Рубель умацоўваецца. Што гэта азначае для эканомікі і для кашалькоў
За апошнія некалькі месяцаў даляр упаў з 3,6 да 3,1 рубля. «Наша Ніва» спытала ў эканаміста, як умацаванне рубля да даляра і еўра можа адбіцца на беларускай эканоміцы.

Чаму рубель умацоўваецца?
Умацаванне курсу беларускага рубля адбываецца на фоне ўмацавання рубля расійскага. Калі ў пачатку года за даляр давалі 113 расійскіх рублёў, то бліжэй да канца сакавіка — 83 рублі. Гэта і з'яўляецца асноўнай прычынай.
Эксперт BEROC Анастасія Лузгіна адзначае, што на ўмацаванне расійскага рубля, у сваю чаргу, уплываюць адразу два фактары: пазітыўныя тэндэнцыі ў знешнім гандлі і аднаўленне кантактаў з ЗША, то-бок геапалітычны фактар.
«Сітуацыя з экспартам у Расіі нядрэнная. Адбылося зніжэнне імпарту пры росце экспарту ў лютым, таму мы маем сумесь геапалітычных і эканамічных фактараў, якія ўплываюць на ўмацаванне расійскай валюты», — тлумачыць эксперт.
Кажучы пра тое, як умацаванне беларускага рубля можа паўплываць на эканоміку Беларусі, эканаміст адзначае, што для ацэнкі трэба абапірацца на валютны кошык, а не толькі на курс даляра ці еўра.
«У кошыку валют курс практычна не змяніўся — зніжэнне адбылося ў рамках аднаго працэнта, паколькі назіраюцца рознанакіраваныя тэндэнцыі. Калі да даляра наш рубель умацоўваецца, то да расійскага рубля курс зніжаецца.
Гэта значыць, што для расійскага рынку нашы тавары становяцца больш прывабнымі, што нядрэнна для экспарту. Імпарт пры гэтым становіцца менш прывабным, гэта значыць, можа даражэць у беларускіх рублях. Дадатковым фактарам для росту цэн імпарту з'яўляецца высокі ўзровень інфляцыі ў Расіі», — лічыць Лузгіна.
Што тычыцца даляра, цяпер яго курс для Беларусі, па словах эксперта, не так важны, як 4-5 гадоў таму, паколькі асноўныя разлікі вядуцца ў расійскіх рублях і кітайскіх юанях. На даляр прыпадае толькі каля адной траціны аперацый.

«Таму на цяперашні момант для нашай эканомікі больш важная дынаміка менавіта ў адносінах да расійскага рубля. Калі глядзець на валютны кошык, то мы бачым, што ўмацаванне беларускай валюты да даляра балансуецца за кошт зніжэння да рубля расійскага».
Ці варта чакаць зніжэння цэн на імпартныя тавары?
Таксама эксперт не лічыць, што ўмацаванне рубля да даляра можа прывесці да прыкметнага патаннення тавараў, імпартуемых з трэціх краін. Высокая валатыльнасць рубля захоўваецца, што змушае бізнэс закладваць у кошт дадатковыя рызыкі.
«У бліжэйшай перспектыве курс беларускага рубля можа змяніцца ў любы бок — у залежнасці ад таго, як будзе сябе паводзіць расійскі рубель. А расійская валюта цяпер слабапрадказальная нават у кароткім перыядзе, паколькі на яе шмат у чым уплываюць рашэнні геапалітычнага характару і эканамічныя фактары», — тлумачыць эканаміст.
Даляра па 2,5 не будзе
Пры гэтым Лузгіна адзначае: нават калі геапалітычная і эканамічная сітуацыя будуць складвацца для Расіі пазітыўна, гэта не азначае, што расійскі рубель можа ўмацавацца да 60 за даляр, а беларускі — да 2,5 рубля за даляр. Бо гэта нявыгадна для эканомікі.

«Калі будзе далейшае значнае ўмацаванне расійскага рубля, то, магчыма, будзе скасаваная частка валютных абмежаванняў, што дазволіць скарэктаваць курс, каб не даць рублю стаць занадта дарагім», — тлумачыць Анастасія Лузгіна.
Тым не менш на побытавым узроўні ўмацаванне беларускага рубля да даляра можна назваць пазітыўнай зменай — прынамсі для некаторых беларусаў.
«Гэта добра для тых, хто плануе купляць замежныя тавары ці, напрыклад, хоча адпачыць за мяжой. У пераліку на беларускія рублі тыя ж турыстычныя пуцёўкі пры такім курсе становяцца больш даступнымі. Аналагічна больш таннымі стануць і тыя тавары, кошт якіх традыцыйна прывязаная да даляра. Напрыклад, кошт квадратнага метра жылля.
У той жа час для людзей, якія зарабляюць у валюце — за мяжой, — патанненне даляра з'яўляецца мінусам.
Але калі казаць пра эканоміку ў цэлым, то, на думку эксперта, цяперашняе ўмацаванне рубля да даляра мае хутчэй нейтральны характар.
Можа адбыцца пералом тэндэнцыі
Што тычыцца прагнозаў, Лузгіна не выключае, што бліжэйшым часам можа адбыцца яшчэ большае ўмацаванне рубля да даляра і еўра, але ў доўгатэрміновай перспектыве рубель, на яе думку, усё ж будзе таннець адносна даляра.
«Хутчэй за ўсё, бліжэй да канца года рубель пачне слабець, паколькі эканамічныя фактары прывядуць да таго, што будзе плаўнае зніжэнне курса расійскага рубля, і, адпаведна, беларускага.
Акрамя таго, не варта забываць, што сваю ролю могуць адыграць і выключна ўнутрыбеларускія фактары. У канцы мінулага года і пачатку гэтага года сітуацыя ў знешнім гандлі Беларусі пагоршылася. Хоць для валютнага рынку яна пакуль і не крытычная, але адмоўнае сальда расце.
На думку эканаміста, калі адмоўнае сальда працягне расці, гэта стане важным унутраным фактарам, які ўплывае на пагаршэнне сітуацыі на валютным рынку.
«І тады ўжо не расійскі рубель будзе ўплываць на беларускі, як гэта адбываецца цяпер, а эканамічная сітуацыя ўнутры Беларусі», — мяркуе Лузгіна.
Каментары