Мова2727

У памежных вёсках на Віленшчыне беларуская мова працягвае выцясняць літоўскую

З літоўскага боку мяжы мясцовыя жыхары ўмеюць па-літоўску, але часцей гавораць, як там кажуць, «папросту». А з беларускага боку мяжы людзі перасталі быць двухмоўнымі.

Свята беларускай песні ў Вялікіх Салечніках. Фота: фэйсбук-суполка Беларускага культурнага цэнтра «Раніца».

Артыкул мовазнаўцы Ніёле Туамене (Nijolė Tuomienė) пад назвай «Развіццё літоўскіх гаворак у зоне актыўнага балта-славянскага кантакту: прыкметы распаду марфалагічнай структуры» быў апублікаваны ў латвійскім навуковым часопісе «Valoda: nozīme un forma».

Туамене працуе старшым навуковым супрацоўнікам у Цэнтры геалінгвістыкі Інстытута літоўскай мовы (Lietuvių kalbos institutas, Geolingvistikos centras). І даследуе яна гаворкі роднага для сябе краю — яна нарадзілася ў 1971 годзе ў вёсцы Рамашканцы Воранаўскага раёна, калі яшчэ ніякай мяжы паміж Літвой і Беларуссю не было.

У сваім новым артыкуле Туамене апісвае стан паўднёвага аўкштайцкага субдыялекту літоўскай мовы, на якім размаўляюць ці даўней размаўлялі ў вёсках абапал дзяржаўнай мяжы. Мяжы, якая да 1990-х гадоў існавала толькі на картах і мала паўплывала на моўныя працэсы.

Даследчыца прааналізавала матэрыял, які ахоплівае амаль сем дзесяцігоддзяў — з другой паловы XX стагоддзя да першай чвэрці XXI стагоддзя.

Ніёле Туамене. Фота: joniskis.rvb.lt

Туамене даследавала і параўноўвала сучасную мову некалькіх пакаленняў, каб пабачыць змены ў маўленні карэнных жыхароў.

Даследаванне ахоплівала большую частку памежнага Салечніцкага раёна Літвы і Воранаўскага раёна Беларусі, адкуль паходзіць сама Туамене. Гэта зона інтэнсіўнага моўнага кантакту і масавага запазычання паміж імі. Усяго ў розныя гады было апытана і запісана 89 шматмоўных рэспандэнтаў старэйшага, сярэдняга і малодшага пакаленняў.

З літоўскага боку былі ахоплены 17 паселішчаў, з якіх 10 адносяцца да паўднёвааўкштайцкага субдыялекту: Руднікі, Гудзелі, Малыя Салечнікі, Куршы, Конюхі, Вялікія Салечнікі, Вежанцы, Эйшышкі, Бутрымоны, Даўгіданцы. Астатнія 7 паселішчаў адносяцца да ўсходнеаўкштайцкага субдыялекту — гэта Мацюці, Межаны, Даўляны, Дойліды, Курмяляны, Табарышкі і Яшуны. 

Касцёл у Эйшышках. Фота: www.vle.lt

У літоўскіх Вялікіх Салечніках, Конюхах, Дойлідах, Даўлянах, Межанах, Мацюцях і Вежанцах было шмат людзей, якія разумелі літоўскую мову, але з цяжкасцямі размаўлялі на ёй, а большасць увогуле не гаварыла на ёй. 

З беларускага боку даследаваліся некалькі літоўскамоўных «астраўкоў», якія належалі да паўднёвааўкштайцкага субдыялекту. Яшчэ сто гадоў таму ў Воранаве, Зарэччы, Асаве, Начы, Радуні, Пліках і Пелясе актыўна карысталіся літоўскай мовай.

Туамене зафіксавала ў гэтым рэгіёне працэс знікнення літоўскіх дыялектаў праз інтэнсіўныя запазычанні з беларускай мовы. Пад пастаянным уплывам славянскіх моў літоўскія дыялекты перажываюць складаныя дэгенератыўныя змены. Літоўская мова, выцесненая ў гэтым рэгіёне з грамадскага жыцця, страчвае свае асноўныя функцыі і замяняецца іншымі мовамі. Гэта адбылося проста на вачах: за два-тры пакаленні.

Моўная сітуацыя на Віленшчыне ў пачатку XX стагоддзя (паводле Алойзаса Відугірыса). Ружовым — беларуская мова, зялёным — літоўская. Фота: Wikimedia Commons

Білінгвы ігнаруюць правілы літоўскага словаўтварэння, літоўскія словы часта атрымліваюць нетыповыя беларускія канчаткі, змяняецца семантыка словаў, назіраецца блытаніна роду назоўнікаў. Напрыклад, некаторыя абстрактныя назоўнікі, якія ў літоўскай мове звычайна маюць жаночы род, выкарыстоўвалі ў форме мужчынскага роду, бо такі род маюць іх беларускія эквіваленты. Гэтыя змены адбываюцца як на тэрыторыі Беларусі, такі і на тэрыторыі Літвы.

Беларуская мова, як асноўная для маладога пакалення, становіцца галоўнай мовай зносін у сям'і. Носьбіты дыялектаў, якія ўсё менш размаўляюць на літоўскай мове ў сваім паўсядзённым жыцці, пачынаюць разглядаць беларускую мову як асноўны сродак камунікацыі, лёгка ўключаючы яе элементы ў сваю мову. Большасць проста перакладаюць свае думкі або асобныя сказы з беларускай мовы на літоўскую.

Даследчыца, карыстаючыся тэрміналогіяй вядомага аўстрыйскага мовазнаўцы Вольфганга Дрэслера, называе сітуацыю літоўскай мовы з беларускага боку мяжы «смерцю мовы».

Вось як змены ў моўнай сітуацыі на Віленшчыне за перыяд 1890—2021 гадоў выглядаюць на мапе. Фіялетавым пазначаны рэгіёны, дзе змены адбыліся на карысць літоўскай мовы, зялёным — на карысць славянскіх моў.

Ацэнка зменаў у моўнай сітуацыі на Віленшчыне за перыяд 1890—2021 гг. Фіялетавым пазначаны рэгіёны, дзе змены адбыліся на карысць літоўскай мовы, зялёным — на карысць славянскіх моў. Фота: Цэнтр геалінгвістыкі Інстытута літоўскай мовы

А такую сітуацыю зафіксаваў перапіс, праведзены ў Літве ў 2021 годзе.

Этналінгвістычная сітуацыя ў рэгіёне паводле перапісу 2021 годзе. Зялёным і салатавым колерам пазначаныя тэрыторыі, дзе колькасць тых, хто размаўляе па-літоўску, складае 0-25% і 25-50% адпаведна. Аранжавым і чырвоным — 50-75% і 75-100% адпаведна. Фота: Цэнтр геалінгвістыкі Інстытута літоўскай мовы

Даследаванні моўнай сітуацыі ў краі паказваюць, што літоўская мова за стагоддзе адваявала сабе гарады Вільню, Трокі, Янава і Шырвінты, дзе раней дамінавалі славянскія мовы. Але ў сельскай мясцовасці яе ўжыванне, наадварот, моцна скарацілася пад ціскам рускай, польскай і беларускай моваў. У прыватнасці, страчаны ўсе аўтэнтычныя моўныя астравы ў Дзевянішках, наяўнасць якога абумовіла гэты непаўторны выступ у беларуска-літоўскай мяжы, на славянскія мовы перайшлі таксама Гервяты і Лаздуны.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары27

  • Вільня
    25.01.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Зразумела
    25.01.2025
    Тут амаль не было жамойтаў. І мовы іх тут не было. Але гэта не галоўнае, трэба жыць разам у сяброўстве.
  • Вільня
    25.01.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Падрыў «Паўночнага патоку»: сталі вядомыя кулісы дзёрзкай дыверсіі, роля Залужнага і Польшчы11

Падрыў «Паўночнага патоку»: сталі вядомыя кулісы дзёрзкай дыверсіі, роля Залужнага і Польшчы

Усе навіны →
Усе навіны

305 рублёў за цукарніцу, 456 за заварнік: цэны ў анлайн-краме Свята-Елісавецінскага манастыра шакуюць18

Аперацыя па пошуку салдатаў ЗША, што праваліліся ў балота ў Літве, доўжылася ўсю ноч2

Гэты маленькі звярок можа раскрыць сакрэт барацьбы са старэннем5

«Рыхтавацца да найгоршага»: Макрон заявіў, што ў Парыжы абмяркоўвалі планы падтрымкі Украіны без ЗША2

Беларусы выкупілі пад Мінскам дзевяць участкаў, каб жыць цеснай кампаніяй. Адно месца яшчэ вакантнае18

У нейрасетку GPT дадалі візуальны генератар. Паглядзіце, што ён можа20

Кот пароды мэйн-кун стаў рэкардсменам Кнігі Гінеса дзякуючы свайму хвасту1

Пуцін гістарычна аргументаваў планы Трампа анексаваць Грэнландыю3

У Беларусь зноў прыляцела нільская гусь. Але радавацца тут няма чаму3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Падрыў «Паўночнага патоку»: сталі вядомыя кулісы дзёрзкай дыверсіі, роля Залужнага і Польшчы11

Падрыў «Паўночнага патоку»: сталі вядомыя кулісы дзёрзкай дыверсіі, роля Залужнага і Польшчы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць