У беларускай гімназіі ў Вільні з'явяцца дадатковыя месцы. Але заяўкі трэба пакідаць зараз
Добрая навіна для беларускіх бацькоў у Вільні, чые дзеці ў наступным навучальным годзе пойдуць вучыцца ў пяты клас.

Раней «Наша Ніва» распавядала аб тым, што трапіць у гімназію імя Францыска Скарыны даволі складана. Гэта адзіная навучальная ўстанова ў Літве, дзе дзеці могуць вучыцца на беларускай мове. Месцаў там значна менш, чым ахвотных атрымліваць адукацыю там.
Гімназія імкнулася павялічваць колькасць месцаў: калі ў 2019 годзе на 1 верасня было 234 вучні, у 2023-м амаль удвая болей: 408. Але ж гэтага ўсё роўна было недастаткова. Летась бацькі казалі, што каля 50 дзяцей, якія падалі заяўкі ў Скарынаўскую гімназію, атрымалі адмову.
Ініцыятыўная група бацькоў спрабавала знайсці варыянты павялічыць набор, але без асаблівага поспеху. Нарэшце з’явіліся добрыя навіны. У беларускіх чатах пачала распаўсюджвацца інфармацыя, што ў наступным навучальным годзе плануецца два 5 класы і з'явіцца 10—15 месцаў дадаткова.
У гімназіі імя Францыска Скарыны гэта пацвердзілі, а таксама звярнулі ўвагу на тое, што якраз цяпер трэба падаваць заяўкі на новы навучальны год праз спецыяльную сістэму.
Каментары