25-гадовая дзяўчына вярнулася праз камісію па вяртанні — магчыма, што з Расіі
Алена Дамасевіч была вымушаная даць інтэрв'ю прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай і патлумачыць сваю матывацыю.

25-гадовая Алена Дамасевіч вярнулася ў Беларусь. Як сцвярджаюць дзяржаўныя СМІ, гэта адбылося пры ўдзеле «камісіі па вяртанні».
Ёй давялося даць інтэрв'ю прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай.
Па словах Алены, яна адзін раз была на маршы пратэсту ў кастрычніку 2020 года. Кажа, што аб суправаджэнні на маршы яе прасіла маці, якая «хацела паўдзельнічаць і дрэнна ведала горад».
Са слоў дзяўчыны незразумела, калі яна пакінула Беларусь, па якой прычыне і дзе знаходзілася. Дакладна вядома, што па стане на 2024 год Алена была ў саюзным беларуска-расійскім вышуку.
Дамасевіч расказвае, што добра вучылася, закончыла ўніверсітэт і адпрацавала размеркаванне. Пасля стала працаваць у Расіі, была кіраўніком аддзелу продажу на фірме.
Як сцвярджае дзяўчына, у пэўны момант яна са сваім маладым чалавекам знайшла інфармацыю аб мінулых пасяджэннях камісіі па вяртанні ў інтэрнэце, параілася з юрыстам і накіравала заяву па электроннай пошце. Праз некаторы час атрымала адказ, што заява прынята да разгляду.
«Разглядалася яна па тэрмінах на працягу двух месяцаў. І мне прыйшоў адказ аб тым, што пасяджэнне камісіі адбылося. І рашэнне аб меры стрымання было зменена. Пра што я была шалёна рада. І са спакойнай душой я перасекла мяжу. Я прыехала, падпісала сякія-такія паперы», — расказвае Алена.
Праўда, як заўважае Алена, у Беларусі, магчыма, яна не застанецца назаўсёды, бо яе малады чалавек можа вырашыць жыць у Расіі і там строіць сям'ю.
«Але я дакладна хачу, каб у мяне была магчымасць вяртацца», — даводзіць Дамасевіч.
Лебедзева акцэнтуе ўвагу, што Алена з мнагадзетнай сям'і, якой дзяржава аказвала дапамогу.
«Што вы набрахалі — тое ўсё забудуць». Светлагорская раёнка вырашыла прарэкламаваць камісію па вяртанні ў вершах
«Недзе, можа, паставіў лайк не той». На БТ паказалі чарговага беларуса, які прыехаў на радзіму праз камісію па вяртанні
Швед: Праз камісію па вяртанні вярнуліся 19 чалавек, дазвол атрымалі яшчэ 40 чалавек
Каментары
Яна што, адпрацавала размеркаванне у Расіі? Чаму яна там была?