«Сказалі: Эйсмант на цябе вельмі злы». Ксенія Луцкіна — пра падзеі на БТ у 2020-м, калонію і цяжкую хваробу
Былая журналістка БТ Ксенія Луцкіна правяла амаль чатыры гады за кратамі, пакуль летам 2024-га яе не выпусцілі па памілаванні. «Наша Ніва» запісала вялікі маналог экс-палітзняволенай пра тэлебачанне знутры, жыццё за кратамі з пухлінай у мозгу і тое, чаму добрых людзей усё ж такі болей.

«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Ксеніі ўладкавацца ў замежжы — паўдзельнічаць можна тут.
«Што значыць «БТ павінна быць з народам»? А для каго я раней працавала?»
«У чэрвені — ліпені 2020-га я ўзяла самы доўгі адпачынак у жыцці, 40-50 дзён. Была разгубленая: разумела, што адбываецца нешта страшнае, але пры гэтыя мусіла працаваць, бо ў мяне ж свае праекты на тэлебачанні. Я тады рабіла дакудрамы на «Беларусь-2», праект называўся «Сямейныя гісторыі».
Трэба разумець, дзе я працавала. Нас вельмі добра ахоўвалі і ў інфармацыйным, і ў фізічным плане — напрыклад, проста ў нашай сталоўцы сядзелі сілавікі. Стан быў напружаны. Плюс мы пачалі атрымліваць вельмі вялікі негатыў ад грамадства, нават ад сяброў, проста за тое, дзе мы працавалі.
У жніўні стала зусім цяжка: маўляў, «БТ мусіць быць з народам», мы ўсе вырадкі. Сышлі асабістыя адносіны, і мы ўсе зрабіліся такім калектыўным БТ, якое быццам вінаватае ва ўсім.
У мой адрас ніколі не было негатыву, але калі пачаўся той вулічны гвалт, мы ўсе атрымалі па поўнай праграме. Ніхто не пытаўся, якая наша пазіцыя, дзе мы працуем: у навінах, спорце або культуры. БТ — велізарная структура, там шмат людзей, якія не звязаныя з навінамі і не могуць паўплываць на асвятленне падзей.
Нават калі б я з камерай паехала здымаць пратэсты, я б не магла выпусціць гэта ў эфір. Было адчуванне дзіцячай бездапаможнасці. Што можа зрабіць рэдактар «Калыханкі»? Але ён атрымліваў усё тое ж самае.

Ведаю, што ў некаторых калег прабілі колы машын, у мяне забілі запалкамі замочную адтуліну ў дзвярах. Мы разумелі, што людзям трэба некуды выплюхнуць сваё абурэнне на сітуацыю, і яны яго вынеслі на нас.
Памятаю, як я ў жніўні заходжу ў ліфт, а там стаіць мая калега, якая займалася адміністратыўнай працай. У яе проста слёзы ў вачах, яна пытаецца: «Што з гэтым рабіць?» Мы адчувалі ўсё тое ж самае, што і іншыя беларусы, толькі пры гэтым яшчэ і атрымлівалі велізарную хвалю нянавісці. Што значыць «БТ павінна быць з народам»? А для каго я раней працавала?
У мяне было сваё поле працы, я рабіла фільмы і праграмы пра Беларусь, несла сваю пазіцыю — расказвала вялікай аўдыторыі пра краіну. Але ў 2020-м стала зразумела, што кампраміс [з сістэмай] далей немагчымы, ты або па адзін бок, або па другі.
Мы [з калегамі] хацелі, каб нас пачулі, і спачатку дзейнічалі дазволенымі метадамі. Напісалі ліст міністру інфармацыі — маўляў, мы жадаем працаваць па законе аб СМІ. Там было вельмі шмат подпісаў, а праз некалькі дзён гэты ліст знік.
Стала зразумела, што нас вельмі шмат, і далей падзеі развіваліся лавінападобна. Ад таго, што я звольнюся, нічога не зменіцца, на маё месца прыйдзе іншы, як і адбылося пазней. Нешта змяніць на целіку могуць толькі тэхнічныя службы. І калі стала зразумела, што там, у гукарэжысёраў, рэдактараў, нешта адбываецца, тады і пачалася забастоўка.
Наталля Качанава прыехала нас супакойваць і сказала «мы ўсіх заменім», чым зняважыла супрацоўнікаў. Як можна замяніць аператараў, святлавікоў, гукарэжысёраў? Гэта вельмі каштоўныя кадры! Ёсць прафесійныя скілы, якія робяцца ўнікальнымі. І як можна замяніць унікальных спецыялістаў?
Гэта нас разахвоціла, і забастоўка набрала моц. Прасілі змяніць рэдакцыйную палітыку: у краіне адбываюцца вялікія змены, іх неабходна асвятляць. Атрымлівалася, што тыдзень пасля выбараў пратэсты ўвогуле не асвятлялі, проста камбайны ездзілі ў кадры.

Гэтае сядзенне ў кустах вельмі раздражняла, біла па прафесійнай самаацэнцы і прафесійным гонары. Мы не вылюдкі, мы не недажурналісты, дайце нам магчымасць працаваць так, як мы павінны і ўмеем працаваць. А нам сказалі: «Што вы тут робіце, калі вы выступаеце супраць прэзідэнта?»
Як стаўлюся да людзей, якія мяне замянілі? Спачатку мне было балюча. Усе яны былі на забастоўцы. Я — кіраўніца праекта, і мне здавалася, што я абараняю сваіх людзей. А потым аказалася, што яны без мяне паўдзельнічалі ў нарадзе і вырашылі, што будуць працаваць без мяне.
Спачатку я ўспрымала гэта ў тым ліку як здраду. На целіку ёсць правіла: калі аўтар сыходзіць, праект закрываецца. Ты выбіваеш людзям ганарар, лепшыя ўмовы працы, а яны… Табе трэба зарабляць грошы — зарабляй, але такім коштам? А ўжо ў СІЗА супакоілася. У мяне будуць іншыя праекты.
«Да мяне быў давер, а атрымалася, што я «здрадзіла» Эйсманту»
Мы чакалі, што з намі будуць размаўляць. Нас было вельмі шмат, у забастовачным чаце было 800 чалавек, і ніхто не звольніць столькі людзей, нас пачуюць. А потым кіраўнікі падраздзяленняў пачалі выклікаць забастоўшчыкаў па адным і прапаноўваць ім або падпісаць паперу, што ўсе дні забастоўкі яны былі ў адгуле, або звальняцца. Камусьці рабілася вельмі страшна, у некаторых пачыналася паніка, а большасць проста клалі заявы аб звальненні.
Я ўсё чакала, пакуль мне пазвоняць [наконт гэтага], нарэшце пазваніла сама і спытала, што мне рабіць. Сказалі, што са мной усё складана і я магу хадзіць па будынку толькі ў суправаджэнні начальніка службы бяспекі. Відаць, я аказалася такой падрыўной фігурай.
Мяне сустрэлі на прахадной. Выскачылі дзве жанчыны, якія ў мяне працавалі, і сказалі, што будуць працаваць далей і захоўваць праект — маўляў, каб ён быў, калі я вярнуся.

Па мяне прыйшлі. Сказалі, што ёсць розныя спісы, але да мяне персанальныя пытанні: «Ваня [Эйсмант] на цябе вельмі моцна злы». Прапанавалі звольніць мяне па артыкуле ці каб я напісала заяву на звальненне. Сышліся на тым, што я напісала заяву. А потым даведалася, што [мае] дзяўчаты пагадзіліся працягваць праект без мяне, і яны так працавалі яшчэ два гады.
Чаму Іван злаваўся на мяне? Не ведаю, магу толькі меркаваць. Мяне шанавалі як прафесіянала — пэўны час не магла працаваць для «Беларусь-1», але ў 2020-м мяне вярнулі. Таксама ў мяне была падпісаная службовая інструкцыя, па якой я магла пры неабходнасці вырашаць пытанні наўпрост у Эйсманта. То-бок да мяне быў давер, а атрымалася, што я «здрадзіла» яму асабіста, хаця я добра да яго стаўлюся як да прафесіянала.
Я аддала кампаніі 15 гадоў. Пайшла туды пасля чацвёртага курса гістфака. У мяне скончыліся мае падпрацоўкі, а аднакурснік працаваў на БТ у прэс-службе, і я папрасіла пашукаць мне месца ў кампаніі. Ён спытаў і кажа: маўляў, з табой могуць пагутарыць.
Я прыйшла туды. Далі паглядзець тры відэакасеты і папрасілі напісаць па іх дайджэст, з трох праграм трэба было зрабіць адну. Мяне вельмі хутка ўзялі пазаштатніцай, а потым і прапанавалі туды размеркавацца. Я ставілася да гэтага спакойна — думала, што мая будучыня на гістфаку і я буду займацца навукай.
Нейкі час я сумяшчала: вучылася ў магістратуры і аспірантуры, а таксама працягвала працаваць на БТ. Спачатку гэта была падпрацоўка, пражыць на аспіранцкую стыпендыю складана. Потым сабралася сыходзіць з целіка, ён пачаў перашкаджаць аспірантуры, але ў маім жыцці здарылася дакументальнае кіно. Мне прапанавалі напісаць першую ў маім жыцці заяўку — гэта быў сінопсіс фільма пра Мінск у канцы 19 — пачатку 20 стагоддзя.

Мы знялі той першы фільм, выпадкова ўпершыню ў гісторыі БТ зрабілі дакудраму. На прэм’еры мяне прадставілі як шэф-рэдактарку студыі дакументальнага кіно, і з таго моманту маё жыццё пайшло па-іншаму.
«Ці дабраякасная пухліна? Не ведаю»
Мая хвароба звязаная з генетыкай, рэдкі тып пухліны, так што мне «пашчасціла». Першыя сімптомы былі ў дзяцінстве, я пачала губляць зрок на адно вока, але тады спісалі гэта на іншае. Пазней высветлілі, што ў мяне ўжо расла пухліна, проста яна ляжыць на зрокавым нерве.
Пазней у мяне вельмі цяжка праходзіла цяжарнасць, я і прытомнасць страчвала, спісвалі на рознае. Аказалася, што гэта не цукровы дыябет, як думалі. Калі мне зрабілі МРТ, [сыну] Мацвею ўжо было 2 гады, і мне сказалі, што ў мяне пухліна.
Мяне прааперыравалі. Была вялікая пухліна ў правай скроневай долі і яшчэ адна пухліна ў левай цемянной долі. Першую пухліну мне выдалілі, а далей выдаляць было небяспечна для жыцця, і вырашылі пакінуць.
Цяпер трэба абследавацца, бо тое, што засталося ў цемянной долі, у кожнай выпісцы называюць па-рознаму. Ці дабраякасная гэта пухліна? Тая, якую выдалілі, была дабраякасная, а якая цяпер, я не ведаю.
Я вельмі ўпартая. Калі знайшлі пухліну, мне сказалі, што ў мяне тры тыдні [лячыцца], а інакш я памру. Я сказала, што буду жыць, я люблю жыццё. Калі мне выдалілі першую пухліну, нейрахірург сказаў: «Упершыню бачу, каб чалавек жыў уласнай упартасцю». Пухліна лопнула ў ягонай руцэ.

Я сваю пухліну паважаю. Калі ў СІЗА пачаліся сутаргі, проста зразумела, што ёсць у жыцці сітуацыі, калі цела пачынае перамагаць. У калоніі маё цела стала перамагаць. Ты сябе максімальна трымаеш, але колькі так можна? Гэта ж не сітуацыя, калі ты можаш дома выпіць таблетку, за кратамі ты п’еш таблеткі па раскладзе, і не ўсе лекі ў цябе ёсць.
«У сына дрыжыць губа, і ён мне кажа: «Мама, табе званіў следчы»
Калі мяне звольнілі, я была вельмі шчаслівая. Жыла праектам [альтэрнатыўнага тэлебачання], якім мы займаліся, укладала туды столькі сілаў і сродкаў. Мы з былымі калегамі рабілі гэта, бо мы гэтага жадалі, у нас было для гэтага дастаткова прафесійных кампетэнцый, і мы крок за крокам ішлі да гэтага. Планавалі ў бліжэйшы час запускацца, але нам трохі перашкодзілі.
Мы рабілі сметы, шукалі студыі, пачалі здымаць, я паралельна шмат з кім супрацоўнічала. Бясконца працавала, не мела ні секунды сесці і падумаць пра тое, што ўсё дрэнна. Таксама я ўсё-ткі актыўнічала ў Каардынацыйнай радзе.
Мяне затрымалі перад Раством (22 снежня 2020-га — НН). Трэба было ісці ў банк, каб аплаціць рэгістрацыю таварнага знака для нашага праекта, а таксама набыць сыну планшэт у падарунак на Раство.
Прыйшла ў банк, аплаціла і збіралася ісці па падарунак. Выходжу з банка, стаю на прыступках і бачу ля іх дрэнна апранутага мужчыну. Ён сам сябе саромеецца і дастае з кішэні пасведчанне. Акуратна яго паказвае і кажа: «Ксенія Алегаўна, пройдзем». Прасіла яго паказаць дакументы. Потым мяне схапілі чатыры мужчыны, я крыкнула «дапамажыце», і на плошчы Якуба Коласа, дзе гэта было, людзей проста не стала.
Мы прыехалі да мяне дахаты, у двары таксама зніклі ўсе людзі. Дома ў мяне быў [дзесяцігадовы] сын, я разумела, што для яго гэта стрэс.

Пайшлі дахаты, мне яны сказалі не ламаць камедыю. Я адчыняю дзверы, і з пакоя выходзіць мой сын, яму было 10 гадоў. Я ніколі не забуду гэта: вочы ў яго былі сухія, без слёз, але ён такі напужаны, што ў яго мускулы на твары ўсе рухаліся па-рознаму. У яго дрыжыць губа, і ён мне кажа: «Мама, табе званіў следчы». У мяне прачнулася нешта мацярынскае жывёльнае, я павярнулася [да сілавікоў] і кажу: «Які чалавек, ведаючы, што вы мяне затрымліваеце, звоніць дзіцяці?» Сына яны мне больш не далі абняць.
Два гады ў СІЗА? Гэта было па-рознаму. Самае цяжкае — першыя чатыры месяцы, калі рэжым быў стражэйшы. Але СІЗА — гэта і людзі, якія знаходзяцца ля цябе, і следства. Следства ў мяне было вельмі складанае, а людзі — цудоўныя.
Мая першая сукамерніца — [актывістка] Іра Шчасная. Ежа тады на Валадарцы была жудасная, і Іра мяне кранальна ўгаворвала есці. Яна казала цудоўную рэч: «Сёння ўвечары будзе, канечне, спецыфічны гарнір, але некаторым падабаецца». А прынеслі салёныя агуркі, нацёртыя і звараныя. Яна мне кажа, што трэба есці, я з павагі да яе ела. Потым яна сказала, што не разумела, чаму я гэта ем.
У жніўні 2021-га я адмовілася падпісваць прызнанне віны. Была ўпэўненая, што Прэс-клуб віну не прызнае (гаворка пра арыштаваных супрацоўнікаў Прэс-клуба, праект Ксеніі развіваўся пры дапамозе гэтай арганізацыі — НН). Як я магу прызнаць віну людзей, якія яе не прызналі? Галавой я разумела прычыну свайго затрымання, але я ў той час нават не была з імі знаёмая. Прызнаць што? І гэта не давала ніякіх гарантый.
Вядома, у мяне было шмат пачуццяў. У мяне дзіця, я не вар’ятка, і гэта вельмі балюча. Гэта не шкадаванне, а хутчэй разуменне таго болю, які адчувалі мае блізкія, мой сын, разуменне, што далей будзе вельмі складана.

У мяне сышло вельмі шмат часу, каб зразумець логіку таго абвінавачвання [у нясплаце падаткаў]. У дзень, калі сканчаўся мой тэрмін знаходжання пад вартай, мяне завялі ў кабінет, дзе адмянілі ўтрыманне пад вартай па справе Прэс-клуба. У тым кабінеце я была вольная 1 гадзіну 40 хвілін, пакуль мяне другі раз не ўзялі пад варту (па арт. 357, «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» — НН).
«Мы ў калоніі жартавалі пра Зімбабвэ, усе гэтыя жарты спраўдзіліся пра Беларусь»
У СІЗА мне здавалася, што са мной усё акей. Але да суда я моцна пахудзела, правальвалася ў адтуліны паміж часткамі нар. Хадзіла ў сіняках: відаць, мяне хістала, а плошча ў камеры была маленькая.
Гэта скончылася тым, што з аўтазака ў калоніі я ўжо не выйшла, а выпала. Бо што са мной рабіць, што мне прызначыць? З заплюшчанымі вачыма, без абследаванняў лекар не можа гэта зрабіць.
Я страціла прытомнасць у першы дзень на фабрыцы, іншыя дзяўчаты мяне падтрымалі. Нашы палітвязні — цудоўныя людзі, яны мной апекаваліся так, што мне рабілася нязручна.
У 2023-м быў момант, калі я не дайшла ад сталоўкі да памяшкання атраду, і прыступы пачалі здарацца ўсё часцей і мацней. Летам 2024-га яны былі яшчэ часцей, і за мной тады сачылі, каб мне не рабілася дрэнна. Калі адчувала, што мне горш, старалася прысесці. Таму часцей за ўсё губляла прытомнасць на праверцы, бо там ты мусіш стаяць.
Быў дзень, калі я адключылася тройчы. Стаяла моцная спёка, і мяне падчас праверкі пасадзілі на ганачак. Усе нашы, палітычныя, глядзелі ў мой бок, а потым ужо я не памятаю. Яны мне расказвалі, што я пачала падаць, і да мяне пабеглі.
Мне заўжды было нязручна перад дзяўчатамі. Яны ставіліся да мяне як да дзіцяці, і гэта было настолькі па-чалавечы! Я не разумею, як я магу гэта вярнуць — гэтыя пытанні «а ты як?», і калі яны глядзяць на цябе і сочаць, ці не пачынаецца трэмар. І пры гэтым робяць выгляд, што яны… Але і я разумею, і яны разумеюць.
Мне так балюча, што там далей сядзяць людзі. Калі тут пачынаюць лаяцца, калі ў Беларусі пачынаюць забываць і пераварочваць старонку, вельмі прашу ўспомніць, што там знаходзяцца жывыя людзі. І там ёсць людзі, у якіх тэрмін не год-два, а 9 гадоў, 12 гадоў. Прашу вас памятаць, што гэта цудоўныя і прыгожыя жанчыны, і гэта вельмі цяжка.

Калі я выйшла, пабачыла, што Беларусь зрабілася зусім іншай краінай. Пустыя вуліцы — мы ў калоніі глядзелі навіны і жартавалі пра Зімбабвэ, усе гэтыя жарты спраўдзіліся пра Беларусь. Змяніліся самі гараджане: у нас ніколі не было так шмат кітайцаў, ураджэнцаў Афрыкі і Сярэдняй Азіі. Па вуліцах ездзяць кітайскія машыны, няма звыклага набору машын, якія заўжды былі ў корках, ды і коркаў няма. Гэта краіна, у якой карцінка з БТ упершыню стала супадаць з жыццём, гэтыя ідэальна вылізаныя пустыя вуліцы.
Ці азлобіў мяне мой досвед? Не! Я бачыла і штодзень бачу, што добрых людзей больш. Нават у маньяках, нават у людзях, якія забілі сваіх дзяцей, прачынаецца нешта чалавечае, я проста гэта пабачыла.
Ды я ўвогуле клінічны аптыміст, я не схільная бачыць негатыў. Лічу, што нават у вельмі цёмным пакоі можна зрабіць так, каб з’явіўся промень святла. Трэба рабіць тое, што ты цяпер можаш.
У турме я зразумела, што ёсць сітуацыі, якія мацнейшыя за цябе. Але нават калі ты не можаш перамагчы абставіны, ты можаш кіраваць уласным станам. Толькі ад цябе залежыць, ці будзеш ты істэрыць, злавацца, крычаць. Не пушчай унутр сябе гэтую злосць, не рабі ўнутры сябе турму.
«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Ксеніі ўладкавацца ў замежжы — паўдзельнічаць можна тут.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЖурналістка Ксенія Луцкіна: Не памятаю прыезд у калонію, таму што вывалілася з аўтазака і страціла прытомнасць
«З таго часу ў мяне няма зубоў, іх проста павыбівалі». Гісторыя беларусаў, якія ўцякалі праз лінію фронту і трапілі ў рукі расіян
«Папрасіў пажыць яшчэ месяц, а яны…» Былога палітвязня Ермашука высяляюць з шэлтара «Байхэлпа»
Каментары