Суд у ЗША ўвёў часовую забарону на спыненне фінансавання Радыё Свабода
Федэральны акруговы суд у Вашынгтоне ў аўторак задаволіў хадайніцтва медыяхолдынгу «Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода» (РСЕ/РС) аб часовай забеспячальнай меры, што ўтрымлівалася ў пазове, пададзеным гэтай арганізацыяй супраць Агенцтва ЗША па глабальных медыя (USAGM), паведамляе Расійская служба карпарацыі.

Суд пастанавіў, што да разгляду справы па сутнасці, які, як чакаецца, адбудзецца ў найбліжэйшыя тыдні, агенцтва павінна ўстрымацца ад дзеянняў, якія могуць прывесці да закрыцця Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода,
Сярод такіх дзеянняў — рашэнне, абвешчанае 15 сакавіка старшай дарадцай кіраўніка USAGM Кэры Лэйк, пра скасаванне грантавага пагаднення, згодна з якім РСЕ/РС атрымлівае праз USAGM фінансаванне, выдзеленае Кангрэсам ЗША.
Суддзя Ройс Ламберт у рашэнні на дзесяці старонках адзначыў, што выкананне гэтага рашэння нанесла б РСЕ/РС «непапраўную шкоду».
«Кіраўніцтва USAGM не можа, практычна без тлумачэння, адной фразай прымусіць РСЕ/РС спыніць працу — нават калі гэта было б распараджэннем прэзідэнта», — падкрэсліў суддзя.
Наступным этапам стане разгляд хадайніцтва РСЕ/РС, каб даць медыякарпарацыі каля 77 мільёнаў даляраў, выдзеленых раней Кангрэсам ЗША на яе працу на гэты фінансавы год — да канца верасня 2025 года. Паведамленне Кэры Лэйк аб спыненні фінансавання фактычна мела мэтай перашкодзіць перадачы гэтых сродкаў РСЕ/РС.
«Мы цэнім прадуманае і адназначнае рашэнне суддзі Ламберта, якое не дазваляе USAGM ігнараваць волю Кангрэса. Мы чакаем далейшага разгляду нашай пазіцыі наконт неканстытуцыйнасці адмовы ў фінансаванні, што было выдзелена на астатнюю частку фінансавага года», — заявіў прэзідэнт і генеральны дырэктар РСЕ/РС Стывен Капус.
Напярэдадні Агенцтва ЗША па глабальных медыя пагадзілася перадаць Радыё Свабода частку сродкаў, выдзеленых Кангрэсам. Гэта стала вядома 24 сакавіка — напярэдадні прызначанага судовага пасяджэння. Гэта азначае, што ў найбліжэйшы час РСЕ/РС павінна атрымаць 7,46 мільёна даляраў — суму, якая пакрывае выдаткі за перыяд з 1 па 14 сакавіка.
Каментары