У Капыльскім раёне завялі крымінальную справу за два ўдары па агароджы помніка
У дачыненні да 38-гадовага жыхара аграгарадка Новыя Доктаравічы Капыльскага раёна завялі крымінальную справу па артыкуле «Хуліганства». Віна мужчыны толькі ў тым, што ён ударыў нагой агароджу мемарыяльнага комплексу «Магіла ахвяр фашызму».

Следчы камітэт назваў гэта «абуральным выпадкам», «цынічнай непавагай да святога месца» і «блюзнерскім учынкам».
Інцыдэнт адбыўся 8 сакавіка. 38-гадовы мужчына, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, два разы ўдарыў нагой па бетоннай панэлі, пашкодзіўшы агароджу помніка.
Следчы камітэт паведамляе, што на месца здарэння неадкладна выбыла следча-аператыўная група. Следчыя зафіксавалі сляды, апыталі відавочцаў і прызначылі экспертызы. Мужчыну затрымалі.
На допыце ён раскаяўся, патлумачыў свае паводзіны празмерным ужываннем алкаголю напярэдадні і паабяцаў самастойна ліквідаваць пашкоджанні і пакрыць нанесеную шкоду.
Каментары