«Культура і мастацтва» правяла на пенсію галоўную рэдактарку. Ні слова па-беларуску
Цырымонія провадаў паказала ступень маральнай і прафесійнай дэградацыі дзяржаўных СМІ.

Людміла Крушынская з 1995 па 2012 год была галоўнай рэдактаркай газеты «Культура», а пасля — дырэктаркай рэдакцыйна-выдавецкай установы. Менавіта пры ёй у 2002 годзе адбылося аб'яднанне газеты «Культура» і часопіса «Мастацтва» ў адну ўстанову.
Апошнія гады яна займала пасаду памочніцы дырэктаркі. Яна лаўрэатка прэміі «За духоўнае адраджэнне» і мае званне «заслужаная журналістка».

Днямі Крушынская, якая 53 гады аддала сферы СМІ, пайшла на адпачынак. На ўрачыстасці з гэтай нагоды гучала шмат прыемных слоў. Дырэктарка ўстановы Наталля Кузняцова назвала Крушынскую «адказным і вельмі заслужаным работнікам», які «стаяў ля вытокаў» і «падарыў сябе» рэдакцыйна-выдавецкай установе «Культура і мастацтва».
Начальніца аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння з СМІ Міністэрства культуры Вікторыя Ратабыльская ўручыла Крушынскай ганаровую грамату міністэрства, а намеснік дырэктара ўстановы Васіль Свістуноў перадаў ганаровую грамату ад Беларускага саюза журналістаў.

«За актыўны ўдзел у рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі» ветэран журналістыкі атрымала ганаровую грамату ад Міністэрства інфармацыі.
Заўважым, што тэкст грамат быў выкананы на беларускай мове, а вось усе да аднаго выступы ва ўстанове, якая выпускае выданні па-беларуску, гучалі на рускай мове.
Сама Крушынская таксама выступіла на рускай мове і заклікала сваіх ужо былых калег «імкнуцца браць вышыні» і «дапамагаць кіраўніцтву», а таксама ездзіць у камандзіроўкі, а «не спаць на сваіх месцах».

Кіраўніцтва дзяржаўных СМІ прызначаецца па прынцыпе лаяльнасці кіруючай асобе, прафесійныя якасці пры гэтым часта няважныя.

Даходзіць да таго, што ў беларускамоўныя выданні галоўнымі рэдактарамі прызначаюць людзей, якія і не ўмеюць свабодна гаварыць па-беларуску, і не імкнуцца да гэтага. Што і засведчыла цырымонія провадаў на пенсію Людмілы Крушынскай.
«Азначэнне Беларусі як выпаленай зямлі мне не падабаецца». Маналог беларуса, які нядаўна выехаў з краіны
Дзяржаўная беларускамоўная газета «Культура» пачала дубляваць навіны ў тэлеграме па-руску
Новы міністр культуры распарадзіўся здымаць фільмы пра вайну і сялян. І паабяцаў прарыўнае кіно
У Нацыянальным мастацкім музеі выставілі працы Z-мастакоў, прыкрыўшыся тэмай «Вялікай Айчыннай вайны»
Каментары
Ужо не толькі лукашэнкаўцы, але таксама частка "апазіцыі", якая ўзнікла ў 2020 годзе. Некаторыя нават увогуле не ведаюць беларускай мовы, а з'яўляюцца членамі КР напрыклад. Пра многіх блогераў не кажучы.