доўга, пакуль не з’явіцца прычына назваць дом аварыйным ці непрыдатным для пражывання.
Нават закінутыя панэлькі ў забруджанай радыяцыяй Прыпяці, якія ўжо 40 гадоў не эксплуатуюцца, пакуль не маюць візуальных прыкмет разбурэння.

У «хрушчоўкі» закладзены каласальны запас трываласці, які мусіў кампенсаваць тое, што будаўніцтва вялося ў сціснутыя тэрміны, з матэрыялаў неналежнай якасці, не кваліфікаванымі рабочымі. Іх слабое месца — самі панэлі і стыкі паміж імі. Старыя панэлі таго часу занадта добра прапускаюць цяпло, таму ў такіх дамах улетку спякотна, а ўзімку халодна. Стыкі паміж панэлямі яшчэ горш прадзімаліся і працякалі. Увогуле ўсе жылыя дамы, пабудаваныя да сярэдзіны 1990-х гадоў, не адпавядаюць сучасным цеплатэхнічным нормам. У прынцыпе гэта праблема ў Беларусі вырашаецца масавым уцяпленнем фасадаў у час планавых капітальных рамонтаў.
А вось для іншай праблемы вырашэння няма: колькасць, памеры памяшканняў і планіроўка жылля не адпавядаюць сучасным патрэбам людзей. Зрабіць з маленькай аднушкі прасторную студыю немагчыма, у дамах, дзе праведзены газ, нормы не дазваляюць злучаць кухні з жылымі памяшканнямі. Застаецца таўчыся на 6-метровай кухні.

Рэканструяваць такія дамы таксама праблематычна. У Беларусі ёсць некалькі прыкладаў надбудовы мансардавых паверхаў над хрушчоўкамі, але гэта максімум, які можна выціснуць з іх. Пытанне нават не ў тым, што яны не разлічаны пад такую нагрузку — да хрушчоўкі банальна цяжка прыбудаваць ліфт, а хадзіць пешшу вышэй за 6 паверх мала хто пагодзіцца.
Ёсць і яшчэ адно абмежаванне. Хрушчоўкі будаваліся даволі шчыльна з улікам інсаляцыі. Як толькі ў аднаго дома з’яўляюцца дадатковыя паверхі, то ў кватэрах суседніх дамоў сонца становіцца менш, чым дапускаюць нормы, і такі праект не можа быць прыняты да рэалізацыі.
Таму пытанне з «хрушчоўкамі» магчыма вырашаць толькі комплексна. Калі такое пытанне ўвогуле стаіць.
Маскоўская рэнавацыя
Ідэя зносу «хрушчовак» у Маскве ўзнікла яшчэ ў 1990-я. 10-мільённы мегаполіс вычарпаў усе магчымасці для жылога будаўніцтва і ўшчыльнення, а насельніцтва горада няўхільна працягвала расці. Натуральна, што позірк забудоўшчыкаў быў звернуты на шырокія раёны, забудаваныя разрэджанай невысокай забудовай.
Тут інтарэсы бізнэсу і горада сышліся: адны атрымлівалі магчымасць зарабіць на звышкаштоўнай сталічнай зямлі, а гарадскія ўлады — зняць пытанне рэканструкцыі старога жылля, асабліва не ўкладаючыся ў гэта.

З 1999 года прыватнымі забудоўшчыкамі было знесена больш за 1700 пяціпавярховых дамоў, на месцы якіх з’явіліся шматпавярховая забудова. Але змены ў заканадаўстве і фінансавы крызіс 2008 года не далі цалкам рэалізаваць гэтую праграму. Праграму завяршалі за гарадскія сродкі.
У 2017 годзе пры Сабяніне вярнуліся да ідэі запусціць праграму па рэнавацыі, але спатрэбілася ўносіць змены ў заканадаўства краіны, каб яна праходзіла бязбольна для забудоўшчыкаў. «Рэнавацыя» нават стала словам года ў Расіі — яе натуральна абмяркоўвалі ўсе, адны марылі пра новае жыллё, іншыя асцерагалі трапіць пад праграму і быць падманутымі.

Усяго ў межах новай праграмы рэнавацыі за 15 гадоў у тры этапы планавалася знесці больш за 5 000 дамоў, галоўным чынам «хрушчоўкі», пабудаваныя з 1957 па 1968 год, а на іх месцы пабудаваць новыя. Праграма ўключала развіццё інфраструктуры раёнаў, стварэнне новых школ, дзіцячых садкоў, паліклінік, забаўляльных цэнтраў, развіццё транспартнай сеткі, абяцалася азеляненне, стварэнне новых паркаў, веладарожак, дзіцячых і спартыўных пляцовак.
Як жыхары выбіралі свой лёс
Планы ўладаў і першапачатковая рэдакцыя новага закона, якая надзяляла сталічныя ўлады шырокімі паўнамоцтвамі, выклікалі бурны пратэст у часткі масквічоў, якія палічылі, што рэнавацыя парушае іх права на прыватную ўласнасць. На сустрэчах з чыноўнікамі масквічы заяўлялі, што не хочуць перасяляцца з цагляных пяціпавярховак і ў іншыя раёны, жадаюць атрымаць раўнацэнныя кватэры і баяцца, што іх кварталы забудуюць гмахамі. Супраць рэнавацыі нават адбыўся мітынг, у якім узялі ўдзел да 30 тысяч чалавек.

Пасля законапраект быў цалкам перапісаны, у ім удакладнілі, што гаворка ідзе толькі пра дамы канца 1950-х — 1960-х гадоў. Жыхарам з канчатковага спісу, у які ўвайшлі 4546 дамоў па сваім дрэнным стане, прапанавалі прагаласаваць «за» ці «супраць» удзелу ў рэнавацыі.
Для ўдзелу дома ў праграме трэба было, каб ⅔ уласнікаў выказаліся «за». Нягледзячы на пратэсты, за ўключэнне свайго дома ў праект рэнавацыі выказаліся жыхары 4079 дамоў, або 90% ад агульнай колькасці.
У 21 доме за знос прагаласавалі 100% уласнікаў. У палове дамоў за ўдзел у рэнавацыі прагаласавала больш за 90% уласнікаў, яшчэ ў чвэрці — ад 80% да 90%. Хоць былі і 184 дамы, дзе вынікі галасавання былі не такімі аднадушнымі — там «за» выказалася толькі палова жыхароў. У 276 дамах уласнікі большасцю галасоў адмовіліся ад зносу. Варта адзначыць, што найбольш негатыўна да рэнавацыі паставіліся жыхары цагляных дамоў: з 452 дамоў, якія ўрэшце адмовіліся ад зносу, такімі былі 377.

Жыхары яшчэ амаль 300 дамоў, якія не патрапілі ў спіс для галасавання, правялі агульныя зборы ўласнікаў і падалі заявы на ўключэнне ў праграму. У канчатковым выніку на сёння ў праграму ўваходзяць ці ўваходзілі 5176 дамоў, дзе пражывае каля мільёна чалавек.
Што пабудавалі
Калі праграму толькі прымалі, то чыноўнікі казалі, што новыя дамы будуць 14-17-павярховымі, але на паперы гэты абяцанні ніяк адлюстраваны не былі. У выніку на месца савецкіх павярховікаў вырасталі найчасцей дамы ад 16 да 18 паверхаў, а ў тых, што толькі будуюцца, увогуле ад 23 да 25 паверхаў — сапраўдныя «чалавейнікі». Самы высокі дом, пабудаваны па праграме рэнавацыі, — жылы комплекс каля Масква-Сіці, мае 48 паверхаў.

Жылы фонд пры гэтым вырас амаль удвая, напрыклад, у адным з квартала Усходняга Ізмайлава на месцы дамоў, дзе было 2640 кватэр, вырас раён на 4474 кватэры.
Невялікая частка дамоў, якія падлягалі зносу, размешчана ў цэнтры Маскве — усяго 110, астатнія 5 тысяч — на ўскраінах горада, галоўным чынам на ўсходзе сталіцы: гэта раёны Кузьмінкі, Любліно, Пярова, Ізмайлава, і ў Новай Маскве.

Раўназначны абмен
Жыхары дамоў, якія ўдзельнічаюць у праграме, атрымлівалі кватэры ў новых дамах у тым жа раёне, дзе яны жылі да гэтага. Гэта скарачала перыяд адаптацыі да новага месцы, бо ўсё вакол было ўжо знаёмае. Але таксама спачатку толькі ўласнікам, а пасля і ўсім была дадзена магчымасць атрымаць кватэру ў іншым раёне.
Удзельнікам рэнавацыі быў забяспечаны раўназначны абмен старой кватэры на новую, але не па яе кошце, а па метражы. Па законе новая кватэра мусіла мець столькі ж пакояў, як і старая, і такую ж, прынамсі не меншую жылую плошчу. Пры гэтым агульны метраж кватэры аказваецца звычайна большым, бо кухні і санвузлы, якія ўваходзяць у нежылую плошчу, па сучасных нормах не могуць быць такімі маленькімі, як былі ў «хрушчоўках».

Таксама перасяленцы маглі дакупіць дадатковую плошчу са зніжкай 10% (але агульная плошча новай кватэры не павінна была перавышаць 100 м2), а таксама яшчэ адну кватэру з той жа зніжкай. Але прапанова на продаж была абмежаваная, і людзі не заўсёды маглі знайсці патрэбны варыянт у доме, у які планавалі перасяліцца. Тым не менш многія скарысталіся гэтай магчымасцю, бо дакупіць пакой звычайна па кішэні сям’і, але ў звычайных умовах такое цяжка рэалізаваць, іншая справа — у час перасялення.
У выніку аказалася, што ўсе бакі рэнавацыі — гарадскія ўлады, забудоўшчыкі і жыхары, — у прынцыпе задаволеныя тым, што атрымалі ад гэтай праграмы. У 2020 годзе прынялі так званы закон аб усерасійскай рэнавацыі, які распаўсюджвае маскоўскі досвед на іншыя тэрыторыі. Цяпер пра рэнавацыю загаварылі і ў Беларусі.
Беларуская глеба
Але ці можна гладка перанесці маскоўскую практыку на беларускую глебу? Тут трэба вярнуцца да пытання, чаму ў Маскве дайшлі да гэтага. Рэч у тым, што кошт метра ў сталіцы Расіі такі, што знос цэлых раёнаў не з’яўляецца праблемай для забудоўшчыкаў.
У Беларусі ў вялікіх гарадах забудоўшчыкі з невялікім жаданнем бяруцца за знос сядзібнай забудовы нават у самым цэнтры, лічачы гэта недастаткова прыбытковай для сябе справай.
Гэта бачна па вялікіх паясах прыватнай забудовы, якія прымыкаюць у абласніках адразу да гістарычнага ядра горада. Увогуле для ўсіх гарадоў, акрамя, мабыць, Мінска і навабудаў тыпу Навапалоцка, характэрная шматковая забудова.

Сталіца адрозніваецца цэльнасцю, але і тут яшчэ шмат прастораў, якія можна забудаваць. Сталічныя забудоўшчыкі не грэбуюць зносам сядзібнай забудовы, а таксама асвойваюць ускраіны, прамысловыя раёны ці, як «Мінск-Свет», тэрыторыю былога аэрапорта. Нейкай асаблівай выгады ад таго, каб знесці раён пяціпавярховікаў, яны не атрымаюць, калі яшчэ столькі вольнага месца.
Выглядае, што адзінай зацікаўленай асобай у рэнавацыі на гэтым этапе з’яўляецца дзяржава, якая хоча перакласці на забудоўшчыкаў абавязак забяспечваць беларусаў прыстойнымі ўмовамі пражывання.
Ведаючы спецыфіку беларускай дзяржаўнай сістэмы, рэнавацыя можа стаць такой жа павіннасцю і абузай, як і непрыбытковыя калгасы, якія вешаюць на прыбытковыя прадпрыемствы.
Што могуць атрымаць з рэнавацыі беларусы?
Поспех маскоўскай рэнавацыі, вядома, натхняе, але варта асцярожна ставіцца да жадання беларускіх уладаў рэалізаваць яе ў Беларусі. Рэнавацыя ў Маскве пачалася ў досыць ліберальныя часы, ініцыятыва гарадскіх уладаў сустрэла супраціў, але яны адэкватна адрэагавалі. Пакуль з таго часу гэты досвед нідзе маштабна не быў паўтораны.
У беларускіх рэаліях, калі насельніцтва краіны пазбаўлена магчымасці свабодна выказвацца супраць, пратэставаць, незалежныя медыя выкінуты з краіны, а суды проста юрыдычна афармляюць жаданне ўладаў кагосьці пакараць, усё можа выліцца ў благую карыкатуру. У краіне фальсіфікуюць усё — вынікі выбараў, перапісаў, галасавалак на дзяржаўных сайтах, дык хто гарантуе, што не сфальсіфікуюць вынікі галасавання за знос нейкага дома?
Дый самі забудоўшчыкі глядзяць на маскоўскіх забудоўшчыкаў і бяруць ад іх усё найгоршае: адсутнасць хоць нейкай вонкавай прывабнасці вышынных «чалавейнікаў», бясконцыя палі парковак, мізэрнае азеляненне і касмічны цэннік. Цяпер ім прапануюць даць карт-бланш на знос старых, утульных і зялёных раёнаў.

Яшчэ адна праблема ў прыватнасці Мінска — адсутнасць нармальнага развіцця транспарту. Пакуль станцыя метро «Каменная Горка» захлынаецца ад людзей, гарадскія ўлады будуюць метро ў старыя савецкія раёны, дзе няма такой вострай праблемы. Альтэрнатыўныя віды гарадскога транспарту, электрычкі і хуткасныя трамваі, качуюць з генплана ў генплан, не знаходзячы водгуку ў думках чыноўнікаў. Найбуйнейшы масіў «хрушчовак» у Мінску — гэта Ракаўская шаша і Харкаўская, на той жа галіне метро, што і Каменная Горка. Забудаваць гэтыя раёны 20-павярховікамі пры цяперашнім падыходзе да гарадскога транспарту — ідэальны спосаб адкрыць партал у пекла.
Рэнавацыя як гістарычны шанец


Дарэчы, у рэнавацыі маглі б быць і цікавыя пазітыўныя вынікі ў адраджэнні выгляду нашых гістарычных цэнтраў. За савецкім часам гістарычныя цэнтры зносіліся, а на месцы 2-5-павярховай забудовы ўзводзіліся манструозныя дамы, якія знявечылі іх выгляд.
Пад маркай рэнавацыі ў Мінску можна было б знесці дамы, якія адрэзалі Ракаўскае прадмесце ад астатняга старога горада, а ў Полацку — дом «з вушкамі», які пасаджаны проста на месца ўзарванага езуіцкага касцёла Святога Стэфана, нават больш велічнага за Сафію помніка барока, які вызначаў аблічча горада.

Але пра такое ніхто нават не задумаецца, наадварот, рэнавацыя прамая пагроза тым каштоўнасцям, якія маем. Хоць маскоўская рэнавацыя прадугледжвала знос толькі «хрушчовак», на практыцы ў першапачатковы спіс пад знос трапілі ўзоры сталінскай забудовы 1940-1950-х, канструктывізму 1920-х і нават дарэвалюцыйныя будынкі. Гэта выклікала абурэнне ў жыхароў Масквы і абаронцаў культурнай спадчыны. У выніку гарадскія ўлады пайшлі на саступкі, унёсшы 218 каштоўных будынкаў у спіс на адсяленне і рэканструкцыю, але без зносу.

У Мінску па-за праспектам далёка не ўсе «сталінкі» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Забудоўшчыкі, напрыклад, актыўна зносяць лямпавыя Велазаводскі і Трактаразаводскі пасёлкі, падбіраючыся да аналагічных раёнаў, якія мусілі б быць пад аховай, але не ахоўваюцца дзяржавай. У Магілёве ўвогуле ніводны пасляваенны будынак не прызнаны каштоўным.
Вы чакаеце, што ў час беларускай рэнавацыі будуць зносіць скрынкі-«хрушчоўкі», а па факце можа аказацца, што пад 20-павярховікі будуць зносіць цэлыя вуліцы «сталінак». І сказаць супраць гэтаму будзе няма каму — грамадскія арганізацыі ліквідаваныя, а актывісты вельмі лёгка ад’язджаюць на суткі пры любой праяве незадаволенасці.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
дарэчы Мінск па шчыльнасці (чалавек/км кв. ) пераўзыходзіць большасць гарадоў еўропы і набліжаецца да азіацкіх мегаполісаў.
• НЯСНОСНЫЯ ДАМЫ •
🏬 Выгляд Масквы, калі зірнуць хоць бы на здымкі, псуюць ня «лямпавыя» цёплыя хрушчоўкі, а аднатыпныя брудна-бэжавыя брэжнеўкі. Прычым, іх тыркалі як на ўскрайках, так і ў самым цэнтры гораду сярод дамоў сівое даўніны. Авохці, дбайна тыркалі, што пэўныя цэнтральныя вулкі нагадваюць правінцыйныя савецкія райцэнтры 1980-х. Нават бывае ажно горай, бо зь цягам часу бэжавы колер усмактаў бруд, і падаецца, быццам ці то на навакольле, ці на вочы накінулі запылены празрысты цаляфан.
🏢 У Мінску, як вядома, брэжнеўкі часьцей бялюткія й вытанчана-шэрыя, і за іхнімі фасадамі й сяродкамі лепей даглядаюць. Каб жа прыгожа было!
.