3 сакавіка, пражыўшы ўсяго 48 гадоў, памерла гісторык і тэолаг Кацярына Лаўрыненка. 25 лютага яна трапіла ў бальніцу з двухбаковай пнеўманіяй і ад хваробы так і не ачуняла, піша Katolik.life.

Кацярына Лаўрыненка нарадзілася 23 лютага 1977 года ў гарадскім пасёлку Руба пад Віцебскам.
У 1999 годзе скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава па спецыяльнасці «Гісторыя. Беларуская мова і літаратура», у 2002-м — аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 2010-м — магістратуру Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла II.
У 2005 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Каталіцкі Касцёл у грамадска-палітычным жыцці ПНР у 1970—1989 гадах». Аўтарка шматлікіх навуковых і папулярных публікацый у асноўным на тэмы, звязаныя з гісторыяй Каталіцкай царквы.
Пачынаючы з 2003 года шмат гадоў працавала на кафедры сусветнай гісторыі і сусветнай культуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава. Звольнілася адтуль пасля падзей 2020 года. У той час яна адкрыта каментавала грамадска-палітычны крызіс у Беларусі ў прывязцы да Каталіцкай царквы.
У апошнія гады Кацярына Лаўрыненка працавала ў структурах Каталіцкай царквы, выкладала гісторыю і кананічнае права.
«Яна вельмі любіла жывёл, апекавалася імі. Была добрым, чулым чалавекам. Любіла хадзіць у пешыя пілігрымкі, фатаграфаваць пейзажы роднага краю», — расказала пра Кацярыну яе сяброўка.
На старонцы ў сацсетцы апошні яе допіс быў з просьбай аб малітве ў сувязі з хваробай. Праз тыдзень жанчына памерла, а апошнія дні была без прытомнасці, знаходзілася на штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Каментары
Нават няма слоў... Яшчэ не так даўно стэлефаноўваліся, спадзяваліся ўбачыцца. Вельмі любіла катоў. Нават калі прыязджала ў Глыбокае, то купляла ежу бяздомным катам.