Культура

«Купалінка» — народная песня ці аўтарская? Правільны адказ — і такая, і такая

На пытанне, народная ці аўтарская песня «Купалінка», правільны адказ — і такая, і такая. А дакладней — народная ў аўтарскай апрацоўцы. Твор скампанаваны па прынцыпе народнай песні і перагукаецца з тэкстамі, занатаванымі ў фальклорных зборніках. Увогуле гісторыя паходжання песні нагадвае сапраўдны дэтэктыў з мноствам таямніц і загадак, піша фалькларыстка Алена Ляшкевіч на Budzma.org.

kupalinka.jpg

Хто насамрэч напісаў песню

Лічыцца, што яе словы ў 1921 годзе напісаў паэт Міхась Чарот, а музыку — Уладзімір Тэраўскі. Песня, якую сёння ведаюць ці не ўсе беларусы, была часткай п’есы «На Купалле», якую ў 1920-х — пачатку 1930-х гадоў больш за 400 разоў паказалі на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра-1 (колішняя назва Купалаўскага).

З усяго мюзікла толькі адна песня да нас і дайшла. Калі аўтараў расстралялі і іх прозвішчы стала нельга пісаць у песенніках, «Купалінку» пазначалі як «народную». І гэта не да канца няпраўда. Бо падобныя словы сустракаюцца ў тэкстах традыцыйных песень, занатаваных у фальклорных зборніках.

Структура і сюжэт песні

Структура песні, дыялог з тагасветнай істотай (у гэтым выпадку Купалінка, але можа быць і Вясна, Вяснянка, Вясняначка) — даволі тыповая для… вясновых песень. Так-так, купалкі некаторыя фалькларысты адносяць да вясновага каляндарнага цыклу, а ў некаторых беларускіх лакальных традыцыях менавіта да Купалля спяваюць вяснянкі.

Дыялогі ў песнях могуць пачынацца пытаннямі:

  • Вясна, што ты нам прынесла?
  • Вясна-красна, на чым прыйшла?
  • Вясна, дзе ты зімавала?
  • Вясна, дзе твая дачка?

Менавіта апошні варыянт нас і цікавіць.

Дачка Вясны можа мець імя Мар’яначка, Ульяначка, Таццяначка ці звацца проста панначка / паняначка альбо вясняначка. «Вясняначкай» могуць ласкава зваць і саму Вясну. Яе вобраз у песнях часта блытаецца з вобразам дачкі. Гэты матыў распаўсюджаны ўздоўж Дняпра і яго прытокаў.

У залежнасці ад адказу Вясны выдзяляюцца падсюжэты:

• Вясняначка пасвіць жывёлу; 

• Вясняначка шые сарочку; 

• Вясняначка поле гарод.

Адпаведнікам песні з апошнім варыянтам адказу і ёсць «Купалінка», створаная па народных матывах.

Дзе сустракаюцца песні, падобныя да «Купалінкі»?

Падобныя тэксты сустракаюцца ў этнаграфічных зборніках XIX — пачатку XX стагоддзяў, то-бок надрукаваных яшчэ да стварэння п’есы «На Купалле». Самая ранняя публікацыя — у зборніку Пятра Бяссонава «Беларускія песні» 1871 года:

6 Бяссонаў.jpg
7 Бяссонаў.jpg

А вось варыянты са зборнікаў Паўла Шэйна 1874 і 1887 года:

1 Шэйн.jpg
1-2 Шэйн.jpg

Далей — тэкст, апублікаваны ў 1903 годзе ў «Смаленскім этнаграфічным зборніку» Уладзіміра Дабравольскага:

2 Дабравольскі.jpg

Некалькі варыянтаў з восьмага выпуска «Беларускага зборніка» Еўдакіма Раманава:

3 Раманаў.jpg
4 Раманаў.jpg
5 Раманаў.jpg

Гэтыя песні запісаныя на гістарычнай Віцебшчыне (Суражскі, Вяліжскі, Гарадоцкі, Віцебскі паветы) і на Смаленшчыне (Парэцкі павет), а таксама ў Барысаўскім павеце — як і вяснянкі з падобным матывам, уздоўж Дняпра і яго прытокаў.

Больш познія запісы можна знайсці ў зборніку «Купальскія і пятроўскія песні» серыі «Беларуская народная творчасць». Тэксты, падобныя да знакамітай «Купалінкі», занатаваныя, акрамя Віцебшчыны, у Крупскім, Бярэзінскім, Барысаўскім, Іўеўскім раёнах.

Што было першым — народныя песні ці твор Чарота і Тэраўскага?

Ці можа быць так, што згаданыя ніжэй песні — гэта ўсё варыянты твора Чарота і Тэраўскага, якія пайшлі ў народ? Наўрад ці, бо тэксты вельмі разнастайныя, са шматлікімі варыянтамі:

— Купала, дзе твая дочка?
Купала на Йвана! (паўтараецца пасля кожнага радка)
— А ў гародзе чабор поле,
Чабор поле, ручкі коле,
Чабор рве, за плот кідае.
Няхай чабор свінні з’ядзяць,
Свінні з’ядзяць, валы згудзяць,
Валы згудзяць, коні стопчуць.
Коні стопчуць капытамі,
Малойчыкі — чабатамі (Сялібскі с/с Бярэзінскага р.).

— Купалачка, дзе твая дачка?
Каліна! (паўтараецца пасля кожнага радка)
— На сенажаці кветкі рвець,
Кветкі рвець, вянкі ўець.
Адзін звіла з чырвонай ружы,
Другі звіла з зялёнай руты,
Трэці звіла з жоўтай крапівы.
3 чырвонай ружы — любіліся,
3 зялёнай руты — жаніліся,
3 жоўтай крапівы — разышліся (в. Замошша Барысаўскага р) і г. д.

Загадка тэксту, ідэнтычнага твору Чарота і Тэраўскага

Знайшоўся ўсё ж адзін тэкст, ідэнтычны «Купалінцы» Чарота і Тэраўскага.

— Купалінка, Купалінка,
Цёмная ночка,
Цёмная ночка,
Дзе ж твая дочка?
— Мая дочка ў садочку
Ружу, ружу поліць,
Ружу, ружу поліць,
Белы ручкі коліць,
Кветачкі рвець,
Кветачкі рвець,
Вяночкі звівае,
Вяночкі звівае,
Слёзкі пралівае.

І гэты варыянт запісаў… Уладзімір Тэраўскі! Тэкст паходзіць з Чэрвеньскага раёна, папярэдняя публікацыя — у зборніку Уладзіміра Цітовіча «Песні беларускага народа» 1959 года. Там, у сваю чаргу, пазначана: «Купальская песня навейшага паходжання. Апр. І. Любана».

Кампазітар Ісак Любан — аўтар таксама музыкі да песні «Бывайце здаровы», спектакля «Несцерка», фільма «Гадзіннік спыніўся апоўначы» і іншых.

Незразумела, ці гэта народная песня, ці ўсё ж аўтарская, што значыць «навейшае паходжанне» ў гэтым кантэксце, чаму не пададзеныя ноты апрацоўкі самога Тэраўскага, няма ніякіх пазнак пра Чарота…

У прадмове Цітовіч піша, што акрамя народных песень уключыў у зборнік творы прафесійных кампазітараў (але ў пераліку няма спасылкі на «Купалінку») «і некалькі твораў самадзейных кампазітараў, якія набылі шырокую папулярнасць у Беларусі і трывала замацаваліся ў быту нашага народа». Ці можна назваць Любана «самадзейным кампазітарам»? Наўрад ці. «Купалінка» хавае яшчэ шмат загадак.

Такім чынам, «Купалінку» з поўным правам можна назваць народнай песняй у аўтарскай апрацоўцы. Магчыма, Міхась Чарот проста ўставіў народную песню ў п’есу «На Купалле», а, магчыма, пазнака Цітовіча пра «навейшае паходжанне» значыць усё ж аўтарскую апрацоўку слоў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Спікерка КР Анжаліка Мельнікава таемна вылецела ў Лондан — і прапала30

Спікерка КР Анжаліка Мельнікава таемна вылецела ў Лондан — і прапала

Усе навіны →
Усе навіны

Магутны землятрус у М'янме. Паніка ў Бангкоку2

У міліцыі назвалі памер хабару, які ўзяў намеснік дырэктара Беларускай чыгункі6

Мінчукі размятаюць свежы бярозавік1

Пуцін прапанаваў увесці знешняе кіраванне ва Украіне для правядзення выбараў і паабяцаў дабіць УСУ20

У міліцыі расказалі, як знайшлі забойцу двух чалавек у Рагачоўскім раёне1

305 рублёў за цукарніцу, 456 за заварнік: цэны ў анлайн-краме Свята-Елісавецінскага манастыра шакуюць19

Аперацыя па пошуку салдатаў ЗША, што праваліліся ў балота ў Літве, доўжылася ўсю ноч2

Гэты маленькі звярок можа раскрыць сакрэт барацьбы са старэннем6

«Рыхтавацца да найгоршага»: Макрон заявіў, што ў Парыжы абмяркоўвалі планы падтрымкі Украіны без ЗША2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спікерка КР Анжаліка Мельнікава таемна вылецела ў Лондан — і прапала30

Спікерка КР Анжаліка Мельнікава таемна вылецела ў Лондан — і прапала

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць