Землятрусы магнітудай 7,7 і 6,4 адбыліся ў пятніцу, 28 сакавіка, у М’янме. Падземныя штуршкі адчуваліся таксама ў Кітаі і Тайландзе.

Улады М’янмы паведамляюць пра 1002 загінулых і 2376 параненых, аднак выратавальнікі заяўляюць, што сапраўдная колькасць ахвяр можа быць значна большай і лічбы хутка абнаўляюцца ў адмоўны бок, піша Бі-бі-сі.
Супрацоўнік выратавальных службаў з Мандалая — другога паводле велічыні горада М’янмы — распавёў Бі-бі-сі, што «шкода велізарная». Выратавальныя працы працягваліся ноччу, нягледзячы на шматлікія афтэршокі.
Першы, больш моцны землятрус адбыўся на глыбіні 10 км у цэнтральнай частцы М’янмы каля 12:50 па мясцовым часе. Другі землятрус адбыўся прыблізна праз 12 хвілін. Эпіцэнтр знаходзіўся за 16 км на паўночны захад ад населенага пункта Сагайн, непадалёк ад горада Мандалай (яго насельніцтва складае 1,2 мільёна чалавек).
Гэты раён месціцца прыблізна за 100 км на поўнач ад сталіцы М’янмы — Нейп’ідо.
Падземныя штуршкі адчуваліся таксама ў Тайландзе і Кітаі. «Пацярпелых становіцца ўсё больш, але нам не хапае дактароў і медсясцёр», — распавёў журналістам доктар Чжо Зін.
Выратавальнік з Мандалая паведаміў, што ў горадзе «большасць будынкаў абрынулася».
«Выгляд Мандалая, калі мы пачалі выратавальную аперацыю, быў жахлівы, — кажа выратавальнік. — Людзі бегалі па вуліцах, крычалі і плакалі».
«Нам даводзілася даставаць людзей з-пад завалаў. Галоўны шпіталь Мандалая амаль перапоўнены», — дадае ён. Паводле яго, многія пацярпелі не толькі ад ранаў, але і перанеслі сардэчныя прыступы.
Сам будынак шпіталя таксама пацярпеў, паведаміў выратавальнік.
Адзін з жыхароў Мандалая распавёў Бірманскай службе Бі-бі-сі, што зямля моцна трэслася каля 10 секунд. «Увесь наш дом абрынуўся на маіх вачах. Я не мог дыхаць, але потым змог закрычаць і паклікаць на дапамогу, — узгадвае ён. — Праз некалькі секунд пасля таго, як мае сваякі дасталі мяне з-пад завалаў, адбыўся яшчэ адзін землятрус, і будынак, да якога мы беглі, таксама абрынуўся. Мне было так страшна і балюча, што я не мог ісці, і бацька цягнуў мяне на сабе».
Паводле яго слоў, з сямі чалавек, якія былі з ім у доме, выжылі дзве жанчыны, адна з якіх пасля памерла. «Маю бабулю, цётку і дзядзьку пакуль не знайшлі — яны ўсё яшчэ пад заваламі. Шанцаў, што яны выжылі, няма», — дадаў ён.
Каментары