Вайна1010

«Вазьміце шапкі-га*донкі, пажадана цёмнага колеру! Тэрмабялізну з сабою!» Вось што знайшлі ў тэлефоне збітага расійскага лётчыка

Украінскія журналісты вывучылі знойдзеныя фота, відэа і перапіскі.

Аляксандр Краснаярцаў Александр Красноярцев Alexander Krasnoyartsev
Аляксандр Краснаярцаў. Скрын відэа: SuspilneChernihiv / YouTube

Журналісты ўкраінскага канала «Суспільне. Чарнігаў» атрымалі ўнікальны доступ да тэлефона расійскага лётчыка знішчальніка Су-34 Аляксандра Краснаярцава, які выжыў пасля таго, як яго самалёт быў збіты абаронцамі Чарнігава 5 сакавіка 2022 года.

У тэлефоне, якім мужчына карыстаўся з 16 ліпеня 2019 года да свайго палону ў сакавіку 2022 года, знаходзілася больш за 60 гігабайт фота, відэа і перапісак, якія расказваюць пра жыццё лётчыка да вайны і ў час уварвання. Прыводзім самае цікавае.

Хто такі Краснаярцаў

Маёр Аляксандр Краснаярцаў — пілот першага класа, начальнік паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 2-га змешанага авіяцыйнага палка 2-й змешанай авіяцыйнай дывізіі ВПС Расіі. З сям'ёй пражываў у Чалябінску. У 2016 годзе ён удзельнічаў у ваеннай аперацыі Расіі ў Сірыі.

З перапіскі пілота з жонкай стала вядома, што расійскі лётчык у 2021 годзе меў месячны заробак каля 1750 даляраў.

Падрыхтоўка да вайны

У дадатку Telegram у тэлефоне Краснаярцава журналісты знайшлі рабочую групу расійскіх пілотаў «Першая ЕПТ», якая была створана ў верасні 2021 года. Група налічвае 48 чалавек. Усе яны служаць у 2-м гвардзейскім змешаным авіяцыйным палку, які базіруецца на ваенным аэрадроме Шагол пад Чалябінскам.

Скрын відэа: SuspilneChernihiv / YouTube

Змест перапіскі раскрывае планы расійскай авіяцыі па падрыхтоўцы да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

21 снежня 2021 года, амаль у 5 гадзін раніцы, намеснік камандзіра эскадрыллі Яўген Канішчаў піша наступнае паведамленне:

«Шуст, дошч, саве, лука, хітр, ларык, калмы, юд, губайд, бор, каўроў, вустрыца. Гэтым персанажам выезд куды-небудзь забаронены. Калі што, на збор гадзіна. І пагналі. Пастаўце ўсе плюсы, персанажы. Што вам даведзена. Хатнім ні слова па магчымасці. А хто не ў спісе, рот на замку трымаць».

Скрын відэа: SuspilneChernihiv / YouTube

2022 год для пілота Су-34 Краснаярцава пачаўся з тэрміновай тэлеграмы аб навучанні з 11 па 14 студзеня ў Навасібірску па асаблівасцях баявой падрыхтоўкі і дзеянняў авіяцыі і супрацьпаветранай абароны ва ўмовах узброеных канфліктаў. Да 25 студзеня, як вынікае з перапіскі, Краснаярцаў заставаўся ў Чалябінску. Там ён праходзіў медыцынскае абследаванне.

Пасля гэтай даты ўся змешаная авіяцыйная дывізія пачала перамяшчацца да ўкраінскай мяжы. У расійскіх СМІ з'явіліся публікацыі пра гэта, а ў перапісцы маёра з жонкай Анастасіяй ёсць паведамленне, дзе яна за яго хвалюецца.

«Гляджу навіны і становіцца страшна…» — піша жанчына. На гэта Краснаярцаў адказвае: «Усё будзе добра!!! Не хвалюйся!!! Мы разам назаўжды!!! І глядзі менш навіны».

Тое, што Су-34 перакінулі бліжэй да мяжы з Украінай, зафіксавана на відэа ад 18 лютага 2022 года, якое зняў на тэлефон сам Краснаярцаў.

У гэты ж час у тэлеграм-групе «Першая ЕПТ» з'яўляецца паведамленне намесніка камандзіра эскадрыллі Канішчава, які загадвае лётчыкам і штурманам узяць з сабой вопратку і рэчы на заданне:

«Па форме адзення. ЛТА (лётна-тэхнічнае абмундзіраванне. — НН) зімовае! З сабою камбезы бяром. На нагах цёплыя высотнікі! Запалкі, усю гэта зал*пу з сабою! Датычыць усіх, хто з'ехаў і вылятае заўтра! Шапкі вазьміце га*донкі, пажадана цёмнага колеру! Тэрмабялізну з сабою!»

Сам жа Краснаярцаў запісаў на тэлефон пасадку Ан-124-100 «Руслан» з бартавым нумарам RA-82013 на аэрадроме Сешча ў Бранскай вобласці. За некалькі дзён да ўварвання, 14 лютага 2022, у гэты ж Ан-124 на аэрадроме Пермі грузілі ваенныя верталёты.

Ан-124-100 «Руслан» з бартавым нумарам RA-82013 на аэрадроме Сешча ў Бранскай вобласці. Скрын відэа: SuspilneChernihiv / YouTube

Як вынікае з інфармацыі тэлефона, 22 лютага Краснаярцаў пачаў вывучаць Google-карты ўкраінскіх гарадоў. Высветлілася, што ён дэталёва разглядаў вуліцы Чарнігава і Кіева.

Пачатак вайны

Па словах журналістаў, 23 лютага жонка Анастасія павіншавала мужа і спытала, калі ён вернецца. На што мужчына адказаў: «Хіба што хутка».

За 24 лютага ў тэлефоне Краснаярцава няма ніякай інфармацыі — ні званкоў, ні паведамленняў, ні апавяшчэнняў. Толькі на наступны дзень ён выйшаў на сувязь з жонкаю і маці. У наступныя дні ў рабочым чаце абмяркоўваюць першыя збітыя расійскія самалёты.

Журналісты прыводзяць перапіску паміж Краснаярцавым і яго калегай Дзмітрыем Селіным за 2 сакавіка 2022 года.

«А накрыць там усё не варыянт?» — пытаецца Селін.

«Не», — адказвае Краснаярцаў і дадае, што «па мірных нельга, не ўсе там дрэнныя».

«Так зразумела, у самога там сваякі жывуць», — пагаджаецца Селін і просіць пісаць часцей.

«Прарвёмся. Выглядае на тое, што дахаты не скора», — піша Краснаярцаў.

3 сакавіка 2022 года расійскія самалёты ўпершыню нанеслі масіраваны авіяўдар па Чарнігаве. Шэсць авіябомбаў ФАБ-250 (па 250 кілаграм кожная) патрапілі ў жылыя дамы. Пад атаку расійскай авіяцыі патрапілі дзве школы. Па даных пракуратуры, у гэты дзень загінула 47 чалавек.

Палон

5 сакавіка 2022 года Аляксандр Краснаярцаў вылецеў на шматмэтавым знішчальніку Су-34 з ваеннага аэрадрома ў пасёлку Сешча ў Бранскай вобласці і накіраваўся на Чарнігаў. Аднак падчас заходу на цэль яго самалёт быў збіты пераносным зенітна-ракетным комплексам FIM-92 Stinger, які выкарыстоўвалі байцы 105-га пагранічнага атрада.

Ракета патрапіла ў рухавік Су-34, пачаўся пажар, самалёт губляў вышыню. На борце Су-34 знаходзіліся шэсць некіруемых авіябомбаў ФАБ-500 (па 500 кілаграм кожная). Абломкі самалёта ўпалі на прыватны дом.

Краснаярцаў і яго штурман Канстанцін Крывалапаў катапультаваліся, але Крывалапаў загінуў пры прызямленні. Краснаярцаў жа выжыў і прызямліўся на дах жылога дома. Брат гаспадыні дома паспрабаваў дагнаць пілота, але Краснаярцаў двойчы стрэліў у яго з пісталета Макарава. Мужчына загінуў. Неўзабаве расійскі пілот, які хаваўся ў падвале суседняга дома, быў затрыманы байцамі тэрытарыяльнай абароны Украіны.

Ваеннапалонны Аляксандр Краснаярцаў. Скрын відэа: SuspilneChernihiv / YouTube

Далейшы лёс

У палоне Краснаярцаў прабыў да пачатку красавіка, калі быў абменены на пяцярых украінскіх пілотаў.

26 кастрычніка 2023 года суд завочна прысудзіў Краснаярцава да 14 гадоў пазбаўлення волі і абавязаў выплаціць 2 мільёны грыўняў маральнай кампенсацыі сястры забітага чарнігаўца.

Суд палічыў дзеянні пілота парушэннем міжнароднага гуманітарнага права, а значыць, ваенным злачынствам, а не наўмысным забойствам.

У студзені 2023 года Краснаярцаў быў заўважаны на прыёме ў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, які выступаў са штогадовым пасланнем Федэральнаму сходу Расіі. З тых часоў мужчына не з'яўляўся на публіцы.

Журналісты змаглі пагаварыць з Краснаярцавым. У размове ён сцвярджаў, што нікога не застрэліў, не ведае аб вынесеным прысудзе і цяпер ужо не лётае.

Каментары10

  • .
    02.03.2025
    рускія імперскія ганд*ы ў шапках гандо*х
  • .
    03.03.2025
    Filipp, так, звычайны расейскі імперскі ган*н
  • Samy
    03.03.2025
    Filipp, Убийца. Вот такие и Хатынь сожгли!

Цяпер чытаюць

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады16

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады

Усе навіны →
Усе навіны

Дзясяткі людзей апынуліся пад заваламі пасля землятрусу ў Паўднёва-Усходняй Азіі

Як выглядае топ-25 беларускіх гарадоў па колькасці насельніцтва. Новыя лічбы2

Віцебскія чыноўнікі пераблыталі колеры на сцягу Расіі ФОТАФАКТ4

Бензін даражэе трэці тыдзень запар

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася на 47 тысяч чалавек5

З вайсковай дэлегацыяй Мінабароны ў М'янме на чале з Хрэніным усё ў парадку4

Як мінімум 43 рабочыя апынуліся пад заваламі будынка ў Бангкоку

Магутны землятрус у М'янме. Паніка ў Бангкоку2

У міліцыі назвалі памер хабару, які ўзяў намеснік дырэктара Беларускай чыгункі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады16

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць