У канцы верасня ў Кастрычніцкім раёне Мінска з’явіцца першы атрад народнага апалчэння. Як паведамляюць «Мінск-Навіны», асноўнай задачай падраздзялення стане падтрыманне парадку на тэрыторыі раёна.

Галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінаблвыканкама правяло вучэнні для ўдзельнікаў народнага апалчэння на базе сталічнай сярэдняй школы № 197 імя Герояў 120-й дывізіі. Аб ходзе падрыхтоўкі расказаў намеснік начальніка аддзела па ахове дзяржаўных сакрэтаў, мабілізацыйнай працы і пытаннях абароны Мінгарвыканкама Юрый Шубіч.
— Гаворка ідзе пра дастаткова новы (ці добра забыты стары) кірунак у сістэме абароны дзяржавы, які рэалізуюць мясцовыя ўлады пры падтрымцы сілавых структур. Сёння мы запрасілі на заняткі камандзіраў атрадаў і іх намеснікаў. На гэты раз вырашылі звярнуць увагу на пачатковыя асновы абыходжання са зброяй і тактычную медыцыну, — адзначыў Шубіч.
Паводле яго слоў, падобныя вучэнні стануць рэгулярнымі — іх плануюць праводзіць раз у квартал. А ўжо да канца верасня першы атрад пачне дзейнічаць у Кастрычніцкім раёне сталіцы.
— Яго першачарговая задача — падтрыманне парадку ў раёне, — падкрэсліў прадстаўнік Мінгарвыканкама.
У склад падобных падраздзяленняў звычайна ўваходзяць людзі, якія не могуць служыць у сілавых структурах па стане здароўя ці з іншых прычын, але маюць жаданне і матывацыю працаваць у сферы бяспекі. Таксама далучаюцца ветэраны вайсковай службы і былыя супрацоўнікі міліцыі.
Каментары