Эфект дня нараджэння. Чаму верагоднасць памерці ў гэты дзень вышэйшая, чым у любы іншы
Гэтая статыстычная з'ява была заўважана ў розных краінах. Адназначнага тлумачэння ёй няма, але на гэта могуць уплываць фізіялагічныя і псіхалагічныя фактары, паводзіны людзей і нават асаблівасці статыстычнага ўліку. Распавядаем, чаго варта асцерагацца.

Трошкі статыстыкі
Павышаную смяротнасць у дзень нараджэння выявілі даследаванні, праведзеныя ў ЗША, Швейцарыі, Англіі і Уэльсе, Украіне і іншых краінах, што сведчыць пра сапраўднасць гэтага эфекту.
Швейцарскія навукоўцы прааналізавалі больш за 12 мільёнаў выпадкаў смерці і зафіксавалі найбольшы рост смяротнасці менавіта ў дзень нараджэння — прыкладна на 17% вышэй за сярэднечаканы ўзровень. Падобны вынік, перавышэнне каля 13,8%, паказала і іншае даследаванне, якое ахоплівала смерці за 1969—2008 гады. Гэты эфект праяўляўся ва ўсіх узроставых і полавых групах, найбольш выразна — у вельмі пажылых людзей, якім было за 80 гадоў.
Паводле даследавання, якое ахоплівала 25 мільёнаў смерцяў у ЗША за 1998—2011 гады, смяротнасць ва ўласны дзень нараджэння была ў сярэднім на 6,7% вышэйшай, чым можна было б чакаць статыстычна. Асабліва рэзка гэты эфект праяўляўся ў моладзі: сярод асоб ва ўзросце 20—29 гадоў колькасць смерцяў у дзень нараджэння перавышала норму больш чым на 25%.
Найбольш жудасныя статыстычныя вынікі былі атрыманыя ў нашым рэгіёне. Паводле даных па Кіеве за 1990—2000 гады, колькасць смерцяў у дзень нараджэння была на дзіва высокая: у мужчын амаль на 44% большая, чым звычайна, а ў жанчын — на 36%.
Сярод магчымых тлумачэнняў называюць як медыцынскія (фізіялагічныя) фактары, так і псіхалагічныя прычыны, а таксама пэўныя асаблівасці статыстычнага ўліку ў розных краінах.
Стрэс, нагрузка і біярытмы
Дзень нараджэння часта звязаны з моцнымі эмоцыямі, як станоўчымі, так і адмоўнымі, і высокім стрэсам. Гэта выклікае ўздым адрэналіну, падвышае крывяны ціск і нагрузку на сэрца. Для людзей старэйшага ўзроўню або з хранічнымі захворваннямі гэта можа скончыцца інфарктам міякарда або інсультам.
У Швейцарыі значная частка анамальных смерцяў у дзень нараджэння прыпадае менавіта на гэтыя сардэчна-сасудзістыя хваробы. Пры тым часцей фіксаваліся інсульт і інфаркт у гэты дзень толькі ў жанчын, а вось у мужчын — няшчасныя выпадкі і суіцыды.

Але самая высокая празмерная смяротнасць на дзень нараджэння назіраецца ў людзей старэйшых за 80 гадоў, якія вычарпалі фізіялагічныя рэзервы арганізма і такая стрэсавая падзея становіцца для іх «апошняй кропляй».
Існуе таксама гіпотэза, што на смерці ў дзень нараджэння ўплываюць цыркануальныя гадавыя рытмы (не блытаць з сутачнымі цыркаднымі). Арганізм можа мець унутраны цыкл, сінхранізаваны з сезонам нараджэння. Некаторыя навукоўцы лічаць, што кліматычныя ўмовы ў час нараджэння дзейнічаюць як «цайтгебер» (сінхранізатар), які штогод у пэўны перыяд «запускае» падвышаную ўразлівасць арганізма.
Думкі пра смерць і адкладанне смерці
Дзень нараджэння часта прымушае чалавека засяродзіцца на пытаннях жыцця і смерці — чарговы год пражыты, узрост павялічваецца. Такая нагода задумвацца пра ўласную смяротнасць можа негатыўна ўплываць на псіхіку. Паводле тэорыі кіравання страхам смерці (terror management theory), напамін пра смерць выклікае падсвядомы стрэс, які здольны паскорыць смерць фізіялагічна.
Інакш кажучы, для некаторых людзей дзень нараджэння становіцца псіхалагічна цяжкім — узнікае дэпрэсіўны настрой, пачуццё самоты або расчаравання, што можа пагоршыць стан здароўя.
З іншага боку, існуе процілеглая гіпотэза: людзі, асабліва цяжкахворыя, могуць падсвядома трымацца за жыццё да нейкай значнай даты. Дзень нараджэння — натуральны «дэдлайн», да якога чалавек можа імкнуцца дажыць, каб пабачыць яшчэ адзін год.
Ёсць звесткі, што некаторыя смяротна хворыя сапраўды адцягваюць смерць, каб дачакацца свайго дня нараджэння або іншага значнай падзеі.

Напрыклад, зафіксаваны рост смерцяў ад раку і сардэчных прычын падчас Нараджэння Хрыстова ў хрысціян. А сярод яўрэяў вядомы «эфект Пасхі» — многія пажылыя яўрэі імкнуцца дачакацца святкавання Песаха, і статыстыка паказвае змены смяротнасці, якія рухаюцца следам за гэтым рухомым святам (кожны год у розныя дні).
Але даследаванні гавораць, што эфект дня нараджэння часцей звязаны менавіта са стрэсавым «ударам гадавіны», а не з адтэрміноўкай смерці. На гэта паказвае тое, што павелічэнне смяротнасці назіраецца менавіта ў дзень нараджэння, а не адразу пасля яго.
Яшчэ адной важным псіхалагічным аспектам падвышанай смяротнасці ў дзень нараджэння з'яўляюцца дэпрэсіі і суіцыдальныя схільнасці. Псіхалагічны стан у дзень нараджэння можа пагаршацца ў людзей, незадаволеных сваім жыццём або тых, хто адчувае самоту. Гэты стан называюць «тугою дня нараджэння» («birthday blues»). У такім стане павышаецца рызыка суіцыдальных думак і дзеянняў.
Даследаванні паказалі, што ў некаторых краінах назіраецца пікавы рост суіцыдаў у дзень нараджэння або непасрэдна пасля яго. Асабліва ўразлівыя могуць быць мужчыны: адна з прац выявіла, што ў мужчын рызыка накласці на сябе рукі ва ўласны дзень нараджэння была вышэйшая, чым звычайна.
Прычынай гэтаму можа быць званы «эфект парушанага абяцання»: чалавек з суіцыдальнымі намерамі можа адкладаць суіцыд, чакаючы нейкага важнага дня ў надзеі, што да яго сітуацыя палепшыцца; калі ж пасля гэтага «парогавага» дня нічога не змяняецца, ён можа адважыцца на суіцыд.
Алкаголь і рызыкоўныя паводзіны
Адным з важных фактараў з’яўляецца лад жыцця ў дзень нараджэння. Частка людзей адзначае свята з празмерным ужываннем алкаголю, шумнымі вечарынкамі, што павялічвае верагоднасць траўмаў, аварый і іншых няшчасных выпадкаў.
Даследаванні звязваюць значны рост выпадковых смерцяў у гэты дзень ад алкагольнага атручвання і ДТЗ. Напрыклад, у ЗША назіраецца рэзкі скачок смяротнасці ад аварый у 21-ты дзень нараджэння, калі моладзь упершыню можна легальна ўжываць алкаголь.
Празмернае ўжыванне алкаголю ў дзень народзінаў таксама можа пагоршыць стан тых, хто мае сардэчныя або іншыя хранічныя хваробы. Алкаголь таксама ўзмацняе дэпрэсіўныя настроі, таму яго звязваюць і з ростам суіцыдаў у гэты перыяд.
Памылкі ў статыстычных даных
Частка «эфекту дня нараджэння» можа тлумачыцца тэхнічнымі фактарамі ўліку смерцяў. Напрыклад, калі дата нараджэння і смерці запісваюцца ў дакументах, магчымыя памылкі: у сведчанні аб смерці могуць выпадкова пазначыць дату нараджэння ў графе даты смерці, што зробіць гэтыя даты аднолькавымі.
Акрамя таго, калі дакладная дата смерці невядомая, часам выкарыстоўваюць умоўныя даты, напрыклад, 1-е ці 15-е чыслы месяца.
Гэтыя хібы ў даных могуць штучна павялічваць колькасць супадзенняў дат нараджэння і дат смерці. Аднак даследаванні паказваюць, што хоць найбольш статыстычна анамальнымі з'яўляюцца дні нараджэння, але павелічэнне смерцяў назіраецца не толькі ў гэты дзень, але і ў дні непасрэдна перад ім і пасля яго. Гэта немагчыма вытлумачыць толькі памылкамі ў запісах.
А што ў нас?

Варта адзначыць, што не ўсе даследаванні знаходзяць аднолькавы эфект. Напрыклад, аналіз даных Даніі і Аўстрыі, дзе было прааналізавана больш за 2 мільёны выпадкаў смерці, не выявіў значнага росту смяротнасці ў дні нараджэння. Аналагічна, даследаванне смерцяў ад раку ў Германіі ў 1995—2009 гады не паказала эфекту дня нараджэння, затое выявіла рост смяротнасці на Каляды.
Гэта азначае, што «эфект дня нараджэння» можа залежаць ад культурных або іншых умоў.
Паказальна, што істотна адрозніваюцца ў горшы бок паказчыкі ў суседняй Украіне за 1990-я гады. Гэтае перавышэнне можа быць звязана са спецыфічнымі сацыяльна-культурнымі фактарамі, напрыклад, стрэсам пасля распаду СССР.
Але, натуральна, што прычынай большасці смерцяў у нашым рэгіёне, асабліва ў дзень народзінаў, з'яўляецца тое, што насельніцтва моцна злоўжывае алкаголем. У купе з няўважлівым стаўленнем людзей да свайго здароўя і хранічнымі захворваннямі, гэта дае ў выніку анамальную статыстыку па смяротнасці.
Каментары