Спорт

Чым цяпер жывуць «Крумкачы»

Яны перамагалі БАТЭ і «Дынама», іх матчы праходзілі ў суправаджэнні аўтазакаў. Што цяпер з «Крумкачамі» — некалі самай народнай камандай краіны?

Фота: AP Photo/Sergei Grits

Вы маглі апошні раз чуць пра «Крумкачоў» пасля выбараў-2020, калі каманда выражала салідарнасць з ахвярамі гвалту. Палітычны тэрмін, два гады зняволення, атрымаў гулец каманды і журналіст Аляксандр Івулін.

У сезоне-2021 клуб заняў трэцяе месца і прайграў у стыкавых гульнях за права выступаць у вышэйшай лізе — даўняя мара «крумак». Але ж на гэтым праблемы не скончыліся. САК «Алімпійскі» адмовіў клубу ў падаўжэнні арэнды, і, па даных медыя, гэта было звязана з ціскам з боку тагачаснага кіраўніка футбольнай федэрацыі Уладзіміра Базанава. 

Дамовіцца з аналагічнымі стадыёнамі таксама не атрымалася. «Крумкачы» нават былі гатовыя перабрацца на стадыён у Смалявічы і амаль што дамовіліся на яго арэнду, але потым мясцовыя ўлады вырашылі рэканструяваць яго пад гульню ў рэгбі.

Перад сезонам-2022 з клуба сышлі амаль усе гульцы, у тым ліку старажылы, і выглядала цудам, ці дазволяць камандзе заявіцца хаця б у трэцюю, шмат у чым аматарскую лігу. Тым не менш, увесну каманда выйшла на поле.

А праз некалькі месяцаў здарылася трагедыя. 1 мая 2022-га «Крумкачы» праходзілі адзін з раўндаў Кубка Беларусі, дзе адолелі «Энергетык-БДАТУ». Для клубнага ютуб-канала важны матч каментаваў камерцыйны дырэктар каманды Юрый Турэйка, і проста падчас гульні ў яго здарыўся інсульт. Калі мужчыну шпіталізавалі, яго накрыў другі інсульт, а потым яшчэ і інфаркт. 

Турэйка выкараскаўся, але яму спатрэбіліся грошы на рэабілітацыю пасля такіх дыягназаў. Збор дапамогі арганізаваў клуб. Юрыю накіравалі ўсе сродкі ад продажу квіткоў на кубкавую гульню з «Іслаччу» — атрымалася больш за 10 тысяч рублёў. Па апошніх звестках, мужчына пачувае сябе лепей і плануе вярнуцца ў сферу футболу.

Пакуль «Крумкачы» асвойваліся ў другой лізе, былы форвард каманды Іван Верас граў у чэмпіянаце Мальдываў, куды перабраўся ў пачатку 2022 года. Напачатку ўсё было няблага: Іван забіў палову ўсіх мячоў сваёй каманды «Юнайтэд Віктары» — за сезон на яго рахунку было 13 галоў. 

Праз некалькі месяцаў пасля заканчэння сезона, у кастрычніку 2022-га, гісторыя з Мальдывамі прыняла больш скандальны бок — Верас пачаў скардзіцца на затрымкі ў выплаце заробку і праблемы з візай. Але як толькі гісторыя трапіла ў медыя, беларуса і яго калегу па камандзе хуценька разлічылі, і Верас накіраваўся на новае месца — у другі дывізіён чэмпіяната Індыі, каманду «Аіджал».

«Крумкачы» тым часам траплялі ў навінавыя стужкі з маркетынгавымі фішкамі. Напрыклад, разам з маладым букмекерам Grandsport яны стварылі вось такую прывабную беларускамоўную рэкламу:

А ўвосень 2022-га «Крумкачы» паўдзельнічалі ў незвычайным флэшмобе беларускіх клубаў. Усё пачалося з «Энергетыка-БДУ»: у тэлеграм-канале клуба раптам з'явілася спасылка на рэцэпт вяленых памідораў з праванскімі травамі. БАТЭ адказаў на гэта рэцэптам сырнікаў на манне, а «крумкі» зарыгінальнічалі і прапанавалі боршч з чорнымі грэнкамі і часнаком.

Што да турнірных вынікаў, клуб скончыў сезон-2022 на другім месцы, што давала «Крумкачам» права ў новым сезоне выступаць у першай лізе. Такое рашэнне патрабавала б ад клуба дадатковых выдаткаў у параўнанні з другой лігай, і каманда не змагла знайсці на гэта фінансы, таму сустрэла сезон-2023 зноў у другой лізе і на ўжо родным мінскім стадыёне РЦАР-БДУ.

Але, у адрозненне ад больш багатых камандаў, «Крумкачы» знайшлі магчымасць зладзіць беларускамоўны клубны сайт.

У пачатку 2023-га кар'еру скончыў 38-гадовы форвард Аляксандр Яцкевіч — магчыма, не самы вядомы з беларускіх футбалістаў, аднак легендарны для «Крумкачоў» гулец. Да каманды ён далучыўся ў 2019 годзе і забіў за яе 40 галоў, што з'яўляецца клубным рэкордам. Але першыя месяцы без футболу не выдаліся спакойнымі: у канцы красавіка Яцкевіча затрымалі губазікаўцы, мужчына адседзеў 13 сутак арышту.

Ягоны цёзка, Аляксандр Івулін, у лютым 2023-га выйшаў на волю. Але да каманды не вярнуўся і з'ехаў за мяжу, дзе працягвае рабіць ютуб-праект «ЧестнОК».

У новы сезон «Крумкачы» ўвайшлі са стылёвай формай, на якой намаляваная мапа Мінска і пазначаны важныя для гісторыі каманды стадыёны. 

А зусім нядаўна, у чэрвені, на трыбунах «Крумкачоў» заўважылі старога знаёмага — матч з «Трактарам» наведаў Раман Пратасевіч. У мінулым жыцці, яшчэ да NEXTA і прымусовай пасадкі самалёта ў Мінску, Пратасевіч заўзеў за «крумак», працаваў на матчах фатографам і аднойчы нават паспрабаваў сябе ў ролі каментатара.

Цяпер «Крумкачы» знаходзяцца на трэцім месцы ў мінскім дывізіёне другой лігі. Народная каманда, як бачым, існуе і дагэтуль, хаця і ў няпростых умовах. Верагодна, большага «Крумкачам» цяпер чакаць не прыходзіцца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Паглядзіце, якія прыгожыя квіткі на свае гульні зрабілі «Крумкачы» ФОТА

«Самыя страшныя людзі на свеце — ціхоні». Трэнер Алег Дулуб пра вайну і маўклівых спартоўцаў

«Нават пасля вяртання выліваю на сябе значна больш парфумы, чым рабіў гэта раней». Малады навуковец расказаў пра сваю працу ў Антарктыдзе

Каментары

Цяпер чытаюць

Камеры на дарогах усё ж пачалі лавіць аўто без тэхагляду? Беларус паказаў, як атрымаў штраф2

Камеры на дарогах усё ж пачалі лавіць аўто без тэхагляду? Беларус паказаў, як атрымаў штраф

Усе навіны →
Усе навіны

Маршрутчык гадамі падманваў даверлівых жанчын і выцягнуў з іх амаль 70 тысяч рублёў2

У Мінску асфальт паклалі ўздоўж прыпаркаванага аўтамабіля

У Мінску з’явяцца «марудныя зоны» для самакатаў. Дзе менавіта?

Колькі Ірына Абельская зарабляе на пасадзе кіраўніцы «лечкамісіі»6

Марын Лё Пэн прыгаварылі да чатырох гадоў7

«Насенне ад Бацькі». Дзяўчынка, якой уручылі костачкі кавуна ад Лукашэнкі, аказалася не простай школьніцай, а дачкой мясцовага функцыянера4

Мабільны Анжалікі Мельнікавай з 19 сакавіка знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі83

Прызначаны новы кіраўнік Мінскай вобласці4

Юрый Караеў прызначаны кіраўніком Гродзенскай вобласці8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Камеры на дарогах усё ж пачалі лавіць аўто без тэхагляду? Беларус паказаў, як атрымаў штраф2

Камеры на дарогах усё ж пачалі лавіць аўто без тэхагляду? Беларус паказаў, як атрымаў штраф

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць