А каштуе незвычайнае адзенне амаль як крыло самалёта.

Беларускі прэміяльны брэнд ZNWR прапаноўвае аматарам небанальных стылёвых рашэнняў калекцыю, у якой рэчы выглядаюць так, быццам зроблены з упакоўкі для далікатных тавараў. Дарэчы, у складзе адзення сапраўды пазначана: 100% поліэтылен.

У калекцыі Bubbles былі сукенка і пінжак. На сайце вытворцы заяўлена: «Вельмі лімітавана. Выраблена ўсяго 20 эксклюзіўных Bubbles Jacket і Bubble Dress».

А вось як тлумачыцца канцэпцыя празрыстай вопраткі: «Аголеная адчувальнасць — тое, што сапраўды мае вагу ў клапатлівым і шурпатым жыцці. Быць сапраўднымі, бачнымі, празрыстымі і шчырымі — вось сапраўдная каштоўнасць». Ёсць таксама шматзначны намёк, што ў такім адзенні пары могуць «палопаць» адно аднаго.

Згодна з інфармацыяй на сайце брэнда, за некалькі месяцаў пакупнікі набылі 5 жакетаў. А вось сукенак у наяўнасці засталося ўсяго дзве — і тыя ў Расіі. Каштуе эксклюзіў нятанна: 912 рублёў за пінжак і 677 за сукенку.
Пры гэтым цэны падымалі, бо дзесяць тыдняў таму ў беларускім інстаграме брэнда пісалі іншыя лічбы: 380 рублёў за жакет і 290 рублёў за сукенку.

Выпускалі Bubbles да святкавання Новага года. Але цяпер брэнд абяцае, што ў хуткім часе з’явіцца і новая сезонная рэч у калекцыі — пупырысты чэпчык для вясенніх дажджоў.

У каментарыях у інстаграме брэнда ўжо пачаліся спаборніцтвы па жартах. На што прадстаўнікі ZNWR адказваюць: «Мастацтва не заўсёды трэба разумець, часам яго трэба адчуваць». Але ж трэба адзначыць, што і пазітыўных каментарыяў хапае.
Каментары