Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч праходзіць хіміятэрапію, але «настрой у яго аптымістычны»
Арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч знаходзіцца ў шпіталі і праходзіць хіміятэрапію, паведаміў 13 сакавіка падчас святой імшы ў архікафедральным касцёле ў Мінску мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі, піша Katolik.life.

Мітрапаліт дадаў, што Кандрусевіч па дарозе ў шпіталь тэлефанаваў і прасіў падзякаваць усім за малітву за яго.
Пра значнае пагаршэнне стану здароўя заслужанага іерарха, які мае анкалагічнае захворванне — меланому, раней паведамляла Курыя архідыяцэзіі.
Пры гэтым вернікі, знаёмыя з сітуацыяй, расказалі, што арцыбіскуп Кандрусевіч да гэтага часу не быў шпіталізаваны і наведваў паліклініку. Раніцай 13 сакавіка ён адпраўляў святую імшу, а настрой у яго аптымістычны.
У лютым 2023 года арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перанёс аперацыю па выдаленні пухліны. У траўні 2024 года яму рабілі аперацыю на сэрцы пасля перанесенага інфаркту.
Каментары